1. Гістарычная рэтраспектыва развіцця палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у Беларусі

Слова «партыя» паходзіць ад лацінскага слова «pars, partis», што ў перакладзе азначае «частка». Зародкі палітычных партый у выглядзе саслоўных груповак, якія адлюстроўвалі інтарэсы розных слаёў пануючага класа і вялі паміж сабой барацьбу за дзяржаўную ўладу або ўплыў на яе, склаліся ў перыяд рабаўладальніцтва і феадалізму. Партыі ў сучасным сэнсе ў краінах Еўропы бяруць свой пачатак у XIX ст. У іх станаўленні важную ролю адыграла ўвядзенне ўсеагульнага выбарчага права і развіццё масавага рабочага руху. Першымі прататыпамі палітычных партый у Расійскай імперыі некаторыя даследчыкі лічаць тайныя таварыствы (напрыклад, філаматаў і філарэтаў), гурткі і народніцкія арганізацыі.

Часам стварэння палітычных партый на беларускіх землях стаў канец ХІХ – пачатак ХХ стст. У 1893 г. у выніку аб’яднання рэвалюцыйных групп утварылася Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага1900 г.Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). З 1897 г. пачаў дзейнічаць Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд). У 1898 г. у Мінску адбыўся І з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). Найбольш актыўную дзейнасць яна разгарнула пасля ІІ з’езда, які адбыўся ў 1903 г. у Бруселі і Лондане. У 1902 г. аформілася Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Азначаныя партыі былі нелегальнымі, накіраванымі супраць самадзяржаўя. На аснове нацыянальна-культурных гурткоў зімой 1902–1903°гг. была створана Беларуская рэвалюцыйная грамада, якая пазней стала называцца Беларускай сацыялістычнай грамадой (БСГ). Важную ролю ў яе станаўленні адыгралі браты А. і І. Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цетка), К.Кастравіцкі, А.Бурбіс, В.Іваноўскі. Гэта была першая беларуская палітычная партыя. Яна вяла барацьбу за абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, дэмакратыю, прызнанне правоў народаў на аўтаномію.

Працэсу актывізацыі грамадска-палітычнага жыцця, фарміраванню і больш актыўнай дзейнасці палітычных партый у Беларусі садзейнічала першая расійская рэвалюцыя 1905–1907 гг. Пад яе ўплывам насельніцтва атрымала грамадзянскія правы і свабоды, дзейнасць партый набыла легальны характар. У гэты час аформіліся партыі кансерватыўнага (манархічнага) і ліберальна-буржуазнага напрамку. Да партый кансерватыўнага кірунку адносіліся: Партыя рускага сходу, Саюз рускага народа. Праграммы гэтых партый базіраваліся на трыядзе афіцыйнай ідэалогіі: самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць. Яны выступалі за захаванне самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання. Ліберальна-буржуазная плынь была прадстаўлена партыямі кадэтаў (Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя) і акцябрыстаў (Саюз 17 кастрычніка). Дадзеныя партыі выступалі за стварэнне канстытутацыйнай манархіі, раўнапраўе, палітычныя свабоды. Арганізацыі агульнарасійскіх партый меліся і на тэрыторыі Беларусі.

Пасля трэцячэрвеньскага дзяржаўнага перавароту 1907 г. кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйных выступленняў трапілі пад арышты, былі забаронены прафесійныя саюзы. Левыя партыі і арганізацыі значна скарацілі ці ўвогуле прыпынілі сваю дзейнасць. Былі аслаблены і партыі ліберальна-буржуазнага кірунку. Разам з тым актывізавалі сваю дзейнасць правыя манархічныя арганізацыі. БСГ як палітычная партыя перастала існаваць. Яе кіраўнікі сканцэнтравалі сваю ўвагу на легальнай дзейнасці і аб’ядналіся вакол газеты «Наша ніва» (1906–1915 гг.). У склад рэдакцыі ўваходзілі браты І. і А. Луцкевічы, В. Ластоўскі, В. Іваноўскі, А. Уласаў. Газета займала ліберальна-асветніцкія пазіцыі і вяла барацьбу за захаванне адзінства беларускага народа, пераадоленне яго рэлігійнага расколу.

