Этнагенез беларусаў і паходжанне назвы “Беларусь”
1. Станаўленне этнасу. Перыяды і этапы этнічнай гісторыі беларусаў
Чалавек вылучыўся з жывёльнага свету прыкладна 3 – 2,5 млн гг. таму назад. Гэта адбылося ва Усходняй Афрыцы. Каля 1 млн гг. назад людзі засялілі Міжземнамор’е, затым Каўказ і Паўночнае Прычарнамор’е. Чалавек з’явіўся на Зямлі ў перыяд старажытнага каменнага веку (палеаліту). На тэрыторыі Беларусі пелеаліт датуецца 40 тыс. гг. да н. э. – ІХ тыс. да н. э. У ніжнім і сярэднім палеаліце чалавек быў прадстаўлены піцекантрапамі і неандэртальцамі, па знешнім выглядзе падобнымі на жывёл, а ў верхнім палеаліце (каля 40 тыс. гг. да н. э.) сфарміраваўся чалавек сучаснага фізічнага тыпу – краманьёнец.
Тэрыторыя сучаснай Беларусі доўгі час не мела насельніцтва. Гэта здарылася таму, што яна была пакрыта леднікамі. Першае пранікненне людзей на тэрыторыю сучаснай Беларусі адбылося каля 40 тыс. гг. да н. э. Тады пачаўся даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі (40 тыс. гг. да н. э. – ІІІ–ІІ тыс. да н. э.).
Найбольш старажытнымі стаянкамі першабытных людзей на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца стаянкі ля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага раёнаў Гомельскай вобласці. Яны адносяцца да эпохі верхняга палеаліту і датуюцца 23 і 26 тыс. да н. э. адпаведна. На кожнай з іх жыло каля 25 чалавек.
У той час існавала ранняя родавая абшчына. Некалькі парных сем’яў аб’ядноўваліся ў родавую абшчыну. Род складаўся з нашчадкаў адной родапачынальніцы – маці. Род быў уласнікам пэўнай тэрыторыі, вёў сваю гаспадарку, меў агульную маёмасць. У вельмі цяжкіх умовах жыцця чалавек навучыўся здабываць агонь, будаваць прымітыўнае жыллё, удасканальваў спосабы палявання на буйную жывёлу.
Па меры таяння і адступлення ледавіка ў сярэднім каменным веку (мезаліце) (VIII–V тыс да н. э.) адбылося поўнае засяленне тэрыторыі Беларусі. Вядомы 120 мезалітычных стаянак чалавека з агульнай колькасцю насельніцтва прыкладна 4,5–5 тыс. чалавек.
У эпоху мезаліту чалавек стаў ужо ўжываць масіўную каменную сякеру і цясло, з дробных апрацаваных крэмневых пласцін – нажы, наканечнікі стрэл, гарпуны. У гэты час шырока выкарыстоўваліся вынайдзеныя ў канцы верхняга палеаліту лук і стрэлы, драўляныя чоўны, быў прыручаны сабака.
Каменны век завяршыўся эпохай неаліту (IV–ІІІ тыс да н. э.). У гэты час пачалі вырабляць гліняны посуд, быў удасканалены выраб каменных прылад (плоскае рэтушаванне, шліфоўка, свідраванне), былі вынайдзены сеткі для лоўлі рыбы і пачалася распрацоўка крэмневых радовішчаў шахтавым спосабам. Была прыручана буйная рагатая жывела, пачалі сеяць ячмень і лён. Гэты пераход ад прысвойваючых да вытворчых форм гаспадарання атрымаў назву неалітычная рэвалюцыя (тэрмін увёў англійскі археолаг Г. Чайлд (1872-1957)). Колькасць пасяленняў у гэты перыяд перавысіла 500, а агульная колькасць насельніцтва складала 27–36 тыс. чалавек.
Археолагамі і лінгвістамі выказваецца меркаванне, што ў ІІІ тыс да н. э. у Падзвінні і Падняпроўі пражывалі групы уральскага насельніцтва, яго фіна-угорскага адгалінавання. Іх сляды засталіся ў тапаніміцы – назвах рэк, азёр, населеных пунктаў (напрыклад, Дзвіна, Свір, Мардва і інш.). Антрапалагічна яны належалі да мангалоіднай расы. Гэтым даследчыкі тлумачаць наяўнасць некаторых мангалоідных рыс знешнасці (вузкія вочы, шырокія твары, чорныя валасы) у насельніцтва паўночна-ўсходняй Беларусі.
