1. Гісторыя фарміравання асноўных этнічных груп у Беларусі. Этнічны склад сучаснай Беларусі. Асноўныя групы нацыянальных меншасцей у Рэспубліцы Беларусь: рускія, палякі, украінцы, яўрэі, татары, цыганы, літоўцы, латышы, немцы і інш

Згодна з вынікамі перапісу 2019 г., прадстаўленымі Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь, у 2019 г. небеларусы складалі 15,1 % насельніцтва краіны.

Найбуйнейшую групу складалі рускія, колькасць якіх скарацілася з 785 084 чал., ці 8,3 % насельніцтва ў 2009 г. да 706 992 чал., ці 7,5 % насельніцтва. Першыя групы рускіх пасяленцаў з’явіліся на беларускіх землях у XIVXV ст. Гэты працэс быў звязаны з традыцыяй дынастычных шлюбаў паміж вялікімі князямі літоўскімі і вялікімі князямі маскоўскімі, цвярскімі, самаленскімі, разанскімі. Рускія князёўны прывозілі з сабой служанак і інш. чэлядзь. У ХV–ХVІ стст. на беларускія землі ўцякалі ад праследаванняў рускія палітычныя эмігранты, у т. л. апальныя прадстаўнікі княжацкіх родаў, і вальнадумцы-ерэтыкі (князі І.А. Мажайскі, І.В. Бароўскі, І.Д. Шамячыч, В.М. Вярэйскі, А.М. Курбскі, старац Арцемій, Ф. Касой і інш.). Колькасць рускага насельніцтва павялічвалася і за кошт ваеннапалонных. У ХVІ–ХVІІ стст. яны на Віцебшчыне ўтварылі асобную сацыяльную групу панцырных баяр. Вялікая хваля перасяленняў з Расіі ў Беларусь была выклікана рэформай рускай праваслаўнай царквы, якую ў другой палове ХVІІ ст. правёў патрыярх Нікан. Тыя вернікі, якія яе не ўспрынялі (стараабраднікі, стараверы), жорстка ўціскаліся расійскім урадам. Каб пазбегнуць рэпрэсій, яны перасяляліся ў Сібір, на Паўночны Урал, заможныя выязджалі за мяжу – у Швецыю, Асманскую імперыю, Рэч Паспалітую (у складзе апошняй – на беларускія землі). Стараабраднікі на беларускіх землях стварылі замкнёную этнаканфесіянальную групу, якая ў выніку рэлігійных адрозненняў захавала сваю этнічную адметнасць да сённяшняга часу. У другой палове ХVІІ ст. на Гомельшчыне ўзніклі 14 пасяленняў стараабраднікаў, цэнтрам якіх была Ветка, заснаваная ў 1685 г. У Ветку перасяляліся прадстаўнікі эліты рускіх старавераў: купцы, кніжнікі, мастакі. У выніку Ветка ператварылася ў інтэлектуальны цэнтр, які забяспечваў кнігамі і іконамі большую частку старавераў Расіі. Стараверы займаліся ў Беларусі пераважна земляробствам і гандлем. Таксама сярод іх атрымалі распаўсюджванне агародніцтва, рамяство і адыходныя промыслы. Сяліліся яны або асобнымі вёскамі, або вуліцамі ў гарадах. Вялі замкнёны лад жыцця, пазбягалі кантактаў з мясцовым насельніцтвам. У канцы 1850-х гг. у Беларусі жыло каля 60 тыс. старавераў, у 1913 г. – каля 100 тыс.

У канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. пасля далучэння зямель Беларусі да Расійскай імперыі на беларускія землі пачалі перасяляцца і рускія нестараверы. Спачатку сярод іх пераважалі памешчыкі і адстаўныя ваенныя. Вядомы прыклад перасялення рабочых, калі гаспадар мануфактуры з Уралу перавёз і персанал. Аднак у гэты перыяд доля рускага насельніцтва павялічвался марудна. У сярэдзіне ХІХ ст. колькасць рускіх нестаравераў не правышала 0,1 % насельніцтва. На працягу другой паловы ХІХ ст. колькасць рускага насельніцтва павялічылася на 23 % за кошт актыўнага перасялення настаўнікаў, чыноўнікаў, святароў з рускіх губерняў у Беларусь пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. у Польшчы , Літве і Беларусі. Азначаная з’ява была абумоўлена ўзмацненнем на беларускіх землях этнатрансфармацыйных працэсаў, калі руская мова замяніла польскую ва ўсіх сферах грамадскага жыцця (асвеце, кнігавыданні, перыядычным друку і інш.), узмацніўся ўплыў рускай культуры на развіццё культуры беларускага народа, асабліва ў гарадах, дзе руская мова і культура служылі сродкам асіміляцыі карэннага насельніцтва. На практыцы большую частку мясцовага рускага насельніцтва складалі беларусы, прадстаўнікі сацыяльнай эліты і жыхары гарадоў, якія пад уплывам палітыкі рускай адміністрацыі і прапаганды праваслаўнага духавенства пачалі лічыць сябе рускімі. Так, з 493 тыс. рускіх (5,8 % ад усяго насельніцтва), улічаных перапісам 1897 г., 235 тыс. чал. (3,6 % ) не з’яўляліся стараабраднікамі. З іх рускія-мігранты складалі толькі 90 тыс. чал.

Колькасць рускіх працягвала расці ў ХХ ст. У 1920-х гг. у Беларусь былі запрошаны спецыялісты іжынернага профілю і працаўнікі сістэмы вышэйшай школы. Большасць з іх лічыла абавязкам вывучыць беларускую мову і на ёй выкладаць. Многія з іх унеслі вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры. Напрыклад, М. Шчакаціхін – заснавальнік беларускага навуковага мастацтвазнаўства. Паводле перапісу, у 1926 г. рускія склалі 384 тыс. чал. (7,7 % насельніцтва). У БССР рускія атрымалі права на нацыянальна-культурную аўтаномію. У 1921 г. пастановай ЦВК БССР за рускай мовай быў замацаваны статус адной з чатырох дзяржаўных моў, які быў зацверджаны Канстытуцыяй БССР 1927 г. У 1926–1927 гг. былі створаны 14 нацыянальных рускіх сельсаветаў, якія праіснавалі да 1935–1937 гг.: 13 – у Гомельскай акрузе, 1 – у Бабруйскім раёне. У педагагічных тэхнікумах Беларусі дзейнічалі рускія аддзяленні. Каля 6 % вучняў школ навучаліся на рускай мове. З сярэдзіны 1930-х гг. у цэнтры ўвагі партыйна-савецкіх органаў БССР знаходзілася задавальненне нацыянальных патрэб рускага насельніцтва, а таксама пашырэнне сферы ўплыву рускай мовы і культуры.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны колькасць рускага насельніцтва ў БССР павялічвалася вельмі хутка:у 1959 г. – 660 тыс. чал., 8,2 % насельніцтва БССР; у 1970 г. – 938 тыс. чал., 10,4 %; 1979 г. – 1134 тыс. чал., 11,9 %, у 1989 г. – 1342 тыс. чал., 13,2 %. Такі рост адбываўся пераважна за кошт знешняй міграцыі, выкліканай патрэбамі БССР у высокакваліфікаваных кадрах. Аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, стварэнне новых галін прамысловасці суправаджалася прытокам рускага насельніцтва, якое асядала ў асноўным у гарадах. Значную частку рускіх мігрантаў складалі рабочыя, спецыялісты ў розных галінах народнай гаспадаркі, выкладчыкі ВНУ, вучоныя, ваеннаслужачыя і члены іх сем’яў. У пасляваенны перыяд шмат мігрантаў накіроўвалася ў сельскую мясцовасць. Прырост колькасці рускага насельніцтва ў пэўнай ступені быў забяспечаны развіццём асіміляцыйных працэсаў некаторых міжнацыянальных меншасцей, міжэтнічнымі шлюбамі. Разам з тым у выніку зніжэння натуральнага прыросту і змяншэння міграцыі прырост рускіх у Беларусі запаволіўся: 1959–1970 гг. – 42 %, 1970–1979 гг. – 20 %, 1979–1989 гг. – 18 %.