Першая сусветная вайна (1914–1918 гг.) значна паўплывала на грамадска-палітычную сітуацыю. Партыі акцябрыстаў і кадэтаў заявілі аб сваёй поўнай падтрымцы знешняй палітыкі ўрада Расіі. Большасць эсэраў і меншавікоў прытрымліваліся абароніцкай пазіцыі. Найбольш радыкальнае крытычнае стаўленне да вайны выказала партыя бальшавікоў. Адбыліся змены ў беларускім нацыянальным руху. Даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі распаліся. Газета «Наша ніва» была закрыта. На акупіраванай тэрыторыі у Вільні былі створаны «Беларускі клуб», згуртаванне «Золак», «Навуковае таварыства», «Беларускі вучыцельскі саюз» і інш. Кіраваў усёй гэтай дзейнасцю створаны ў 1915 г. у Вільні Беларускі народны камітэт, які ўзначальваў А. Луцкевіч. Цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху па-за межамі краю былі Петраград, Масква і іншыя расійскія гарады, дзе бежанцы-беларусы ўтварылі свае суполкі.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. спрыяла актывізацыі дзейнасці кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, бальшавікоў, узнікненню новых палітычных партый, афармленню прафсаюзаў у Мінску, Гомелі, Віцебску, Оршы, Полацку і іншых гарадах Беларусі. Рашуча ў гэты перыяд дзейнічала РСДРП(б), асабліва ў Мінску. Бальшавікі мелі свае фракцыі ў Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гарадской думе, цэнтральным гарадскім бюро прафсаюзаў. Пасля ІІ надзвычайнай Паўночна-Заходняй абласной партыйнай канферэнцыі РСДРП(б), якая адбылася 5–7 кастрычніка 1917 г., назіраўся колькасны рост членаў і пашырэнне ўплыву бальшавікоў сярод працоўных і салдат Заходняга фронту.

Вясной 1917 г. узнавіла сваю дзейнасць БСГ. Яна была найбольш масавай беларускай партыяй і налічвала каля 5 тыс. актыўных членаў. БСГ падтрымала Часовы ўрад, адстойвала стварэнне федэратыўнай Расіі, у склад якой увойдзе аўтаномная Беларусь. У 1917 г. дзейнічала 14 нацыянальных партый. Сярод іх: Беларускія хрысціянскія дэмакраты (БХД), Беларуская партыя народных сацыялістаў (БПНС), Беларуская партыя аўтанамістаў, Беларуская народная грамада і інш. 25 сакавіка 1917 г. у Мінску адбыўся першы з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім абмяркоўвалася праграма беларускага нацыянальнага руху, быў выбраны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). У яго склад увайшло 18 чалавек, з іх 10 прадстаўлялі БСГ. Узначаліў камітэт Р.Скірмунт8–12 ліпеня 1917 г. у Мінску адбыўся другі з’езд беларускіх партый і арганізацый. На з’ездзе замест скасаванага БНК была створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (з кастрычніка 1917 г. – Вялікая беларуская рада). Асноўнымі праграмнымі патрабаваннямі Рады з’яўляліся прызнанне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, развіццё нацыянальнай культуры і мовы, арганізацыя беларускага войска.

24–25 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе адбылася сацыялістычная рэвалюцыя. Да ўлады прыйшла партыя бальшавікоў. Яна стала вядучай палітычнай сілай у грамадстве. Найбольш уплывовай нацыянальнай партыяй у Беларусі па ранейшаму заставалася БСГ. Аднак члены гэтай партыі па рознаму ставіліся да Кастрычніцкай рэвалюцыі і не выпрацавалі агульнапартыйнай лініі ў адносінах да гэтай гістарычнай падзеі. У выніку адбыўся раскол партыі на памяркоўных (прыхільнікаў рэформ) і радыкалаў (прыхільнікаў бальшавіцкага кірунку). Многія дзеячы БСГ схіляліся да ідэі дзяржаўнага адасаблення Беларусі ад Расіі.

