1. Фарміраванне прававых традыцый на беларускіх землях.

Беларусь ‒ краіна з даўняй прававой гісторыяй. У кожнай суверэннай дзяржаве існуе патрэба мець свой уласны, аб’ектыўны погляд на гістарычны шлях развіцця дзяржаўнасці ў кантэксце ўсёй гісторыі цывілізацыі. Найбольш актуальным гэта стала ў канцы ХХ ст., калі суверэнная і незалежная Рэспубліка Беларусь у сваёй Канстытуцыі замацавала галоўную мэту пабудову дэмакратычнай, прававой і сацыяльнай дзяржавы, вышэйшымі каштоўнасцямі якой з’яўляюцца чалавек, яго жыццё, правы і свабоды.

Што ж такое «канстытуцыя»? Слова «канстытуцыя» паходзіць ад лацінскага constitutio ‒ усталяванне, будова.

У чыста фармальным значэнні канстытуцыю можна вызначыць, як акт (сукупнасць актаў), які валодае вышэйшай юрыдычнай сілай. Па гэтай прычыне ёй нярэдка спадарожнічае іншая назва ‒ Асноўны закон.

Найбольш агульным вызначэннем канстытуцыі, на наш погляд, можа выступіць вызначэнне, прапанаванае прафесарам Р.А. Васілевічам: Канстытуцыя ‒ гэта асноўны закон дзяржавы, які замацоўвае арганізацыю дзяржаўнай улады і вызначае яе ўзаемаадносіны з грамадствам і грамадзянамі (індывідамі).

Закон – гэта нарматыўны прававы акт, прыняты прадстаўнічым заканадаўчым органам у спецыяльным парадку, які рэгулюе найбольш важныя грамадскія адносіны і валодае вышэйшай юрыдычнай сілай.

Усе сучасныя канстытуцыі па меншай меры замацоўваюць два важныя аспекты: 
1) абвяшчэнне і гарантаванне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна;
2) арганізацыю дзяржаўнай улады, а часта і вызначаюць асновы канстытуцыйнага ладу, форму дзяржаўнага кіравання і дзяржаўны лад.

Сучаснае агульнапрынятае разуменне сутнасці канстытуцыі заключаецца ў тым, што Канстытуцыя ‒ гэта абмежавальнік улады дзяржавы, г. зн. ёю ўсталёўваюцца межы ўмяшання дзяржавы ў вобласць правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. У сучасны перыяд таксама прынята лічыць, што канстытуцыя мае сацыяльна-палітычную сутнасць.

Зараджэнне і развіццё прававых традыцый на беларускіх землях праходзіла пад уплывам шматлікіх унутраных і знешніх прычын (эканамічных, сацыяльных, палітычных і інш.), а вытокі гэтага працэсу знаходзяцца ў глыбіні стагоддзяў.

У І тыс. н. э. ва ўсходніх славян фарміравалася ўстойлівая сістэма агульнапрынятых звычаяў, якая вызначала правілы паводзін людзей. Паступова частка звычаяў пачала набываць рысы абавязковаці, нярэдка суправаджалася прымусам, які быў санкцыянаваны родаплямённымі органамі і абшчынамі, і набыла якасць звычаёвага права. Яно выяўлялася, напрыклад, у кроўнай помсце за забойства родзічаў, у спосабах заключэння шлюбу і парадку атрымання спадчыны, у выгнанні з абшчыны за парушэнне міру і г. д.

Узнікненне старажытных дзяржаў на беларускіх землях суправаджалася фарміраваннем феадальнага права. Першай крыніцай права, яго асновай былі старажытныя звычаі. З таго моманту, калі звычай санкцыянаваўся дзяржавай, ён станавіўся нормай звычаёвага права. Гэтыя нормы маглі існаваць як у вуснай, так і ў пісьмовай форме.

Звычаёвае права – гэта сістэма прававых норм, якія ўзніклі непасрэдна з грамадскіх адносін, што абапіраліся на агунапрымальнасць і даўнасць ужывання і былі санкцыянаваны дзяржавай.

