Заканадаўчая і судовая галіны ўлады
1. Развіццё сістэмы заканадаўчых органаў улады на беларускіх землях у IX – пачатку ХX стст.
Развіцце заканадаўчай і судовай улады на беларускіх землях звязаны з зараджэннем і афармленнем на іх дзяржаўнасці. У IX–XIII стст. тут існавалі дзяржавы-княствы, найбольш буйнымі і вядомымі з якіх з’яўляліся Полацкае і Тураўскае княствы. Яны ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі.
Сістэма органаў дзяржаўнай улады на беларускіх землях складалася з князя, рады і веча. Два апошнія мелі дачыненне да заканадаўчай і судовай улады. Звычайна ў скалад рады ўваходзілі пасаднік, тысяцкі, падвойскі, ключнік, прадстаўнікі княжацкай дружыны і інш. У яе кампетэнцыю ўваходзіла права разглядаць судовыя справы, якія датычыліся феадалаў і вышэйшых службовых асоб дзяржаўнага апарату. Ha радзе вызначалася кола пытанняў, якія трэба было абмеркаваць на вечы. Веча ўяўляла сабой агульны збор дарослых вольных мужчын – домаўласнікаў. Веча звычайна збіралася па прапанове князя. Пытанні, якія выносіліся на абмеркаванне веча, прымаліся пераважнай большасцю галасоў усіх прысутных. Да яго кампетэнцыі адносіліся наступныя справы: запрашэнне і выгнанне князя, пытанні вайны і міру, асноўныя кірункі знешняй палітыкі, абранне вышэйшых службовых асоб, устанаўленне павіннасцей і падаткаў, разгляд важных судовых спраў і інш.
Наступнай формай дзяржаўнасці на беларускіх землях стала ВКЛ. Яно з’яўлялася феадальнай манархіяй на чале з вялікім князем літоўскім. З цягам часу яго ўлада стала набываць абмежаваны характар. Значную ролю ў палітычным жыціі краіны пачалі адыгрываць гаспадарская Рада і Сойм.
Рада першапачаткова з’яўлялася дарадчым органам, а затым пачала абмяжоўваць уладу князя. Найбольш значныя рашэнні прымаліся князем з адабрэння Рады. У яе склад ўваходзілі прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства, вышэйшыя службовыя асобы дзяржаўнага апарату, удзельныя князі, ваяводы, старасты (ад 20 да 60 чалавек). Рада магла разглядаць любое пытанне ўнутранай і знешняй палітыкі. Да кампетенцыі гэтага органа адносіліся наступныя пытанні: абранне вялікага князя, міжнародныя справы, абмеркаванне законаў, разгляд судовых спраў і інш. Бягучыя справы разглядаў вялікі князь і два-тры прадстаўнікі Рады. Калі вырашаліся асабліва важныя дзяржаўныя пытанні Рада збіралася ў поўным складзе. З цягам часу сфарміравалася вышэйшая (тайная) Рада – группа найбольш уплывовых асоб. Яны вырашалі важныя палітычныя справы і пры адсутнасці вялікага князя ажыцяўлялі кіраўніцтва дзяржавай. Трэба адзначыць, што Рада з’яўлялася заканадаўчым, выканаўча-распарадчым, судовым органам. Яе прававое становішча было замацавана ў прывілеях 1492 г. і 1506 г.
На працягу XIV–XV стст. сфарміраваўся вялікі вальны сойм ВКЛ. Паступова пашырыліся яго функцыі і замест дарадчага ён стаў вышэйшым заканадаўчым органам дзяржавы. У склад сойма ўваходзілі вялікі князь (гаспадар), Рада, прадстаўнікі духавенства і шляхты (з 1512 г. – па два паслы ад кожнага павета, якія абіраліся на павятовых сойміках). Да кампетэнцыі Сойма адносіліся пытанні, звязаныя з заключэннем уній з Польшчай, абраннем вялікага князя, вайны і міру, зборам падаткаў, прыняццем законаў, разгляд судовых спраў і скарг. Усе пытанні вырашалі фактычна вялікі князь і Рада. Павятовыя паслы мелі дарадчы голас і інфармавалі шляхту на месцах аб рашэннях, якія былі прыняты падчас працы Сойма.