Пасля развала СССР у сувязі з нарастаннем дэпапуляцыйных тэндэнцый і развіццём этнатрансфармацыйных працэсаў колькасць рускага насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь значна зменшылася. У 1999 г. перапісам былі ўлічаны 1142 тыс. чал., 11,37 % насельніцтва рэспублікі, у 2009 г. – 785 тыс. чал., 8,3 %, у 2019 г. – 707 тыс. чал, 7,5 %. Такім чынам, у 1989–1999 гг. абсалютная колькасць рускіх у Беларусі зменшылася на 15 %, у 1999–2009 гг. – на 31 %, у 2009–2019 гг. – на 10 %.

Рускія ў Рэспубліцы Беларусь маюць усе магчымасці для захавання сваёй мовы, культуры, гістарычнай спадчыны, падтрымліваюць сувязі з гістарычнай радзімай. У 1995 г. руская мова па выніках правядзення першага Рэспубліканскага рэферэндуму набыла разам з беларускай статус дзяржаўнай. На рускай мове вядзецца справаводства, афіцыфнае ліставанне, выкладанне ў пераважнай большасці школ, установах вышэйшай адукацыі і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, выходзіць шмат кніг, перыядычных выданняў, на ёй ствараюцца кінафільмы, спектаклі ў большасці тэатраў Беларусі. У Беларусі дзейнічаюць шэраг рускіх культурна-асветніцкіх арганізацый: рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Русское общество», створанае ў верасні 1994 г., што мае аддзяленні ва ўсіх абласцях рэспублікі, рэспубліканскае Беларускае грамадскае аб’яднанне «Русь», створанае ў студзені 2000 г., якое мае аддзяленні ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Кобрыне, Мінску; Магілёўскае абласное грамадскае аб’яднанне «Русский дом», заснаванае ў 2008 г., Віцебскае абласное грамадскае аб’яднанне «Русский дом», створанае ў чэрвені 2009 г., грамадскае аб’яднанне «Русское культурно-просветительское общество», створанае ў кастрычніку 2010 г. у Магілёве, Мінскае культурна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Наша Русь», заснаванае ў 2012 г. і інш. Асноўная мэта іх дзейнасці: захаванне, вывучэнне, прапаганда рускай культуры і рускай мовы, аб’яднанне людзей рускай нацыянальнасці і расійскіх суайчыннікаў, умацаванне сяброўства рускага і беларускага народаў, іншых народаў Рэспублікі Беларусь.

Другой па колькасці насельніцтва іншаэтнічнай групай у Рэспубліцы Беларусі па выніках перапісу 2019 г. сталі палякі, колькасць якіх некалькі скарацілася ў параўнанні з 2009 г. з 294 549 чал. да 287 693 чал., што па-ранейшаму складае 3,1 % ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі.

Групы палякаў на этнічных беларускіх землях вядомыя з ХІІ–ХІІІ стст., калі фіксавалася перасяленне на Захад сучаснай Беларусі мазураў – польскай этнаграфічнай групы. У XIV ст. на этнічных беларускіх землях былі паселены і палякі, захопленыя ў палон у выніку паходаў вялікіх князёў літоўскіх у Польшчу. Аднак некампактнае іх рассяленне, абмежаваны прававы статус і патэнцыяльная магчымасць уступлення ў шлюб з прадстаўнікамі мясцовага насельніцтва прыводзіла да іх асіміляцыі. Разам з тым, з пранікненнем каталіцызму быў пакладзены пачатак функцыянавання на беларускіх землях польскай мовы, а польская культура набыла прэстыжнасць у выніку заключэння дзяржаўных уній ВКЛ з Польшчай. У XIVXVI стст. менавіта палякі былі асноўнымі носьбітамі еўрапейскай культурнай традыцыі ў Беларусі.

Узмацненне польскага этнакультурнага ўплыву ў Беларусі прыпала на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569 г., калі беларускія землі разам з іншымі землямі ВКЛ ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Частка беларускага насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, розных груп шляхты, прымаючы каталіцкую веру, змяніла сваё этнічнае самавызначэнне на польскае. На працягу ўсёй сярэднявечнай беларускай гісторыі не вядомая колькі-небудзь значная міграцыя палякаў у Беларусь, бо законы ВКЛ забаранялі «чужаземцам», пад якімі звычайна разумеліся палякі, у першую чаргу, шляхта, займаць пасады і набываць тут зямлю. Таму большая частка сучасных палякаў у Беларусі – нашчадкі карэннага насельніцтва, якія прынялі каталіцкую веру, засвоілі польскую мову і самасвядомасць. Так, у другой палове XVI ст. каталіцызм стаў сродкам паланізацыі беларусаў, якая ахапіла большую частку беларускай сацыяльнай эліты, шляхты, гараджан. У грамадскай свядомасці паняцці «католік» і «паляк» часам асэнсоўваліся як сінонімы, набылі сацыяльнае адценне.