Важнай палітычнай падзеяй стаў І Усебеларускі з’езд. Ён адбыўся 15–17 снежня 1917 г. у Мінску. У ім прынялі удзел 1872 дэлегаты. У палітычных адносінах гэта былі галоўным чынам эсэры і члены БСГ. Нягледзячы на тое, што з’езд быў разагнаны, ён паставіў пытанне аб самавызначэнні Беларусі. Спробай яго рэалізацыі на буржуазнай аснове з’явілася абвяшчэнне ва ўмовах нямецкай акупацыі БНР. Асноўныя пасады ў складзе Народнага сакратарыята (урада БНР) займалі ў большасці прадстаўнікі БСГ. Пасля таго, як 25 красавіка 1918 г. на закрытым пасяджэнні Рады быў прыняты тэкст тэлеграмы германскаму імператару Вільгельму ІІ, ва ўрадзе БНР і БСГ узнік востры палітычны крызіс. Ён прывёў да расколу БСГ. З яе прыхільнікаў утварыліся новыя партыі: сацыялістаў-рэвалюцыянераў, сацыял-дэмакратаў, сацыялістаў-федэралістаў.

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны і вызвалення ад нямецкіх войск тэрыторыі Беларусі далейшае грамадска-палітычнае развіццё і рэалізацыя ідэі стварэння беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове была звязана з дзейнасцю Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б).

Ідэя стварэння КП(б)Б зарадзілася на канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б), якая праходзіла ў Маскве 21–23 снежня 1918 г. Арганізацыйна КП(б)Б аформілася на VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б), якая адбылася ў Смаленску 30–31 снежня 1918 г. Па прапанове А.Мяснікова канферэнцыя абвясціла сябе І з’ездам КП(б)Б. Работу партыйных арганізацый узначальвала Цэнтральнае Бюро. У яго склад уваходзілі 15 членаў на чале з В. Кнорыным. Структура партыйных органаў будавалася ў адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнем і складалася з райкамаў, падрайкамаў, валасных і сельскіх партыйных ячэяк. ІІ з’езд КП(б)Б таксама меў важнае палітычнае значэнне. Ён адбыўся 4–6 сакавіка 1919 г. у Вільні і прыняў рашэнне аб утварэнні адзінай Кампартыі Літвы і Беларусі. З’езд ухваліў стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). Старшынёй прэзідыўма ЦК КП(б)ЛіБ быў абраны В. Міцкявічус-Капсукас. Пасля таго, як Літбел перастаў існаваць, 5 верасня 1920 г. ЦК КП(б)ЛіБ прыняў пастанову аб стварэнні самастойных кампартый (бальшавікоў) Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне мясцовых партыйных органаў. У перыяд з 1920 па 1993 гг. з’езды КП(б)Б праводзіліся рэгулярна ў г. Мінску (часцей – адзін раз у два гады). Тут абмяркоўваліся важныя пытанні, звязаныя з развіццем рэспублікі [5].

