1. Пасады княжацкай адміністрацыі ў Старажытнай Русі

У Х–ХІІІ стст. дзяржаваўтваральныя працэсы былі заканамернай з’явай у развіцці Усходняй Еўропы. У гэты час на беларускіх землях фарміраваліся першыя гістарычныя формы дзяржаўнасці: Полацкае і Тураўскае княствы, цесна звязаныя з Кіеўскай Руссю.

Кіеўская Русь складалася з розных тэрытарыяльных адзінак. Яны называліся воласць, зямля, вобласць. Некаторыя з іх былі княствамі-дзяржавамі: Полацкае, Наўгародскае, Тураўскае і інш. Кіеўскай Руссю кіраваў вялікі князь кіеўскі пры дапамозе ваеннай дружыны. Пэўную ролю ў вырашэнні важных пытанняў адыгрываў княжацкі савет з баяр і старэйшых дружыннікаў – баярская дума. У некаторых гарадах існавала веча – народны сход. Да адміністрацыі належалі пасаднікі, тысяцкія, агнішчане, цівуны, мечнікі, вірнікі, ратайныя старасты.

Кульмінацыйным пунктам развіцця Кіеўскай Русі было княжанне Уладзіміра Святаславіча. Ён часткова падпарадкаваў сваёй уладзе Полацк, раздаў землі-княствы сваім шматлікім сынам. Адносіны яго дзяцей да бацькі нагадвалі васалітэт. Сыны вялікага князя глядзелі на свае ўладанні як на вотчыны. Першым пачаў імкнуцца да поўнай самастойнасці тураўскі князь Святаполк Уладзіміравіч, потым Яраслаў Мудры, які княжыў у Ноўгарадзе. Калі ён пераехаў у Кіеў, то падзяліў тэрыторыю Кіеўскай Русі з братам – тмутараканскім князем Мсціславам. Пасля смерці Мсціслава ў 1036 г. уладу ў Кіеўскай Русі захоўвалі толькі княжацкія галіны – Яраслаў Мудры ў Кіеве і яго пляменнік Брачыслаў Ізяслававіч у Полацку. У той час, калі ўсе іншыя землі на тэрыторыі Старажытнарускай дзяржавы пераходзілі паводле старшынства да нашчадкаў Яраслава, Полацк устойліва знаходзіўся ў руках мясцовага княжацкага роду. Полацкія князі намагаліся пашырыць свае ўладанні ў першую чаргу за кошт тэрыторый, здаўна заселеных крывічамі. Асабліва вызначаўся ў гэтым Усяслаў Брачыслававіч (1044–1101). Перыядычная спробы кіеўскіх князёў прымусіць Полацк і Менск падпарадкавацца ўладзе Кіева прыводзілі да ваенных сутычак. Працэс распаду Кіеўскай Русі пасля смерці Яраслава Мудрага ўзмацніўся. Кожнае ўладанне яго сыноў стала падзяляцца на ўдзелы. Княствы-землі падзяліліся паміж прадстаўнікамі адной дынастыі. Любецкі з’езд 1097 г. падцвердзіў прынцып валодання валасцямі («отчинами») паводле формулы «няхай кожны (князь) трымае зямлю свайго бацькі». Для новага этапа гісторыі Кіеўскай Русі характэрны вельмі заблытаныя адносіны паміж прадстаўнікамі дынастыі Рурыкавічаў, якія варагавалі паміж сабой і змагаліся за кіеўскі трон, што фармальна лічыўся вялікакняжацкім.

Насельніцтва Полацкага княства ў ІХ–ХІІ стст. у сацыяльным сэнсе было неаднародным. У «Жыцці» Еўфрасінні Полацкай ўзгаданы «князи и силнии мужи, черноризци, и простие люди». Ніжэйшы сацыяльны пласт – «простие люди» – быў прадстаўлены сялянамі-абшчыннікамі. У канцы ХІ–ХІІ ст. гэты тэрмін ужываўся для залежных сялян. Існуюць звесткі аб «боярском тиуне», «боярском рядовиче», «боярских холопах». Баярства – гэта выхадцы з племянной знаці. Найбольш шматлікую групу сельскага насельніцтва прадстаўлялі княжацкія даннікі – «смерды». Узгадваюцца часткова свабодныя «закупы», звязаныя «рядом»-дагаворам «рядовичи», пакінуўшыя абшчыну «ізгоі». Ніжэйшым звяном грамадскай лесвіцы былі рабы («чэлядзь»). Значную частку чэлядзі складалі палонныя, якія за выкуп маглі перайсці ў склад залежных (вотчынных сялян). Катэгорыя «челядин» суадносіцца катэгорыі «холоп». Несвабодныя людзі выконвалі ў княжацкай адміністрацыі абавязкі сельскага старасты і ратайнага, сельскага цівуна. Цівуны, ці ключнікі без афармлення «ряда» (дагавора) былі халопамі.