Нягледзячы на тое, што палякі ў Беларусі былі толькі этнічнай меншасцю, польскі этнакультурны ўплыў узмацняўся па меры ўзрастання палітычнага і рэлігійнага ўплыву Польшчы і Ватыкана. Некаторыя даследчыкі лічаць, што працэс паланізацыі, які актывізаваўся з 1570-х гг., першапачаткова меў пазітыўны характар, бо дапамагаў нашым продкам знаёміцца з культурнымі і навуковымі дасягненнямі Еўропы. Гэты пачатковы перыяд добраахвотнай паланізацыі працягваўся да пачатку XVII ст. Пазней, у XVIIXVIII стст., паланізацыя ўжо навязвалася свецкай і духоўнай уладамі Рэчы Паспалітай. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай 1696 г. сейм дзяржавы замяніў старабеларускую мову ў дзяржаўным ужытку ў ВКЛ польскай мовай.

За перыяд існавання Рэчы Паспалітай на беларускіх этнічных землях і беларуска-літоўскім этнічным паграніччы ўтварыліся пэўныя тэрыторыі, на якіх сяляне, з’яўляючыся католікамі па веравызнанні, вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую, і імкнуліся да пераймання пэўных элементаў польскай культуры. Ва ўмовах, калі на беларускіх землях існавалі розныя формы шматмоўя, у т. л. беларуска-польскае, узнік і ў далейшым уздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літаратурнай мовы мясцовы дыялект польскай мовы, т. зв. ўскраінная польская мова (polszczyzna kresowa). Пазней, ужо ў час уваходжання Беларусі ў склад Расійскай імперыі, на ёй ажыццяўлялася літаратурная дзейнасць выхадцаў з Беларусі А. Міцкевіча, Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, У. Сыракомлі, Я. Ходзькі, В. Каратынскага, Т. Зана, Э. Ажэшкі і інш., якія сталі класікамі польскай літаратуры. На працягу ХІХ ст., а ў Заходняй Беларусі – да 1939 г., польская мова заставалася на беларускіх землях мовай інтэлектуальнай эліты.

Колькасць палякаў моцна вагалася ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі. У 1897 г. у Беларусі жыло больш за 140 тыс. палякаў (каля 1,7 % насельніцтва), найбольш у Гродзенскай (10 і найменш у Магілёўскай (1 %) губернях. Павелічэнне колькасці палякаў у Беларусі ў ХХ ст. адбывалася ў асноўным на заходнебеларускіх землях, якія ў 1921–1939 гг. уваходзілі ў склад Польшчы. Ва ўмовах узмацнення сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту ў Заходняй Беларусі праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх земляў перасяляліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікаў. Усяго ў  1920–1930-я гг. у Заходнюю Беларусь перасялілася каля 300 тыс. палякаў.

У той жа час палякі ў БССР з’яўляліся адной з асноўных этнічных груп (паводле перапісу 1926 г. іх налічвался 97,5 тыс. чал., 2 % насельніцтва). Этнакультурныя асаблівасці польскага насельніцтва ў БССР, спецыфіка этнічных сувязей беларускага і польскага народаў улічваліся даволі поўна і шматбакова. У 1921 г. ЦВК БССР спецыяльным дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзяржаўнай разам з беларускай, рускай і яўрэйскай. У 1920-я гг. пры ЦК КП(б)Б існавала Польбюро. Работай польскамоўных навучальных устаноў рэспублікі кіравала Польбюро Народнага камісарыята асветы БССР. У 1924 г. у БССР дзейнічалі 136 польскіх школ, 7 спецыяльных польскіх дзіцячых дамоў. Настаўнікаў для польскіх школ і выхавацеляў для дашкольных устаноў рэспублікі з 1922 г. рыхтавалі Мінскі польскі педагагічны тэхнікум і польскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута (з 1935 г. Мінскі педагагічны інстытут). У 1920–1930-я гг. на польскай мове выходзілі газеты «Mlot» («Молат»), «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Mlodziezy» («Зорка моладзі»), «Szturmowiec Kojdanowszczyzny» («Ударнік Койданаўшчыны»), «Szturmowiec Dzierzynszczyzny» («Ударнік Дзяржыншчыны»). Існавала Польскае аддзяленне Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У 1929–1935 гг. працаваў Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, які рэгулярна выязджаў у рэгіёны рассялення палякаў.