Частка норм звычаёвага права паступова замацоўвалася ў дзяржаўным пісьмовым заканаўстве, частка відазмянялася, або заканаўча забаранялася. З далейшым развіццём і ўмацаваннем феадальных адносін ствараліся ільготы для пануючага класа. Таму ад дзяржавы патрабавалася выданне спецыяльных законаў, дапаўненняў і тлумачэнняў да норм звычаёвага права. Так ствараліся нормы пісанага права, якія спачатку не адмянялі норм звычаёвага права, а толькі дапаўнялі іх, надавалі агульнадзяржаўны характар.

Пра гэта сведчаць гістарычныя звесткі і крыніцы права, якія дайшлі да нашага часу. Найбольш старажытныя з іх адносяцца да перыяду ўваходжання беларускіх зямель у склад Кіеўскай Русі.

Кіеўская Русь да яе хрышчэння князем Уладзімірам была язычніцкай краінай. Законы, па якіх жыла дзяржава, браліся са звычаяў грамадства. Такія звычаі нікім не запісваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Пасля хрышчэння Русі стварыліся перадумовы для пісьмовага запісу законаў дзяржавы. Доўгі час такіх законаў ніхто не ствараў, паколькі князям даводзілася пастаянна ваяваць са знешнімі і ўнутранымі ворагамі.

Пры кіраванні князя Яраслава ў краіне наступіў доўгачаканы мір і з’явіўся першы пісьмовы звод законаў, які насіў назву «Праўда Яраслава». Пасля смерці Яраслава яго сыны Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад дапоўнілі гэты дакумент новымі артыкуламі, тым самым стварыўшы «Праўду Яраславічаў». З цягам часу гэты зборнік прававых норм Кіеўскай Русі, створаны Яраславам Мудрым і яго нашчадкамі, атрымаў назву «Руская Праўда». Ён рэгуляваў адносіны ўнутры дзяржавы даволі доўга, аж да перыяду раздробненасці Кіеўскай дзяржавы, а потым быў пакладзены ў падмурак заканадаўчай традыціі дзяржаў рэгіёна. У гэтым заканадаўчым зборніку былі гранічна выразна структураваны тыя законы і звычаі, якія дзейнічалі ў той момант у Кіеўскай Русі. Наогул «Руская Праўда» складалася з 43 артыкулаў, у якіх змяшчаліся нормы крымінальнага, спадчыннага, гандлёвага і працэсуальнага права.

Першы артыкул нёс ў сабе меры па барацьбе з забойствамі, якія былі сапраўднай бядой таго часу. У новым законе было сказана, што любая смерць караецца кроўнай варожасцю. Сваякі забітага мелі права самастойна знішчыць забойцу. Калі ж адпомсціць забойцу не было каму, то з яго спаганяўся штраф на карысць дзяржавы, які называўся вірай. «Руская Праўда» змяшчала поўны спіс вір, якія забойца павінен быў перадаць у скарб дзяржавы, у залежнасці ад роду і саслоўя забітага. Так, за смерць баярына неабходна было заплаціць цівуну (падвойную віру), якая была роўная 80 грыўням. За забойства воіна, земляроба, гандляра або прыдворнага патрабавалі віру 40 грыўняў. Жыццё рабоў (халопаў), якія не мелі ніякіх грамадзянскіх правоў, ацэньвалася куды танней ‒ у 6 грыўняў. Варта адзначыць, што ў тыя часы грошы для людзей былі вялікай рэдкасцю, і апісаныя віры былі ў стане заплаціць адзінкі. Таму нават такой простай меры аказалася дастаткова для таго, каб спыніць хвалю забойстваў у краіне.

Законы, які давала людзям «Руская Праўда», былі суровымі, але толькі так можна было навесці ў краіне парадак. Што датычыць выпадкаў забойстваў, учыненых у працэсе сваркі або ў стане ап’янення, калі забойца хаваўся, то з усіх жыхароў вёскі спаганялася віра. У выпадку затрымання забойцы палову віры плацілі жыхары вёскі, а другую палову ‒ сам забойца. Гэтая мера была вельмі неабходная для таго, каб людзі не дапускалі забойстваў у ходзе сваркі, каб кожны, хто праходзіць міма, адчуваў на сабе адказнасць за дзеянні іншых.