Жыхары гарадоў Полацкай зямлі называліся «горожанами». Свабодныя і залежныя жыхары гарадоў і сельскай акругі складалі апалчэнне і гарадавыя дружыны. Апалчэнне ў канцы ІХ – пачатку ХІ ст. назвалася «вои». Гэты тэрмін характарызаваў як наёмнікаў, так і агульнае войска. Разам з княжацкай дружынай, якая ўключала воінаў-прафесіяналаў, таксама ўзгадваюцца воіны, якія ў звычайным жыцці займаліся рамяством, гандлем, зямляробствам. Яны складалі «городовые дружины». У адрозненне ад апалчэння гэта была група конных воінаў.

Звяртаючыся да сітуацыі на беларускіх землях, трэба адзначыць, што выканаўчая ўлада ў Полацкім княстве, якая была часткай Кіеўскай русі, належала князю. З моманту ўсталявання тут княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў пачалося ўрэгуляванне ўзаемаадносін «князь-мужи-люди». Напачатку гэта сістэма мела характар, больш адпавядаючаму родаплемянному ладу. «Ряд» («дагавор», які заключаўся мясцовымі «мужамі» і «людьми» з князем Ізяславам Уладзіміравічам прадугледжваў выкананне ім сваіх абавязкаў на карысць Полацкага княства. Гэта ўмова захоўвалася і надалей у адносінах усіх нашчадкаў Ізяслава, якія кіравалі Полацкай зямлёй.

На працягу ХІ ст. княжацкі прастол у Полацку, а значыць і дзяржаўная ўлада ў Полацкім княстве пераходзілі ў адпаведнасці з радавым правам атрымання ў спадчыну да старэйшых сыноў князя-правіцеля (Ізяслаў – Брачыслаў – Усяслаў). У Полацкім княстве князі займаліся вайсковай справай, хадзілі ў паходы са сваёй дружынай у іншыя землі. Акрамя таго, князь быў заняты адміністрацыйнай справай, разам з цівунамі вяршыў суд, ахоўваў гандлёвыя шляхі і караваны ў сваім княстве. Адначасова з князем у кіраванні Полацкай зямлёй быў задзейнічаны заканадаўчы орган – савет, які складаўся з «мужей» (найбольш уплывовых дружыннікаў і выхадцаў з племянной знаці), меркаванні якога князь павінен быў улічваць. Пра гэта сведчыць адказ полацкага князя Брачыслава скандынаўскім наёмнікам, што «прежде чем решить вопрос о найме дружины он должен посоветоваться со своими мужами: ибо именно эти мужи дают деньги князю, а он их тратит в соответствии с нуждами государства». «Мужи» выконвалі фінансава-адміністрацыйныя функцыі, кіравалі войскам. Асаблівасцю сацыяльнага ладу ў Полацку ў старажытнарускі перыяд з’яўлялася тое, што баярства не ўяўляла сабой карпаратыўнай групоўкі, як гэта было ў некаторых іншых землях (Ноўгарадзе). У той жа час баярства карысталася значным уплывам на «простых людзей» і адыгравала галоўную ролю ў абшчынных сходах. «Велиции мужи» з’яўляліся праваднікамі звычайнага радавога права. Прадстаўнікі вярхушкі дружыны і мясцовае баярства сфарміраваліся ў інстытут княжацкага двара, які і склаў аснову саслоў’я свецкіх феадалаў.