У першай палове 1920-х гг. у БССР адбыўся пераход ад шматпартыйнай да аднапартыйнай палітычнай сістэмы. Бальшавікі вялі барацьбу супраць апазіцыйных сіл, якія існавалі ў Беларусі. Да іх ліку адносіліся беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў, БПС-Р). Яна адмовілася падпісаць «Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (31 ліпеня 1920 г.), якая не адпавядала яе палітычным поглядам, і аб’явіла сябе палітычнай апазіцыяй. У 1921 г. было арыштавана 860 членаў партыі. Яны былі перапраўлены ў Заходнюю Беларусь, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Былі разгромлены і фактычна спынілі сваю дзейнасць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў. У радах Бунда адбыўся раскол. Частка яго членаў аб'ядналася з КП(б)Б, а частка эмігравала. У 1924 г. самараспусціліся БПСР і партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (расійская). Да 1925 г. на тэрыторыі БССР аформілася аднапартыйная сістэма. Дзейнічала толькі кіруючая КП(б)Б, якая з’яўлялася часткай ВКП(б) – Усерасійскай Камуністычнай партыі (бальшавікоў), якая з 1952 г. стала называцца Камуністычнай партыяй Савецкага Саюза (КПСС). Неабходна адзначыць, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ў 1921–1939 гг. уваходзіла ў склад Польшчы, доўгі час існавала шматпартыйная сістэма. Тут дзейнічалі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, арганізацыі «Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых», «Таварыства беларускай школы». Аднак рэпрэсіі польскага урада, недавер з боку ўладаў СССР прывялі да спынення іх дзейнасці.

З другой паловы 1980-х гг. пад уплывам палітыкі перабудовы адбывалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця. У гэты час актыўна ствараліся розныя аб’яднанні і клубы. Яны мелі грамадска-палітычную, вытворча-тэхнічную, прыродазнаўчую, мастацкую накіраванасць, выступалі ў абарону культурнай спадчыны. У гэты перыяд з’явіліся такія арганізацыі, як «Талака», «Тутэйшыя», «Світанак», «Узгор’е», «Беларуская хатка», гісторыка-мемарыяльная камісія Беларускага Фонду культуры. Паступова іх дзейнасць палітызавалася. Аб’яднанні пачалі вылучаць палітычныя патрабаванні, крытыкаваць уладу, весці палеміку ў сродках масавай інфармацыі. У чэрвені 1989 г. у Вільнюсе адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага Народнага фронту «Адраджэнне». Гэта была некамуністычная апазіцыйная арганізацыя.

28 лістапада – 1 снежня 1990 г. адбыўся чарговы ХХХІ з’езд КПБ. Падчас яго працы ўпершыню была дадзена крытыка дзейнасці ЦК КПСС і Генеральнага сакратара М. Гарбачова. Было ўзнята пытанне пра неабходнасць правядзення палітыкі, якая б адпавядала нацыянальным інтарэсам. З 1990 г. назіралася дэпартызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый. З шэрагаў партыі выходзілі шэраговыя члены, скарачалася колькасць жадаючых уступіць у партыю. Важную ролю ў фарміраванні шматпартыйнай сістэмы адыграла прыняцце ў студзені 1990 г. рашэння з’езда народных дэпутатаў СССР аб адмене артыкула 6 Канстытуцыі СССР. Гэта азначала ліквідацыю манаполіі КПСС на ўладу. 28 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову «Аб рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы». Гэты дакумент вызначаў парадак рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. У кастрычніку 1990 г. з’явілася «Часовае палажэнне аб парадку ўтварэння і дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў грамадзян Беларускай ССР» . У адпаведнасці з дакументам заснавальнікамі партыі маглі стать грамадзяне БССР у колькасці 100 чалавек. Шматпартыйнасць у Беларусі пачала афармляцца ў пачатку 1990-х гг. Актывізацыі гэтага працэсса паспрыяла пастанова «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС–КПБ на тэрыторыі Беларусі», якая была прынята 25 жніўня 1991 г. Вярхоўным Саветам БССР. Гэты дакумент прывёў да крызісу КПБ і перадачы партыйнай уласнасці дзяржаве. Пастанова была адменена толькі у 1993 г.