Вызначыць этнічную прыналежнасць старажытнага насельніцтва Беларусі на працягу большай часткі каменнага веку немагчыма.
Асноўнымі гістарычнымі форммі этнасу з’яўляюцца род, племя, народнасць, нацыя.
На тэрыторыі Беларусі пачатак бронзавага веку (мяжа ІІІ–ІІ тыс. да н. э. - VII стст. да н. э.) супаў з пранікненнем індаеўрапейпаў. Тым самым пачаўся індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі (мяжа ІІІ–ІІ тыс. да н. э. – да нашага часу). Індаеўрапейцы з’яўляліся вынаходнікамі кола і колавага транспарту. Новай з’явай стала пахаванне ў курганах. Індаеўрапейцы прынеслі і больш высокую форму грамадскай арганізацыі – патрыярхат.
Пры сустрэчы з мясцовым насельніцтвам індаеўрапейцы, якія знаходзіліся на больш высокай стадыі сацыяльна-эканамічнага развіцця, перамагалі яго і асімілёўвалі. Так сфарміраваўся новы этнас – балты. Пачаўся балцкі этап індаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі (мяжа ІІІ–ІІ тыс. да н. э. – V ст. н. э.). Пасяленне балтаў на тэрыторыі Беларусі супала з векам металу. Усе прылады працы і ўпрыгожанні з медзі і бронзы, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі, датуюцца ў галоўным чынам ІІ тыс. да н. э. Асноўным тыпам пасяленняў сталі ўмацаваныя гарадзішчы, а колькасць насельніцтва ў бронзавым веку складала ад 50 да 75 тыс. чалавек.
У VІІ ст. да н. э. насельніцтва Беларусі навучылася выплаўляць жалеза. Так пачаўся жалезны век (VІІ ст. да н. э. – V ст. н. э.). Гэта садзейнічала далейшаму развіццю вытворчых форм гаспадарання, асабліва земляробства, якое ў асобных рэгіёнах стае ворыўным. Шырокае распаўсюджванне кавальства паспрыяла і зараджэнню грамадскага падзелу працы, бо з’явіліся людзі, якія займаліся гэтай дзейнасцю прафесійна. Наладзіўся і першапачатковы абмен, аб чым сведчаць знаходкі скіфскіх і кельтскіх жалезных вырабаў, антычных манет і амфар у Паўднёвай Беларусі.
Славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў раннім сярэднявеччы (V ст. н. э. – да нашага часу). Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі не было адначасовай з’явай, яно працягвалася на працягу стагоддзяў. Да VІ–VІІ стст н. э. славяне пражывалі кампактна толькі ў басейне р. Прыпяці. У VІ–VІІ стст. пачалося іх пранікненне ў балцкі арэал. Частку мясцовага балцкага насельніцтва яны знішчылі, частку – выцеснілі на паўночны-захад, астатнія спачатку самаізаляваліся, а потым былі асіміляваны. У выніку славяна-балцкага сінтэзу ў VІІІ – Х стст. узніклі новыя славянскія супольнасці: дрыгавічы, радзімічы, крывічы. Гэта былі протанароднасці (народнасці, якія пачыналі фарміравацца)
У іх ужо выкарыстоўваліся больш дасканалыя земляробчыя прылады, з’явіліся каменныя жорны, пачало выкарыстоўвацца ганчарнае кола. Рамёствы пачалі аддзяляцца ад земляробства. Гэта стварыла спрыяльныя ўмовы для ўзнікнення пастаяннага гандлю. З’яўляецца ўстойлівае грашовае абарачэнне. Узнікаюць і першапачатковыя гарады. На змену бацькоўскай (патрыярхальнай) абшчыне, што стваралася па роднасным прынцыпе, прыходзіць мір – сельская (суседская) абшчына, якая складалася з асобных малых сем’яў усяго паселішча, гарадзішча. Пачалося маёмаснае распластванне грамадства. Да ІХ – Х стст. вышэй названыя супольнасці ўжо падняліся на ступень раннякласавага грамадства і стварылі першапачатковыя дзяржавы (протадзяржавы), якія называліся княжаннямі. Гэта сведчыла пра змену родаплемяннога кіравання палітычным. Сфарміравалася асобная палітычная арганізацыя. Яе органамі кіравання былі: вярхоўны правадыр, савет старэйшын, народны сход, які складаўся з усіх свабодных мужчын, здольных насіць зброю. Як бачым, славяне ў сваім развіцці таксама прайшлі перыяд ваеннай дэмакратыі – апошні з этапаў першабытнаабшчыннага грамадства, які папярэднічаў узнікненню дзяржавы.