«Руская Праўда» вызначала і магчымасць змены статуса чалавека, г. зн. як халоп мог стаць свабодным. Для гэтага яму патрабавалася выплаціць свайму гаспадару суму, роўную неатрыманаму апошнім прыбытку, гэта значыць таго даходу, які пан мог атрымаць ад працы свайго халопа.

У цэлым першы пісьмовы звод законаў рэгуляваў практычна ўсе сферы жыцця таго часу. Так, у ім падрабязна апісвалася: адказнасць рабоў за захаванне маёмасці сваіх гаспадароў; даўгавыя абавязацельствы; парадак і чарговасць атрымання ў спадчыну маёмасці і інш. Суддзёй практычна ва ўсіх справах быў сам князь, а месцам суда была княжацкая плошча. Даказаць невінаватасць было дастаткова цяжка, паколькі для гэтага ўжываўся спецыяльны абрад, падчас якога абвінавачаны браў у руку распалены кавалак жалеза. Пасля руку яму забінтоўвалі і праз тры дні прылюдна здымалі бінты. Калі апёкаў не было ‒ невінаватасць была даказаная.

«Руская Праўда» ‒ гэта першы пісьмовы звод законаў, які ўпарадкаваў жыццё Кіеўскай Русі. Тэрмін «праўда», які часта сустракаецца ў старажытнарускіх крыніцах, азначаў прававыя нормы, на падставе якіх вяршыўся суд (адсюль выразы «судзіць права» або «судзіць у праўду», гэта значыць аб’ектыўна, справядліва).


Тэкст «Рускай Праўды» (розных рэдакцый) лёг у аснову многіх юрыдычных крыніц: дагавораў Ноўгарада і Смаленска з Рыгаю і Гоцкім берагам (немцамі) XIII ст., Наўгародскай і Судных Грамат, Судзебніка Казіміра 1468 г., Судзебніка 1497 г., Статутаў ВКЛ XVI ст.

«Руская Праўда» аналагічная больш раннім еўрапейскім прававым зборнікам, у т. л. так званым германскім (варварскім) праўдам, напрыклад «Салічнай праўдзе» ‒ зборніку заканадаўчых актаў Франкскай дзяржавы, найстаражытны тэкст якой адносіцца да пачатку VI ст. Таксама вядомыя Рыпуарская і Бургундская праўды, складзеныя ў V‒VI стст., і інш. Да варварскіх праўд адносяцца і англасаксонскія судзебнікі, а таксама ірландскі, алеманскі, баварскі і некаторыя іншыя юрыдычныя зборнікі. Найменне гэтых зборнікаў законаў «праўдамі» ‒ умоўнае і прынята ў рускамоўнай літаратуры (па аналогіі з «Рускай Праўдай»). У арыгінале, напрыклад, Салічная праўда вядомая як «Lex Salica» (лац. «Салічны закон»).

Пытанне аб часе паходжання старажытнай часткі «Рускай Праўды» спрэчны. Большасць сучасных даследчыкаў звязваюць так званую «Найстаражытную Праўду» (першая частка Кароткай рэдакцыі) з імем Яраслава Мудрага («Праўда Яраслава»). Нормы «Рускай Праўды» былі паступова кадыфікаваныя кіеўскімі князямі на аснове вуснага ўсходнеславянскага звычаёвага права з уключэннем элементаў візантыйскага права і меўшых хаджэнне ў асяроддзі русінаў элементаў скандынаўскага права. «Руская Праўда» «…з’явілася канчатковым кадыфікаваным вынікам эвалюцыі старажытнарускага права», якое прайшло некалькі этапаў у сваім развіцці.

Разам з тым Старажытнаруская дзяржава ўключала землі, дзе дзейнічала сваё мясцовае звычаёвае права. У раннім Сярэднявеччы звычаёвым правам рэгуляваліся ўсе сферы грамадскага жыцця: структура і кампетэнцыя дзяржаўных устаноў; правы і абавязкі розных класаў, саслоўяў і сацыяльных груп насельніцтва; грамадскія, сямейна-шлюбныя, зямельныя, судова- працэсуальныя, крымінальныя і іншыя праваадносіны.