У 1990 г. адбыліся ўстаноўчыя сходы Нацыянальна-дэмакратычнай партыі беларусаў і Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (партыі былі зарэгістраваны Мінюстам у 1991 г.) У 1991 г. былі створаны Беларуская сялянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная партыя «Злучнасць». У 1992 г. былі зарэгістраваны Партыя камуністаў Беларуская, Аграрная партыя, Партыя Славянскі сабор «Белая Русь», партыя «Беларускі навукова-вытворчы кангрэс». У 1993 г. аформіліся Беларуская партыя «зялёных», Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Партыя аматараў піва. У 1994 г. з’явіліся Беларуская партыя працы, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Беларуская гуманітарная партыя, Беларуская экалагічная партыя, Рэспубліканская партыя, Беларуская нацыянальная партыя, палітычная партыя гендэрнага тыпу – Беларуская партыя жанчын «Надзея».

У працэсе стварэння палітычных партый у Беларусі даследчыкі вызначаюць тры перыяды: 1991–1994 гг., 1995–1998 гг. і з 1999 г. На першым этапе палітычныя партыі былі нешматлікімі і актыўна дзейнічалі на палітычнай арэне. На другім этапе колькасць палітычных партый значна павялічылася. Дзейнічалі «рэестравыя» і «фармальныя» партыі. «Рэестравыя» партыі працавалі актыўна і вялі барацьбу за падтрымку электарату. «Фармальныя» партыі былі зарэгістраванымі, але не выконвалі патрабаванняў заканадаўства. На трэцім этапе колькасць палітычных партый скарацілася. Партыі, якія не вытрымалі канкурэнцыі і не знайшлі падтрымкі сярод насельніцтва, спынілі сваю дзейнасць. Асаблівасцю ўзнікнення і дзейнасці палітычных партый у Беларусі было тое, што ініцыятарам іх стварэння з’яўлялася інтэлігенцыя, а афармленне партый праходзіла ва ўмовах унутрыпалітычнай барацьбы.

5 кастрычніка 1994 г. быў прыняты Закон «Аб палітычных партыях». З гэтага часу пачаўся новы этап партыйнага будаўніцтва. Закон замацаваў тэрытарыяльны прынцып партыйнай структуры і забараніў стварэнне партый явачным парадкам. Для дзейнасці партыі неабходна было падаць у Міністэрства юстыцыі дакументы (заяву, статут, праграму, пратакол устаноўчага з’езда і іншыя дакументы) і прайсці працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі. Акрамя таго палітычныя партыі павінны былі мець у сваім складзе 500 чалавек. Прыняцце новага закона не прыпыніла працэс стварэння новых палітычных партый. Працэс гэты праходзіў паступова. Так, у 1995 г. былі зарэгістраваны Беларуская рэспубліканская партыя, Беларуская аб’яднаная спартыўная партыя, Партыя «Хрысціянска-дэмакратычны выбар», Народная партыя «Адраджэнне», Партыя «Ачышчэнне», Аб’яднаная грамадзянская партыя. У 1995 г. было зарэгістравана 34 партыі.

За першую палову 1990-х гг. была створана значная колькасць партый. Працэсс афармлення шматпартыйнай сістэмы у Беларусі ішоў і надалей. У 1996–1997 гг. былі зарэгістраваны Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная грамада», Беларуская партыя «За сацыяльную справядлівасць», Камуністычная партыя Беларусі, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды. У рэспубліцы сфармавалася сістэма партый розных па колькаснаму складу, сацыяльнай прыналежнасці членаў, ідэалагічнай накіраванасці. Так, у 1998 г. у рэспубліцы было афіцыйна зарэгістравана 41°палітычная партыя. Аднак не ўсе партыі ажыцяўлялі палітычную дзенасць, некаторыя самаліквідаваліся. Наяўнасць вялікай колькасці палітычных партый ускладняла выбар грамадзян падчас выбараў. У 1998 г. Міністэрства юстыцыі ажыцявіла праверку дзейнасці палітычных партый Беларусі. Па выніках праверкі Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь прыпыніў дзейнасць Беларускай аб’яднанай спартыўнай партыі, Беларускай партыі «За сацыяльную справядлівасць», Народнай партыі «Адраджэнне», партыі «Ачышчэнне», Партыі аматараў піва, партыі «Беларускі навукова-тэхнічны прагрэс», Партыі ўсебеларускага адзінства і згоды.