У месцах кампактнага пражывання польскага насельніцтва ў 1920–1930-я гг. існаваў 31 нацыянальны польскі сельсавет. З іх 10 знаходзілася ў Койданаўскім (потым Дзяржынскім) польскім нацыянальным раёне. Вывучэннем матэрыяльнай і духоўнай культуры палякаў у Беларусі займаўся польскі сектар Інбелкульта. Аднак у выніку пагаршэння савецка-польскіх адносін і палітычных рэпрэсій у 1937 г. нацыянальна-культурнае і нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва палякаў у БССР было згорнута, усе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі скасаваныя.

З уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 г. колькасць палякаў у БССР значна павялічылася. На заходнебеларускіх тэрыторыях захоўвалася польская асвета і друк, у 1939–1941 гг. дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР (створаны ў Беластоку, з сакавіка 1940 г. працаваў у Гродне) і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР у Гродне. Але ўжо ў 1940 г. з заходніх абласцей Беларусі, Украіны і раёна Вільнюса было незаконна выслана на Поўнач і Усход СССР каля 600 тыс. палякаў.

Паводле дамоўленасці паміж урадамі БССР і ПНР у 1944–1948 гг. у рамках абмену насельніцтвам паміж СССР і Польшчай з БССР у ПНР было пераселена 274,2 тыс. чал. польскай нацыянальнасці, у т. л. пэўная колькасць беларуска-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі ў асноўным паселены на заходніх і паўночных землях Польшчы. У 1955–1959 гг. адбыўся другі этап рэпатрыяцыі палякаў з СССР, які ахапіў у асноўным польскае насельніцтва заходніх абласцей Беларусі і Украіны. Пасляваенныя вынікі перапісаў насельніцтва ў БССР засведчылі наступныя ваганні колькасці польскага насельніцтва рэспублікі: у 1959 г. – 539 тыс. чал., 6,7 %, у 1970 г. – 383 тыс. чал., 4,3 %, у 1979 г. – 403 тыс. чал., 4,2 %, у 1989 г. – 418 тыс. чал., 4,1 %. Такім чынам, калі ў 1959–1970 гг. колькасць палякаў у Беларусі скарацілася на 29 %, то ў наступныя 19 гадоў назіралася паступовае павелічэнне на 9 %, выкліканае ў асноўным натуральным прыростам.

Пасля развала СССР адбывалася памяншэнне колькасці палякаў у Рэспубліцы Беларусь. Так, у 1999 г. у Беларусі пражывалі 395,7 тыс. чал., 3,94 % насельніцтва рэспублікі, у 2009 г. – 294,5 тыс. чал., 3,1 %, у 2019 г. – 287,6 тыс. чал., 3,1 %. Такім чынам, у 1989–1999 гг. колькасць польскага насельніцтва Беларусі скарацілася на 5,3 %, у 1999–2009 гг. – на 25,6 %, а ў 2009–2019 гг. – на 2,3 %. Тлумачыцца такая сітуацыя як натуральнай дэпапуляцыяй насельніцтва рэспублікі ў цэлым, у т. л. польскага яго складніка, так і актыўнай палітыкай Польшчы па заахвочванні палякаў дыяспары да пераезду на этнічныя польскія тэрыторыі, у т. л. праз праграму «Карта паляка». Па-ранейшаму, найбольшы працэнт палякаў фіксуецца ў заходніх і паўночна-заходніх рэгіёнах Беларусі.

На сучасным этапе для беларуска-польскіх этнічных сувязей характэрна рознабаковае этнакультурнае збліжэнне, узаемаперайманне элементаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. У Беларусі паспяхова працуюць польскія мастацкія калектывы, праходзяць фестывалі польскай песні і танца ў Маладзечне і Мінску, працуюць цэнтр польскай культуры у Вілейцы, дамы польскія ў Нясвіжы і Вішневе. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску. Выходзяць перыядычныя выданні на польскай мове. З 1991 г. Гродзенскае абласное радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. У Беларусі дзейнічаюць польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў Беларусі», створаны ў 1986 г., «Саюз палякаў на Міншчыне», заснаваны ў 1994 г., «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі палякаў Беларусі з Польшчай.