Першыя запісы звычаёвага права на беларускіх землях былі зроблены ў граматах і дагаворах Полацка, Віцебска і Смаленска з Рыгай і Гоцкім берагам (в. Готланд) (1229, 1263, 1338 гг.). На беларускіх землях звычаёвае права было пануючым да XV cт.

У старажытных княствах-дзяржавах на беларускіх землях (Полацкім, Віцебскім, Турава-Пінскім і інш.), якія былі часткамі Кіеўскай Русі, актыўна дзейнічала веча ‒ орган народаўладдзя, які вырашаў усе найважнейшыя дзяржаўныя пытанні, уключаючы выданне законаў. Вядома, што адна з найбуйнейшых раннефеадальных еўрапейскіх дзяржаў, якая функцыянавала на беларускай тэрыторыі, ‒ Полацкае княства – імкнулася да суверэнітэту, актыўна ўзаемадзейнічаючы з іншымі дзяржавамі. Варта звярнуць увагу на такі найважнейшы прававы фактар, як абранне або дагавор полацкага князя з насельніцтвам, што з’яўлялася афіцыйнай асновай яго ўлады. У помніках права, у тым ліку міжнародных дагаворах ХІІ‒ХІІІ стст., утрымліваліся важныя прававыя нормы: аб абранні палачанамі князя («который нелюб им ино ему чист, иного избрати с полочан по испросу»), аб свабодзе тэрытарыяльнага перамяшчэння жыхароў дзяржавы («Теж полочаном всим жити в Полоцку добровольно, покуль хто хочет»), аб імкненні захаваць дзяржаўны суверэнітэт і мірна ўзаемадзейнічаць з іншымі дзяржавамі («иж бы мир тверд был», «иж бы мир не раздрушен был») і інш.

Правы і свабоды жыхароў княстваў, існаваўшых на беларускіх землях, захоўваліся і пасля ўваходжання іх у склад ВКЛ. Напрыклад, у грамаце, выдадзенай вялікім князем літоўскім Аляксандрам у 1503 г. Віцебскай зямлі гаварылася: «Витбляном жити у Витебску доброволно покуль хто всхочеть, а будет ему нелюбо: нам его силою не держати, ино ему путь чист, куды хочет, безо всякое зачепки». Жыхары гэтых зямель захоўвалі права на асаблівае кіраванне і ўласныя суды. Так, у грамаце Полацкай зямлі 1511 г. ад імя вялікага князя гаварылася: «А казнить полочаном по своему праву, а в то ся нам не вступатися». Гэтыя законы лакальнага характару ўтрымлівалі вельмі прагрэсіўныя для свайго часу палажэнні і прынцыпы: аб маёмасных і палітычных правах іх жыхароў (у тым ліку права на абранне ваяводы), аб адказнасці чалавека за правапарушэнні толькі ў адпаведнасці з законам і ў судовым парадку і інш. Пры гэтым рэгламентаваўся прынцып індывідуальнай адказнасці чалавека за здзейсненае правапарушэнне: «Проступит ли отец, ино отца казнити; проступит ли сын, ино сына казнити, а отца за сынънюю віну не казънити а сына за отцову вину не казънити, только того самого казънити, хто виноват будеть», ‒ гаварылася ў адзначанай Полацкай грамаце.

У законы ВКЛ ХIV‒ХVI стст., палітыка-эканамічным цэнтрам якога сталі славянскія землі, паступова ўключалася ўсё большая колькасць прававых палажэнняў і норм. Так, у агульназемскім прывілеі вялікага князя Казіміра 1447 г., які быў адрасаваны не толькі прывілеяванаму саслоўю шляты, але і гараджанам, замацоўваўся суверэнітэт ВКЛ, гаварылася аб правах жыхароў дзяржавы, у тым ліку праве свабоднага выезду за мяжу, утрымлівалася забарона для іншаземцаў набываць землі і пасады ў дзяржаве і інш. Рэгламентаваўся таксама публічны, у адпаведнасці з законам, разгляд судовых спраў («олижь очи-в-вочи, оба посполь явно станут на суде, водлуг права христианского»).