У ХІІ–ХІІІ стст. дружына ўяўляла сабой складаную шматпрыступкавую арганізацыю, дзейнасць якой размяркоўвалася па розных галінах палітычнага і гаспадарчага жыцця. Па-сутнасці, гэта была аснова будучага ваенна-служылага саслоў’я. Старэйшая дружына складалася з «мужей» і «бояр», якія займалі вышэйшыя ваенна-адміністрацыйныя пасады ў дзяржаве. Малодшая дружына ахаплівала ніжэйшых па службоваму рангу воінаў. Яны былі ніжэй за баяр. Гэта «детские», «дети бояр», якія маглі выконваць судова-адміністрацыйныя абавязкі, былі ахоўнікамі князя («гридни»). Службу па дому выконвалі «отроки» – радавыя дружыннікі. Дружына мела развітую сацыяльную і службовую іерархію, яе функцыі значна пашырыліся і яна перастала быць толькі ваеннай арганізацыяй. У гэты час быў аформлены інстытут васалітэту. Кожны князь-вотчыннік з’яўляўся вярхоўным распарадчым у сваім удзеле, меў свой суд і войска. Яму падпарадкоўваліся мясцовыя баяры і дружыннікі, якія атрымалі ад яго зямельныя надзелы «в кормление». Найбольш багатыя з іх мелі свае дружыны і служылі князю.

У сістэме кіравання княствам ўдзельнічаў яшчэ адзін палітычны інстытут – гарадское веча – сход гаражан для вырашэння асоба важных пытанняў палітычнага і ваеннага характару. Веча запрашала князя на княжанне, абмяжоўвала яго ўладу, але не знішчала яе. Наяўнасць князя ў Полацку было абавязковай і традыцыйнай умовай дзяржаўнага ўладкавання. Інстытут княжацкай улады захоўваўся ў Полацку да канца ХІV ст. Нават у перыяды найбольш высокай актыўнасці веча князь узначальваў ваенныя сілы, меў падпарадкаваную яму дружыну, здзяйсняў і ўнутранае кіраванне. Ён раздаваў воласці, вёў перамовы аб ваенных і гандлёвых справах з замежнымі пасламі, ад яго імя заключаліся і замацоўваліся пячаткай дагаворы.

У ходзе сацыяльнага развіцця Полацкай зямлі адбывалася дыферэнцыяцыя гарадской абшчыны. З яе вылучыўся верхні пласт – «баярства», якое доўгі час не страчвала сувязь з абшчынай. Таму і запавольваўся працэс зліцця «мясцовага баярства» з служылым «княжаскім баярствам» і пераўтварэнне баяр у самастойную сацыяльную адзінку. Князь таксама падтрымліваў сувязь з гарадской абшчынай, таму што не падтрымліваючы яе мог страціць уладу (так сцвярджаюць летапісы аб падзеях першай паловы і сярэдзіны ХІІ ст.).

У перыяд феадальнай раздробленнасці становішча ў Полацкай зямлі змянілася. 

Па-першае, таму што слабела сувязь паміж унукамі Усяслава, якія ва ўмовах развіцця феадальнага права канкурыравалі за полацкі трон. 

Па-другое, баярства мела значныя зямельныя надзелы і пачало карыстацца феадальным правам уласнасці і правам уплываць на выбары прадстаўніка выканаўчай улады. Актыўна ўдзельнічаючы ў замене аднаго кіруючага князя на другога, баярства перш-наперш мела свой асабісты інтарэс. 


Як адзначаюць даследчыкі «полацкае баярства як асобая сацыяльная група юрыдычна адасобілася ад іншых груп пасадскага насельніцтва толькі ў 8090-я гг. ХV ст. У гэты ж час назіралася перавага баяр над мяшчанамі ў палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці Полаччыны».

Полацкае княства з’яўлялася асноўным дзяржаўным утварэннем на тэрыторыі Беларусі ў раннефеадальны перыяд. У сваім развіцці яно прайшло тры этапы: першы (ІХ–ХІ стст.) быў звязаны з фарміраваннем тэрыторыі, усталяваннем дынастычнага кіравання, пачаткам самастойнай знешняй палітыкі;  другі (ХІІ ст.) – з росквітам і затым тэндэнцыяй да распаду Полацкага княстватрэці (канец ХІІ–ХІІІ стст.) з’явіўся пераходным, калі ваенна-палітычная нестабільнасць ва Усходняй Еўропе спрыяла ўваходжанню полацкіх зямель у склад новай дзяржавы – ВКЛ.



Вы прошли 0% лекции
0%