Трэцяй па колькасці групай іншаэтнічнага насельніцтва Беларусі ў 2019 г. былі украінцы, якіх, па дадзеных перапісу, налічвалася 159 656 чал., ці 1,7 % жыхароў.

Этнакультурныя сувязі беларусаў і ўкраінцаў, як і рускіх, сягаюць каранямі ў ранняе Сярэднявечча, калі тэрыторыі рассялення іх продкаў з’яўляліся часткамі Старажытнарускай дзяржавы, паяднанымі агульнай мовай, рэлігіяй (праваслаўе), шэрагам элементаў культуры. Канчатковы этап фарміравання ўкраінскай народнасці (як і беларускай, і рускай) адбываўся ў XIV–XV стст., аднак ва ўмовах тэрытарыяльнага падзелу паміж, па меншай меры, дзвюмя дзяржавамі (не лічачы Закарпацця і Букавіны): ВКЛ (Усходняе Падолле, Валынь, Кіеўшчына) і Каралеўствам Польскім (Галіцкая Русь, Заходняе Падолле). У ВКЛ украінцы разам з беларусамі і літоўцамі былі адным з дзяржаваўтваральных этнасаў. Побач са старабеларускай на тэрыторыі ВКЛ развівалася і стараўкраінская мова, якія першапачаткова мала адрозніваліся. Пісьменства і кніжнасць украінцаў і беларусаў развівалася разам. У XVI–XVII стст. адбывалася кансалідацыя і ўмацаванне ўкраінскай народнасці ўжо ў новых умовах існавання ў складзе Кароны Польскай пасля Люблінскай уніі 1569 г. Пры гэтым вялікім плюсам было з’яўленне казацтва як грамадска-палітычнай сілы, якая прывяла да з’яўлення ўкраінскай дзяржавы ў сярэдзіне XVII ст. і багатай казацкай традыцыі ва ўкраінскім грамадстве. У Рэчы Паспалітай украінцы і беларусы вялі барацьбу за сацыяльнае і нацынальнае вызваленне. Агульным здабыткам украінскага і беларускага народаў у XVI–XVII стст. з’ялялася кнігадрукаванне і літаратурная дзейнасць праваслаўных брацтваў, палемічная літаратура і інш. Украінцы і беларусы разам ўдзельнічалі ў казацка-сялянскіх паўстаннях канца XVI–XVII ст. У выніку гэтага меў месца прыток насельніцтва з Украіны (казакоў і выхадцаў з Валыні, якія ўтваралі свае пасяленні ў XVII–XVIIІ стст.) у Беларусь і, наадварот, з Беларусі ва Украіну, у т. л. да запарожскіх казакоў. У канцы XVIII ст. пасля далучэння Беларусі да Расіі аднавіліся трывалыя сувязі беларусаў і ўкраінцаў.

Этнічныя межы абодвух народаў былі заўсёды невыразныя. У пагранічных з Украінай раёнах Беларусі, якія з’яўляліся як бы этнічна пераходнай зонай, заўсёды жыла пэўная колькасць украінцаў. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. найбольшыя групы ўкраінцаў жылі ў Бабруйскім, Брэсцкім, Быхаўскім, Гомельскім, Кобрынскім, Пінскім, Рэчыцкім, Слуцкім паветах. Колькасць украінцаў у Беларусі павялічылася за гады Савецкай улады за кошт міграцыі з Украінскай ССР. У БССР паводле перапісу 1926 г. было 35 тыс. украінцаў, 0,6 % насельніцтва рэспублікі. У Камарынскім і Нараўлянскім раёнах былі створаны шэсць нацыянальных украінскіх сельсаветаў. Але асноўная маса ўкраінцаў перасялілася ў Беларусь пасля 1945 г. Паводле пасляваенных перапісаў дынаміка колькасці ўкраінцаў і іх доля сярод насельніцтва Беларусі была наступная: у 1959 г. – 133 тыс. чал., 1,7 % насельніцтва, у 1970 г. – 191 тыс. чал., 2,1 %, у 1979 г. – 231 тыс. чал., 2,4 %, у 1989 г. – 291 тыс. чал, 2,9 %.