Наступным крокам у развіцці прававых норм у ВКЛ стаў агульназемскі прывілей вялікага князя Аляксандра 1492 г., які юрыдычна аформіў абмежаванне ўлады манарха. Замацоўвалася, што ўсе дзяржаўныя пытанні (у тым ліку прыняцце законаў, прызначэнне і зрушэнне службовых асоб і інш.), а таксама важныя судовыя справы вялікі князь павінен быў вырашаць сумесна з саветам (панамі Рады), прычым, прынятыя рашэнні ён не меў права пераглядаць. Гэты ж закон замацаваў справядлівыя прынцыпы міжнароднай палітыкі: падтрыманне мірных, добрасуседскіх адносін з іншымі дзяржавамі, непарушнасць заключаных раней дагавораў і палітычных саюзаў. У гэтым прывілеі пералічваліся нават дзяржавы, з якімі больш за ўсё ўзаемадзейнічала ВКЛ і куды традыцыйна пасылаліся пасольствы.

Першая спроба ўсталявання адзінства прававых норм на тэрыторыі ВКЛ, абмежавання самавольства суддзяў, узмацнення прававой аховы феадальнай маёмасці і ўвядзення жорсткіх мер пакарання злачынцаў была зроблена ў Судзебніку Казіміра 1468 г. Гэты збор законаў дазваляе прасачыць, як на аснове мясцовага звычаёвага права з улікам агульнаеўрапейскіх прававых традыцый і судова-адміністрацыйнай практыкі фарміраваліся агульнадзяржаўныя заканадаўчыя нормы. Аднак гэты зборнік не з’яўляўся яшчэ агульнадзяржаўным кодэксам. Ён толькі дапаўняў нормы агульназемскіх прывілеяў.

У больш поўным аб’ёме прававыя нормы ўтрымліваліся ў сістэматызаваных зводах законаў ВКЛ ХVI ст. ‒ Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588 гг. Ужо ў першым Статуце ВКЛ 1529 г., які складаўся з 13 раздзелаў і каля 300 артыкулаў, тры першыя раздзелы былі прысвечаны канстытуцыйным палажэнням (суверэнітэту дзяржавы, асновам палітычнага ладу, паўнамоцтвам дзяржаўных і судовых органаў улады і інш.). Адзін з найбольш важных артыкулаў замацоўваў прынцып адзінства права: «Вси подданые нашим, так вбогие, якое и богатые, которого роду колве або стану были бы, ровно а одностайным писаным правом мають сужоны быти». Асабліва важнае значэнне мелі нормы, якімі абмяжоўвалася ўлада манарха. Усе дзяржаўныя справы вялікі князь павінен быў вырашаць для агульнай карысці і са згоды паноў Рады, пры гэтым ён прама абавязваўся прытрымлівацца законаў, захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, не даваць пасад іншаземцам.

Статут ВКЛ 1566 г. яшчэ больш абмежаваў уладу манарха, бо канчаткова замацаваў заканадаўчую функцыю сойма. Без згоды сойма вялікі князь не меў права прымаць новыя законы, пачынаць вайну, уводзіць новыя падаткі і інш. Закон прама патрабаваў «всих людей заховати при свободах и вольностях».

Трэці Статут ВКЛ 1588 г., які утрымліваў 488 артыкулаў, адразу ж пасля прыняцця быў надрукаваны. У прадмове да яго знакаміты мысліцель і дзяржаўны дзеяч Леў Сапега з гонарам заяўляў: «не обчым яким языком, але своим власным правы списаные маем и кождого часу, чого нам потреба ку отпору всякое кривды, ведати можем». Пад агульнай (обчым) мовай мелася на ўвазе лацінская мова, якой карысталася ўся Еўропа.