Да часоў існавання ВКЛ адносіўся працэс фарміравання пісаннага права, якое паступова змяняла старажытнае звычаёвае права. У развіцці заканадаўства ВКЛ даследчыкі вызначаюць два асноўныя этапы: прывілейны і статутавы. Для першага этапа характэрна існаванне агульназемскiх, абласных, гарадскiх i валасных грамат (прывiлеяў). Другі этап звязаны са стварэннем Статутаў ВКЛ 1529 г., 1566 г., 1588 г.
Агульназемскiя прывiлеi звычайна выдавалiся пры ўступленнi князя на прастол або былі звязаны з важнымі падзеямі, якія адбываліся ў жыццi дзяржавы. Яны дзейнiчалi на ўсёй тэрыторыi ВКЛ i былi абавязковымi для выканання ўсiмi жыхарамi дзяржавы. Першымi агульнадзяржаўнымi прывiлеямi лiчылiся прывiлеi, выдадзеныя 20°лютага, 22°лютага і 28°красавіка 1387 г. вялiкiм князем Ягайлам пасля заключэння Крэўскай унii 1385 г. Асаблiвае месца ў развiццi заканадаўства належала прывiлею 1447°г. У iм былi выкладзены правы шляхты, некаторыя прынцыпы крымiнальнага, цывiльнага (грамадзянскага) i дзяржаўнага права. Прывiлей 1447 г. гарантаваў феадалам і гараджанам асабістую недатыкальнасць, шляхта атрымала права выязджаць за мяжу і судзіць залежных сялян. Дакумент забараняў ураду ВКЛ раздаваць дзяржаўную маёмасць i пасады iншаземцам, замацоўваў тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Прывілей 1492 г. пацвярждаў правы і прывілеі шляхты, ўстанаўлiваў, што вялiкi князь не меў права адмяняць або змяняць законы, пастановы i судовыя рашэннi, прынятыя iм сумесна з Радай. Прывiлей 1492 г. заканадаўча афармляў асноўныя прынцыпы крымiнальнага, адмiнiстрацыйнага, грамадзянскага i шлюбна-сямейнага права. Выданнем прывiлея ад 7 снежня 1506 г. практычна завяршыўся першы этап развiцця дзяржаўнага права. Прывілеі 1529 г., 1547 г., 1551 г. пацвярджалi законнасць ранейшых прывiлеяў. Прывілеі 1563 г., 1564 г., 1565 г., 1568 г. увайшлі ў склад Статутаў ВКЛ.
Асобнай катэгорыяй з’яўляліся абласныя прывілеі. У іх былі замацаваны нормы мясцовага звычаёвага права, права на мясцовы суд i органы кiравання i інш. Першыя абласныя прывілеі былі выдадзены Полацку і Віцебску ў 1392–1399 гг. Затым абласныя прывілеі ў розныя часы атрымалі: Віцебская зямля (1503 г., 1509 г., 1561 г.), Полацкая (1511 г., 1547 г., 1580 г.), Смаленская (1505 г.), Драгічынская (1511 г., 1547 г.) і інш.
Валасныя прывiлеi выдавалiся па хадайнiцтве жыхароў той цi iншай воласцi з мэтай абароны iх iнтарэсаў ад самавольства адмiнiстрацыi. Прыкладам валасных прывiлеяў можа быць прывiлей каралевы Боны жыхарам Усвяцкай i Азярышчанскай валасцей ад 4 верасня 1535 г.
Неабходна адзначыць існаванне прывілеяў на магдэбургскае права. Першымi іх атрымалi жыхары Вiльнi (1387 г.), Бярэсця (1390 г.), Гароднi (1391 г.), Слуцка (1441 г.), Полацка (1498 г.), Мінска (1499 г.). Такі прывілей даваўся гарадам вярхоўнай ўладай ВКЛ або ўладальнiкам горада. У дакументах быў зафіксаваны парадак утварэння i кампетэнцыя гарадскiх органаў кiравання (войта, бурмістраў, радцаў, лаўнікаў), правы і абавязкі мяшчан.