З атрыманнем Рэспублікай Беларусь дзяржаўнага суверэнітэту пачалося нацыянальна-культурнае адраджэнне ўкраінцаў у Беларусі. Сталі стварацца ўкраінскія грамадскія арганізацыі, якія ставілі задачай адраджэнне і захаванне ўкраінскай мовы, культуры, гісторыі, традыцый. Была наладжана публікацыя перыядычных выданняў на ўкраінскай мове, праводзіцца шэраг культурна-мастацкіх мерапрыемстваў, якія маюць агульнарэспубліканскі і міжнародны статус. Украінскія таварыствы Беларусі падтрымліваюць сувязі з Украінай.

У наш час кампактныя рассяленні ўкраінцаў ёсць на Поўдні Беларусі ў раёнах, прылеглых да граніцы з Украінай. Паводле матэрыялаў перапісу 1999 г. у Беларусі жылі 237 тыс. украінцаў (2,36 % насельніцтва), аднак да 2009 г. іх колькасць скарацілася да 158,7 тыс. чал. (1,7 %), і некалькі павялічылася да 2019 г., калі перапісам насельніцтва былі ўлічаны 159,6 тыс. украінцаў (1,7 %). Такім чынам, у 1989–2019 гг. абсалютная колькасць украінцаў у Беларусі зменшылася на 45 %, што тлумачылася актывізацыяй іх эміграцыі на гістарычную радзіму і іншыя краіны свету, а таксама натуральнай асіміляцыяй і зменай этнічнага самавызначэння на карысць у першую чаргу беларусаў.

Па звестках перапісу 2019 г. чацвертай па колькасці насельніцтва іншаэтнічнай групай у Беларусі былі яўрэі, якіх налічвалася 13 705 чал., што складала 0,14 % насельніцтва.

Першае ўпамінанне ў летапісе пра яўрэяў на тэрыторыі Беларусі адносіцца да 997 г.. На думку даследчыкаў, у Х–ХІІІ стст. яўрэі з Крыма (магчыма, разам з хазарамі, якія спавядалі іўдаізм) сталі рассяляцца па старажытнарускіх княствах. Тут яны сфарміравалі асобную славянамоўную субэтнічную групу – кенаанітаў. Верагодна, у гэты час яўрэі-кенааніты з’явіліся і на тэрыторыі сучаснай паўднёва-заходняй Беларусі. Іх абшчына ў Брэсце праіснавала да пачатку XVII стст., калі была асімілявана яўрэямі-ашкеназамі. Аднак як аселае насельніцтва на беларускіх землях яўрэі з’явіліся ў XIV ст. У 1388 г. гродзенскі і троцкі князь Вітаўт выдаў прывілей яўрэям Брэста, у 1389 г. – прывілей яўрэям Гродна, якія гарантавалі ім свабоду веравызнання, абарону жыцця, маёмасці і права на заняткі гандлем і рамяством, рэгламентавалі іх адносіны з хрысціянскім насельніцтвам. Яўрэі сталі паўнапраўнымі членамі грамадства. Такое становішча прыцягвала яўрэяў з Заходняй Еўропы, дзе яны цярпелі вялікую дыскрымінацыю з боку ўлад і каталіцкай царквы. У XIVXV стст. на тэрыторыі ВКЛ стала рассяляцца субэтнічная група яўрэяў-ашкеназаў з Германіі, якія размаўлялі на яўрэйска-нямецкай мове ідыш, схіляліся да артадаксальнага іўдаізму і ў рэлігійных мэтах выкарыстоўвалі іўрыт. У XVI ст. перасяленне яўрэяў у ВКЛ значна пашырылася. Яно ішло праз Польшчу з Ніжняй Аўстрыі, Брандэнбурга, Браўншвейга, Італіі і Чэхіі. У 1560-я гг. агульная колькасць яўрэяў на тэрыторыі ВКЛ дасягала 20 тыс. чал., а ў 1628 г. – каля 40 тыс. чал. У гэты час яўрэі ўжо пачалі складаць ад 2 да 10 % насельніцтва гарадоў і мястэчак Беларусі, дзе звычайна сяліліся асобнымі кварталамі ці вуліцамі. У XVI ст. аформілася абшчынная форма яўрэйскага самакіравання – кагал, што ізалявала яўрэяў ад карэннага насельніцтва. У 1623 г. быў заснаваны Літоўскі ваад – з’езд прадстаўнікоў яўрэйскіх абшчын ВКЛ, вышэйшы орган яўрэйскай аўтаноміі, які праіснаваў да 1764 г.