Статут ВКЛ 1588 г. утрымліваў не толькі параўнальна вялікі прававы матэрыял, але і больш дасканалую юрыдычную тэрміналогію. Многія яго нормы сведчылі аб паспяховым развіцці канстытуцыяналізму. Так, нягледзячы на Люблінскую унію 1569 г., у выніку якой была ўтворана дзяржава Рэч Паспалітая, Статут ВКЛ 1588 г. заканадаўча замацаваў суверэнітэт ВКЛ. У ім былі замацаваны палажэнні і нормы, якія сведчалі аб тым, што заканадавец імкнуўся прытрымлівацца прынцыпаў справядлівасці, законнасці ў грамадскіх адносінах і абараняць не толькі інтарэсы прывілеяванага саслоўя шляхты, але і правы кожнага вольнага чалавека. Невыпадкова ў шэрагу яго артыкулаў утрымліваліся звароты да ўсіх людзей: вышэйшага і ніжэйшага стану, як да багатых, так і да бедных. Статут таксама заканадаўча замацаваў прынцыпы прэзумпцыі невінаватасці і вяршэнства закона. Менавіта пашырэнне ў гэты перыяд ўплыву такога сацыяльнага рэгулятара грамадскіх адносін як права, а таксама пашырэнне сферы прававога рэгулявання мела наступствам актывізацыю законатворчасці і рэфармаванне шэрагу напрамкаў у дзяржаўным і грамадскім жыцці. Напрыклад, на працягу ХVI ст. у ВКЛ праводзілася судовая рэформа, у выніку якой з’явіліся выбарныя судовыя органы, аддзеленыя ад адміністрацыі (аднак толькі для шляхты) і былі замацаваны на заканадаўчым узроўні больш прагрэсіўныя прынцыпы судаводства, у тым ліку галоснасць і спаборнасць судовага працэсу з удзелам адвакатаў. Адна з нормаў Статута ВКЛ 1588 г. патрабавала, каб удовам, сіротам і бедным людзям адвакаты прызначаліся бясплатна.

Вельмі важнымі былі палажэнні Статута, якімі ўсе службовыя асобы дзяржавы, уключаючы самога вялікага князя, абавязваліся дзейнічаць у адпаведнасці законам, абараняць інтарэсы дзяржавы і народа. Менавіта ў гэты перыяд была звернута ўзмоцненая ўвага мысліцеляў і заканадаўцаў на адзінства народа і незалежнасць дзяржавы. Статут дэклараваў, што правы даюцца асобам «так латынскага закону, яко и греческого», а адзін з яго артыкулаў абавязваў манарха «покой посполитый межы розорваными и розными людми в вере и набоженстве заховывать». Тым самым заканадаўча былі замацаваны прынцыпы свабоды хрысціянскага веравызнання і верацярпімасці. Ва ўсім папярэднім і наступным гістарычным развіцці верацярпімасць была характэрнай рысай беларускага народа.

Навукоўцы адзначаюць, што ўвесь Статут ВКЛ 1588 г. пранізвала ідэя прававой дзяржавы, аб чым сведчыць замацаванне многіх прагрэсіўных палажэнняў і прынцыпаў, у тым ліку прынцыпу падзелу ўладаў ‒ заканадаўчая ўлада належала сойму, выканаўчая ‒ вялікаму князю і Радзе паноў, судовая ‒ судам. Пра гэта казаў Л. Сапега ў прадмове да Статута. Так, ён падкрэсліваў, што ўсе грамадзяне дзяржавы, у т. л. і службовыя асобы, павінны падпарадкоўвацца закону. Гэта датычыла і самога вялікага князя: «сам господар пан наш жадное звирхности над нами заживати не может, одно только колько ему право допущаеть».

Адзначаючы станоўчыя рысы Статута ВКЛ 1588 г., не трэба забываць, што гэта быў звод законаў феадальнай дзяржавы, які перш за ўсё клапаціўся аб правах саслоўя шляхты. Ва ўмовах феадалізму прагрэсіўныя прававыя прынцыпы, якія ў большай ступені тычыліся шляхты, не маглі быць рэалізаваны ў поўнай меры. Аднак у цэлым Статуты ВКЛ, асабліва Статут 1588 г., з’яўляюцца другім крокам у развіцці еўрапейскага канстытуцыяналізму (пасля англійскай «Вялікай Хартыі Вольнасцей»). Яны сталі дзеючымі законамі нашмат раней, чым англійскі «Біль аб правах» 1679 г. Варта звярнуць увагу і на той факт, што ў большасці ваяводстваў ВКЛ пражывала славянскае насельніцтва, тое ж самае можна сказаць і пра шляхецкае саслоўе дзяржавы (якое часам складала больш за 10 % усяго насельніцтва), з якога паходзілі і самі заканадаўцы.