Пашырэнне i колькаснае павелiчэнне заканадаўчых актаў паставіла пытанне аб неабходнасці яго сiстэматызацыi i кадыфiкацыi. Першай спробай унармавання права ў агульнадзяржаўным маштабе з’явiўся Судзебнiк Казiмiра 1468 г. Дакумент налічваў 25 артыкулаў і ўтрымліваў нормы крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага і адміністрацыйнага права, устанаўліваў паняцце злачынства, мэты і сістэму пакарання.
Пазней ідэя сістэматызацыі пісанага права была рэалізавана ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588 гг., складзеных на старабеларускай мове. Першы Статут быў падрыхтаваны вучонымі i юрыстамі-практыкамі яшчэ ў 1522 г., але ўведзены ў дзеянне толькі ў 1529 г. Гэта быў першы ў Еўропе сістэматызаваны зборнік законаў. Статут ВКЛ 1529 г. складаўся з 13 раздзелаў. Колькасць артыкулаў у розных рукапісных спісах дакумента вагалася ад 244 да 285. Артыкулы Статута былі размешчаны ў сістэмным парадку. У I–III раздзелах былі змешчаны асноўныя нормы дзяржаўнага права, у IV i V – шлюбна-сямейнага i спадчыннага, у VI – працэсуальнага, VII – крымiнальнага, VIII – зямельнага, IX – ляснога i паляўнiчага, X – цывiльнага i ў XI–XIII – крымiнальнага i крымiнальна-працэсуальнага права.
У сярэдзiне XVI ст. у развіцці дзяржавы адыліся змены, якія былі выкліканы правядзеннем аграрнай, судовай i адмiнiстрацыйнай рэформ. Гэта ў сваю чаргу патрабавала ўдасканалення норм права. У 1551 г. была створана камiсiя з 10 чалавек для падрыхтоўкi праекта новага Статута. У выніку працы статутавай камісіі ў 1561 г. ён быў падрыхтаваны, а ў 1566 г. быў уведзены ў дзеянне. Статут ВКЛ 1566 г. складаўся з 14 раздзелаў i 367 артыкулаў. Раздзелы ўтрымлівалі нормы дзяржаўнага, ваеннага, адмiнiстрацыйнага, сямейнага, апякунскага, цывiльнага, ляснога, паляўнiчага, крымiнальнага права. У Статуце ВКЛ 1566 г. былi замацаваны наступныя прынцыпы права: яго адзiнства для грамадзян; дзяржаўны суверэнiтэт; абмежаванне ўлады вялiкага князя; прыярытэт пiсанага права.
Заключэнне Люблінскай уніі 1569 г. патрабавала ўнясення змяненняў у заканадаўства ВКЛ. У працы па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588 г. прымалі ўдзел Рада паноў, спецыяльная камісія (пад кіраўніцтвам канцлера Л. Сапегі і падканцлера А.°Валовiча), павятовыя соймікі. Крынiцамi для распрацоўкi Трэцяга Статута былi папярэднія Статуты, пастановы сойма 1573, 1578, 1580 i 1584 гг., прывiлеi, пастановы павятовых соймiкаў. Да канца 1584 г. новы тэкст Статута быў падрыхтаваны, але сойм Рэчы Паспалітай адмовіўся яго зацвярджаць з-за таго, што новы звод прававых нормаў iгнараваў акт Люблiнскай унii 1569 г. У 1586 г. пасля смерці караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя пачалася барацьба за трон Рэчы Паспалітай. Галоўнымі прэтэндэнтамі на яго былі шведскі каралевіч Жыгімонт Ваза і аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян. Прадстаўнікі ВКЛ паабяцалі патрымку Жыгімонту, калі ён зацвердзіць Трэці Статут, і ён згадзіўся. У выніку 28 студзеня 1588 г. Жыгiмонт III Ваза сваiм прывiлеем зацвердзіў новы звод законаў. Ён складаўся з 14 разделаў і 488 артыкулаў. Нормы дзяржаўнага права новага Статута адпавядалі Статуту ВКЛ 1566 г. з пэўнымі дапаўненнямi. Статут ВКЛ 1588 г. заканадаўча аформiў ідэі прававога парадку, падзелу ўлад (заканадаўчая ўлада замацоўвалася за соймам, выканаўчая – за вялiкiм князем i Радай, судовая – за вялiкакняжацкiм, галоўным, мясцовымi судамi) і дзяржаўнага суверэнiтэту, захавання ВКЛ як дзяржавы насуперак акту Люблiнскай унii. Трэці Статут закончыў кадыфiкацыю права ў ВКЛ.
Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай заканадаўчая ўлада належала Вальнаму сейму Рэчы Паспалітай, які складаўся з дзвюх палат: Сената (Рады) і Пасольскай ізбы. У склад Сената ўваходзілі вышэйшыя службовыя acoбы, вярхі каталіцкага духавенства, ваяводы і кашталяны, колькасцю да 150 чалавек. З ліку сенатараў абіралі 28 чалавек у Каралеўскую раду тэрмінам на два гады. Ніжэйшая палата сейма – Пасольская ізба – налічвала 200–236 дэпутатаў. Іх абірала шляхта на павятовых сейміках, якія склікаліся за шэсць тыдняў да правядзення Вальнага сейма. Кожны дэпутат павінен быў прытрымлівацца інструкцый, якія выпрацоўваліся падчас павятовага сейміка, а пасля Вальнага сейма паслы рабілі справаздачу аб сваёй дзейнасці. Вальны сейм склікаўся адзін раз у два гады тэрмінам на шэсць тыдняў. Пасяджэнні адбываліся ў Варшаве, а з 1673 г. кожны трэці сейм праходзіў ў Гродне. Распрацаваныя і зацверджаныя каралём сеймавыя пастановы набывалі моц законаў.
Рашэнні сеймаў Рэчы Паспалітай падзяляліся на тры группы:
1) тыя, што датычыліся ўсёй дзяржавы;
2) тыя, што мелі дачыненне да Польшчы;
3) тыя, што мелі сілу ў ВКЛ.
Кампетэнцыя Вальнага сейма Рэчы Паспалітай была шырокай. Ён меў права вырашаць наступныя пытанні: выбранне караля, скліканне апалчэння, аб’яўленне вайны і заключэнне міру, прыняцце законаў, устанаўленне падаткаў. Для прыняцця пастановы патрабавалася аднагалоснае яе ўхваленне. Группа дэпутатаў ці адзін дэпутат маглі не згадзіцца і выкарыстаць права «liberum veto» («свабода забароны»), і пастанова адхілялася. У некаторых выпадках, каб пазбегнуць зрыву сейма накладваннем вета, дэпутаты аб’яўлялі сейм канфедэрацыяй і рашэнні прымаліся большасцю галасоў. У такіх палітычных умовах узрастала роля мясцовых сеймікаў. Яны самастойна вырашалі фінансавыя і ваенныя пытанні, зацвярджалі падаткі, выбіралі кандыдатаў на адміністрацыйныя і судовыя пасады.
У сярэдзiне XVIII ст. Рэч Паспалiтая знаходзілася ў стане вострага палiтычнага крызісу. Спробай выйсця з яго з’явіліся рэформы, якія праводзіліся ў краіне з 1764 г. Найбольш актыўная праца ішла падчас Чатырохгадовага сейма 1788–1792 гг. Менавіта тады быў распрацаваны праект Канстытуцыi. Навукоўцы мяркуюць, што аўтарам дакумента быў Г. Калантай. Праект быў прадстаўлены на абмеркаванне сейма 3 мая 1791 г. Канстытуцыя складалася з прэамбулы i 11 раздзелаў. Большасць дэпутатаў выказалася ў падтрымку дакумента. Са 150 прысутных членаў сейма адзiн сенатар i 27 паслоў прагаласавалi супраць Канстытуцыi. У адпаведнасці з ёй адбыліся змяненнi ў дзейнасці iнстытутаў ўлады Рэчы Паспалiтай. Быў абвешчаны прынцып падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую i судовую. Заканадаўчая ўлада належала сейму, якi выбiраўся на два гады і складаўся з Сената (132 чалавекi) і Палаты дэпутатаў (204 дэпутата). Для прыняцця закона неабходна было яго ўхваленне ў дзвюх палатах. Было адменена права «liberum veto». Канстытуцыя мела прагрэсiўнае значэнне і магла стаць асновай далейшага развiцця Рэчы Паспалiтай. Аднак палажэннi Канстытуцыi не былi ўведзены ў дзеянне з-за непрыняцця iх кансерватыўнай часткай шляхты, а таксама ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай Прусii, Аўстрыi i Расіi. Як вынік, у 1772 г., 1793 г. і 1795 г. адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалiтай і беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Гэта выклікала змяненні ў палітычным развіцці Беларусі.