26 студзеня 1999 г. быў выдадзены Дэкрэт Прэзідэнта «Аб некаторых мерапрыемствах па ўладкаванні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадзянскіх аб’яднанняў». У адпаведнасці з дакументам, у складзе кожнай партыі павінна была налічвацца 1000 членаў, а ў абласцях рэспублікі і г. Мінску павінны былі дзейнічаць партыйныя арганізацыі. Для рэалізацыі Дэкрэта была створана Рэспубліканская камісія па рэгістрацыі і перарэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў. Склад камісіі быў прызначаны Прэзідэнтам. Па інфармацыі Міністэрства юстыцыі, перарэгістрацыю павінны былі прайсці 27 палітычных партый і 1164 рэспубліканскія і міжнародныя грамадскія аб’яднанні. З 27 партый (па стане на 26 студзеня 1999 г. ) дакументы на перарэгістрацыю падалі 19 партый. З іх дзвюм партыям – Беларускай хрысцінска-дэмакратычнай злучнасці і Партыі разумнага сэнсу – было адмоўлена ў перарэгістрацыі. У выніку на 1 снежня 1999 г. у Беларусі дзейнічала 17 партый, а на 1 студзеня 2009 г. іх налічвалася 15. Гэта лічба застаецца нязменнай і да сённяшняга часу.

Такім чынам, працэс стварэння палітычных партый і фарміравання шматпартыйнай сістэмы інтэнсіўна праходзіў з 1990-х гг. У гэты час былі створаны ўсе сучасныя партыі. Яны з’яўляюцца важным элементам жыцця грамадства. Прадстаўнікі палітычных партый прымалі ўдзел у парламенцкіх выбарах 1995, 2000, 2004, 2008, 2012, 2016, 2019 гг. Найбольшая актыўнасць назіралася ў 1995 г., калі праходзілі выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання. Так, у парламент прайшлі прадстаўнікі 16 партый (106 дэпутатаў) і 96 беспартыйных дэпутатаў. Месцы ў Вярхоўным Савеце атрымалі: Партыя камуністаў Беларуская (45), Аграрная партыя (33), Партыя народнай згоды (8), Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (5), Беларуская сыцыял-дэмакратычная Грамада (2), Партыя усебеларускага адзінства і згоды (2), Грамадзянская партыя (2). Беларускі патрытычны рух, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сялянская, Народная, Сацыялістычная, Сацыяльна-спартыўная, Эклагічная партыі, Партыя працы і партыі «зялёных» атрымалі па аднаму мандату.


Колькасць абраных дэпутатаў ад партый на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў перыяд з 2000 па 2019 гг. прадстаўлена ў наступнай табліцы:

Назва партыі

Абраныя дэпутаты

2000

2004

2008

2012

2016

2019

Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды

1

 

 

 

 

 

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці

2

 

 

1

3

6

Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя

1

 

 

 

 

 

Ліберальна-дэмакратычная партыя

1

1

 

 

1

1

Аб’яднаная грамадзянская партыя

 

 

 

 

1

 

Камуністычная партыя Беларусі

6

8

6

3

8

11

Беларуская аграрная партыя

5

3

1

1

 

1

Беларуская патрыятычная партыя

 

 

 

 

3

2

Агульная колькасць

16

12

7

5

16

21


Такім чынам, палітычныя партыі прымалі ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны. Яны ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях, мелі сваіх прадстаўнікоў ў парламенце. Аднак электаральны рэйтынг палітычных партый быў невысокім. У перыяд з 2000 па 2019 гг. насельнцтва падчас парламенцкіх выбараў аддавала свае галасы прадстаўнікам 8 палітычных партый з 15 зарэгістраваных у Беларусі. Агульная колькасць дэпутатаў, абраных у парламент, вагалася за гэты перыяд ад 5 да 21 чалавек.



Вы прошли 0% лекции
0%