Статут ВКЛ 1588 г. быў досыць дасканалым зводам законаў, аднак у большай ступені арыентаваным на будучыню. Аб яго юрыдычнай значнасці сведчыць той факт, што ён дзейнічаў амаль да сярэдзіны ХІХ ст. і служыў пры гэтым узорам сістэматызацыі заканадаўства для іншых дзяржаў, у тым ліку выкарыстоўваўся пры падрыхтоўцы расійскага Саборнага Укладання 1649 г.

Палажэнні Статута ВКЛ 1588 г. знайшлі далейшае развіццё ў законах Рэчы Паспалітай. Гаворачы аб гэтым этапе развіцця права, перш за ўсё трэба звярнуць увагу на Канстытуцыю ад 3 мая 1791 г., якая абвясціла, што дзяржаўная ўлада бярэ пачатак з волі народа, які сам забяспечвае абарону дзяржаўнага суверэнітэту і народных свабод. Важнай была таксама норма аб тым, што дабрабыт народа залежыць ад рэальнага дзеяння Канстытуцыі.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай была прынятая ў складаных умовах. Прынцыпы «шляхецкай дэмакратыі», замацаваныя ў тым ліку ў Статуце ВКЛ 1588 г., прывялі да палітычнага крызісу, які выяўляўся ў супрацьстаянні буйных магнацкіх родаў. На мяжы XVII‒XVIII стст. справа дайшла да грамадзянскай вайны паміж Сапегамі і іншымі заможнымі магнатамі. Аслабленая міжусобнымі і знешнімі войнамі Рэч Паспалітая была на мяжы выжывання. Толькі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў 1772 г., найбольш прагрэсіўныя колы шляхты зразумелі неабходнасць рэфармавання палітычнай сістэмы. У 1788 г. ў Варшаве пачалося пасяджэнне Чатырохгадовага Сейма ‒ самае доўгае пасяджэнне ў гісторыі. Падчас яго працы 3 мая 1791 г. была распрацаваная і падпісаная Канстытуцыя Рэчы Паспалітай.

Яна уводзіла прынцып падзелу ўладаў. Заканадаўчую ўладу прадстаўляў двухпалатны парламент ‒ Сейм, які складаўся з палаты паслоў і палаты сенатараў. Да палаты паслоў адносіліся прадстаўнікі, абраныя ад кожнага рэгіёна на месцах, а ў палату сенатараў уваходзілі асобы, якія займалі высокія пасады ў дзяржаве, як напрыклад, біскупы, ваяводы, кашталяны. Выканаўчая ўлада была ў руках караля Рэчы Паспалітай і яго Савета.

Судовая ўлада павінна была рэалізоўвацца асобна. Суды першай інстанцыі дзейнічалі ў кожным ваяводстве і іх важнай асаблівасцю была выбарнасць суддзяў. Суддзяў выбіралі на мясцовых сейміках. На ўзроўні правінцый дзейнічалі апеляцыйныя трыбуналы. Іх членаў таксама выбіралі на рэгіянальных сейміках. Вышэйшым судом быў Сеймавы суд, суддзі якога выбіраліся парламентам з ліку дэпутатаў. У кампетэнцыю гэтага суда ўваходзілі справы аб злачынствах супраць народа і караля (г. зн. дзяржаўныя злачынствы). На месцах дзейнічалі таксама магістральныя, рэферэндарскія, асэсарскія суды, якія разглядалі розныя справы гараджан і свабодных сялян.

Для захавання палітычнай стабільнасці Канстытуцыя адмяняла права «liberum veto», пры якім рашэнні на Сейме прымаліся толькі пры згодзе ўсіх дэпутатаў, і ўсяго адзін голас «супраць» зрываў працу ўсяго сходу. Цяпер пастанова прымалася пры згодзе большасці. Таксама ўводзіўся прынцып спадчыннай манархіі ў процівагу выбарнай, якая існавала да гэтага.