Па форме кіравання Расійская імперыя была неабмежаванай манархіяй. Расійскі імператар быў надзелены шырокімі паўнамоцтвамі ў галіне заканадаўчай і выканаўчай ўлады. Пасля канчатковай адмены Статута ВКЛ 1588 г. указам ад 25 чэрвеня 1840 г. на беларускія губерніі было распаўсюджана дзеянне агульнага «Зводу законаў Расійскай імперыі». З 1863 г. выходзіла «Сабранне ўзаканняў і распараджэнняў урада», дзе друкаваліся новыя законы.
Значнай падзеяй, якая ўзрушыла Расійскую імперыю, з’явілася Першая расійская рэвалюцыя 1905–1907 гг. Пад яе ўплывам пачаліся змены ў сістэме дзяржаўнай улады. Імператар Мікалай ІІ 6 жніўня 1905 г. выдаў маніфест аб стварэнні дарадчай Дзяржаўнай Думы, якая так і не была склікана. Пад уплывам кастрычніцкай палітычнай стачкі 1905 г. Мікалай ІІ выдаў Маніфест «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку» ад 17 кастрычніка 1905 г. Згодна з Маніфестам насельніцтву Расіі дараваліся свабоды слова, сумлення, сходаў і саюзаў, абвяшчалася стварэнне ў хуткім часе заканадаўчага выбарнага органа – Дзяржаўнай Думы. Гэта азначала, што Расія з абсалютнай ператварылася ў дуалістычную манархію. 11 снежня 1905 г. імператар падпісаў Закон аб выбарах у Дзяржаўную Думу. Згодна з ім выбаршчыкі падзяляліся на чатыры курыі: землеўласнікаў, мяшчан, сялян, рабочых. Не мелі магчымасці прымаць удзел ў вабарах жанчыны, моладыя людзі да 25 гадоў, ваенныя, рабочыя дробных прадпрыемстваў. Царскі ўрад ажыцявіў рэформу Дзяржаўнага Савета. У адпаведнасці з указам ад 20 лютага 1906 г. гэты дзяржаўны орган атрымаў права заканадаўчай ініцыятывы, без яго згоды законапраект не накіроўваўся на разгляд імператара. Дзяржаўны Савет складаўся з дэпутатаў, які выбіраліся на 9 гадоў па спецыяльным спісе. Ён з’яўляўся вышэйшай палатай расійскага парламента і стаяў над Дзяржаўнай Думай.
Негледзячы на абмежавальныя выбарчыя цэнзы, дэпутаты ад беларускіх губерняў уваходзілі у склад усіх чатырох Дзяржаўных дум. У І Дзяржаўнай Думе (27 красавіка – 8 ліпеня 1906 г.) большасць месцаў атрымалі кадэты. Партыі бальшавікоў, Бунд, эсэраў і БСГ праводзілі тактыку байкоту выбараў. З 36 дэпутатаў абраных ад заходніх губерняў 29 прайшлі ад кадэтскай партыі, пяць дэпутатаў былі беспартыйнымі, адзін адносіў сябе да сацыял-дэмакратаў і адзін да правых. Асноўным пытаннем, вакол якога разгарнуліся спрэчкі падчас працы Думы, стала аграрнае. З-за нязгоды дэпутатаў зацвердзіць урадавы праект аграрнай рэформы Мікалай II 9 ліпеня 1906 г. распусціў I Дзяржаўную Думу. Аднак ІІ Дзяржаўная Дума (20 лютага – 2 чэрвеня 1907 г.) аказалася яшчэ больш радыкальнай. У яе склад ад заходніх губерняў было абрана 36 дэпутатаў, з іх 13 памешчыкаў, тры прадстаўнікі духавенства, чатыры прадстаўнікі інтэлігенцыі і 16 сялян. Падчас выбараў перамогу атрымалі дзве группоўкі: акцябрысцка-чарнасоценая («Русский окраинный союз») і польская аўтанамісцкая. Левыя партыі ў Беларусі не мелі падтрымкі насельніцтва. Галоўным у Думе заставалася аграрнае пытанне. Дэпутаты не знайшлі паразумення і імператар зноў распусціў Думу. 3 чэрвеня 1907 г. Мікалай ІІ падпісаў новы выбарчы закон. Гэта падзея ўвайшла ў гісторыю як Трэцячэрвеньскі дзяржаўны пераварот, бо згодна з Маніфестам ад 17 кастрычніка 1905 г. цар не меў права змяняць заканадаўства без згоды парламента. Гэта падзея азначала заканчэнне рэвалюцыі 1905–1907 гг.