У плане свабод Канстытуцыя 3 мая 1791 г. называла рымска-каталіцкае веравызнанне вяршэнствуючым, але гарантавала свабоду іншых рэлігій і канфесій.

У выніку ўвядзення Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Рэч Паспалітая магла стаць канстытуцыйнай манархіяй. Аднак, час быў страчаны, і гэты дакумент так і не набыў юрыдычнай моцы. У выніку трох падзелаў Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне, а беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

У развіцці заканадаўства, якое дзейнічала на тэрыторыі Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў складзе Расійскай імперыі, умоўна можна вызначыць наступныя перыяды:

1. Канец XVIII – 30-я гг. ХІХ ст. – характарызаваўся дзейнасцю на тэрыторыі Беларусі не толькі норм права Расійскай імперыі, але і Статута ВКЛ 1588 г. Вялася праца над Зводам мясцовых законаў Заходніх губерняў, у якім спалучаліся рысы мясцовага і агульнарасіскага права. Праект Зводу не быў уведзены ў дзеянне;
2. 40-я гг. ХІХ – пачатак ХХ ст. – адмена мясцовых заканадаўчых норм. Як і ў першы перыяд, права выдання новых законаў належала толькі імператару. Любое яго волевыяўленне магло набыць сілу закона. Таму складана адрозніць заканадаўчы акт ад адміністрацыйнага распараджэння. Законам лічыцца толькі тое волевыяўленне манарха, якое змешчана ў «Полном собрании законов Российской империи»;
3. 1905‒1917 гг. права створанай Дзяржаўнай думы на заканатворчасць кампенсавалася тым, што за імператарам захоўвалася больш поўнае і больш значнае па змесце права заканадаўчай ініцыятывы. З 1906 г. права канчатковага зацвярджэння заканадаўчых дакументаў захавалася за імератарам, але патрабавалася папярэдняе ўхваленне законаў Дзяржаўнай думай і Дзяржаўным саветам. З сакавіка 1917 г. законы выдаваліся Часовым урадам за подпісам міністра-старшыні.
Такім чынам, на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь яшчэ да прыняцця першай Канстытуцыі ССРБ ў 1919 г. існаваў шэраг прававых дакументаў, якія мелі характэрныя рысы канстытуцый. Геапалітычнае становішча Беларусі аказала значны ўплыў на фарміраванне такіх рыс этнічнага характару беларусаў як цярпімасць да прадстаўнікоў іншых народаў і рэлігійная памяркоўнасць, гасціннасць і інш. У ВКЛ, у склад якога ўваходзілі беларускія землі ў другой палове ХІІІ‒XVIІІ стст., маглі знайсці прытулак прадстаўнікі гнаных у іншых краінах радыкальных канфесійных плыняў. Усё гэта не магло не паўплываць на змест прававых дакументаў, якія ўзніклі ў ВКЛ і былі распаўсюджаны на сучасных беларускіх землях. Статуты ВКЛ XVI ст. рэзка адрозніваліся ад нарматыўных актаў XIV‒XV стст. шырынёй ахопу ўрэгуляваных правам грамадскіх адносін. Для Статутаў характэрнай была ярка выяўленая гуманістычная накіраванасць. Прагрэсіўныя палажэнні і прынцыпы, замацаваныя ў іх, даюць падставы сцвярджаць, што ў Статутах ВКЛ праводзілася ідэя ўстанаўлення прававой дзяржавы. Дзяржаўнае права было прасякнута ідэяй вяршэнства закона. Так, Статут ВКЛ 1588 г. абвяшчаў прынцып адзінства права для ўсяго насельніцтва; прызнаваў неабходнасць стварэння справядлівага суда з выкарыстаннем суда прысяжных, галоснасці судовага працэсу, спаборнасці бакоў, падзелу ўладаў. Статуты ВКЛ з’яўляліся надзвычай прагрэсіўнымі прававымі дакументамі свайго часу.


Вы выканалі занятак на 0%
0%