У адпаведнасці з новым выбарчым законам ад 3 чэрвеня 1907 г. выбаршчыкі як і раней былі падзелены на чатыры курыі, але суадносіны паміж імі змяняліся на карысць памешчыкаў, якія атрымалі 50 % месц у парламенце. Была значна скарочана прадстаўніцтва сялян і рабочых. Аднак у беларускіх губернях меліся свае асаблівасці. Урад спрабаваў знайсці ў краі апору сярод праваслаўнага сялянства, супрацьпаставіўшы яго польскім памешчыкам каталіцкага веравызнання. ІІІ і IV Дзяржаўныя Думы аказаліся больш праўрадавымі. Найбольшую колькасць галасоў атрымалі акцябрысты, чарнасоценцы і кадэты.
Нягледзячы на падаўленне Першай расійскай рэвалюцыі, рэвалюцыйная і нацыянальна-вызваленчая барацьба ў краіне працягвалася. Выпрабаваннем для Расійскай імперыі стала Першая сусветная вайна. У 1917 г. ва ўмовах вострага крызісу ў краіне адбылася Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Яе галоўным вынікам стала звяржэнне манархічнай улады, калі 2 сакавіка 1917 г. Мікалай ІІ адрокся ад прастола. У Расіі сфарміравалася двоеўладдзе: Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Часовы ўрад, які распусціў Дзяржаўную Думу ў сувязі з пачаткам выбараў ва Устаноўчы сход. Сучасныя навукоўцы адзначаюць, што асаблівасцю палітычнай сітуацыі ў Беларусі стала тое, што тут функцыі органаў дзяржаўнай улады на сябе ўсклалі: Камітэт грамадскага парадку і бяспекі, Мінскі Савет рабочых дэпутатаў і ваеннае камандванне Заходняга фронту.
25 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе адбылася рэвалюцыя, да ўлады прыйшлі бальшавікі. Вечарам 25 кастрычніка 1917 г. пачаў сваю працу ІІ Усерасійскі з’езд Саветаў. На ім прысутнічала 649 дэлегатаў, з іх 51 чалавек прадстаўлялі Беларусь і салдат Заходняга фронту. Падчас працы з’езда былі створаны новыя органы ўлады – Савет Народных Камісараў, Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы камітэт, прыняты дэкрэты аб міры і зямлі. Новыя органы савецкай улады фарміраваліся і на тэрыторыі Беларусі. 26 лістапада 1917 г. быў створаны Абласны выканаўчы Камітэт саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) – вышэйшы заканадаўчы орган улады, яго Прэзідыум і абласны Савет Народных Камісараў. Аблвыкамзах вырашаў пытанні, звязаныя з усталяваннем савецкай улады і грамадскага парадку.
Устанаўленне савецкай улады адбывалася ў складаных умовах, калі працягвалася Першая сусветная вайна. Перамовы з Германіяй аб заключэнні міру вынікаў не далі. У лютым 1918 г. перамір’е было сарвана і нямецкія войскі занялі большую частку Беларусі. У гэтых ўмовах беларускія нацыянальныя сілы, прадстаўленыя Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда, імкнуліся ўзяць уладу ў свае рукі. Было выдадзена тры ўстаныя граматы (21 лютага, 9 сакавіка, 25 сакавіка 1918 г.), якія дэкларавалі стварэнне БНР, яе незалежнасць, фарміраванне органаў заканадаўчай (Рады БНР) і выканаўчай (Народны сакратарыят) улады, абвяшчалі правы і свабоды грамадзян. Аднак БНР не была дзяржавай у поўным сэнсе слова і не стала з’явай палітычнай рэальнасці ў гісторыі Беларусі.