У выніку казацка-сялянскай вайны 1648–1651 гг. і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. колькасць яўрэйскага насельніцтва Рэчы Паспалітай скарацілася на 25 %. У 1766 г. яна ў ВКЛ складала каля 160 тыс. чал., з якіх амаль 40 % пражывала на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Войны сярэдзіны XVII – пачатку XVIII ст., пастаяннае пашырэнне антыяўрэйскага заканадаўства (пастановы сеймаў Рэчы Паспалітай 1764 і 1768 гг. скасавалі шэраг ранейшых прывілеяў яўрэяў і ўвялі абмежавальныя меры па пытаннях рамёстваў, гандлю і інш.) і каталіцкая экспансія прывялі да заняпаду яўрэйскага абшчыннага жыцця і збяднення яўрэйскага насельніцтва. Да канца XVIII ст. яўрэі амаль цалкам страцілі свой уплыў у грамадскім і эканамічным жыцці рэгіёна.

Пасля ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі яны ўвайшлі ў склад мяжы яўрэйскай аседласці, уведзенай ў 1794 г., дзе дазвалялася пражыванне яўрэяў, перасяленне якіх на тэрыторыю рускіх губерняў было забаронена. Жыць яўрэям у сельскай мясцовасці ў рысе аселасці таксама не дазвалялася. Пазней, у 1882 г., быў выдадзены закон, які забараняў яўрэям сяліцца па-за межамі гарадоў і мястэчак, купляць і арандаваць зямлю. Таму ў ХІХ – пачатку ХХ ст. яўрэі складалі 57,5 % гарадскога насельніцтва Беларусі. Колькасць іх павялічвалася хутка. Калі ў сярэдзіне ХІХ ст. налічвалася каля 350 тыс. яўрэяў ці 10 %, то ў 1897 г. – 1 202 тыс. чалавек ці 14,1 % усяго насельніцтва. Яўрэі з’яўляліся ў той час другой пасля беларусаў групай насельніцтва па колькасці прадстаўнікоў. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. назіраўся вялікі колькасны рост яўрэйскіх дабрачынных арганізацый, большасць з якіх мела нізкі ўзровень самастойных гаспадарчых прыбыткаў і ахвяраванняў. Асноўнай прычынай гэтага была беднасць яўрэйскага насельніцтва беларускіх губерняў.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ідыш у БССР стала адной з чатырох дзяржаўных моў (1921 г.), была ўведзена ў афіцыйны ўжытак, створаны ўмовы для развіцця нацыянальнай культуры: на яўрэйскай мове выходзілі часопісы і газеты, былі арганізаваны аддзелы ў музеях, працавалі тэатральныя трупы і Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, створаны ў 1926 г. у Мінску. У 1926 г. БССР пражывала 407 тыс. яўрэяў, ці 8,2 % насельніцтва рэспублікі. У ходзе нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва нацыянальных меншасцей у БССР былі створаны яўрэйскія 19 местачковых і тры сельскія Саветы. У 1920–1930-х гг. дзейнічала Яўрэйскае бюро пры ЦК КП(б)Б, свораны яўрэйскія секцыі пры СНК БССР, Наркамаце асветы і інш. У 1930–1931 гг. на яўрэйскай мове навучалася 6,4 % вучняў. Дзейнічалі тры яўрэйскія педагагічныя тэхнікумы ў Мінску, Віцебску, Гомелі, яўрэйскія аддзяленні і секцыі ў тэхнікумах і ВНУ. У 1932–1935 гг. працаваў інстытут яўрэйскай пралетарскай культуры, створаны на базе заснаванага ў 1924 г. Яўрэйскага аддзялення Інбелкульта. Ліквідацыя мяжы аселасці спрыяла міграцыі яўрэяў з Беларусі ў Маскву, Ленінград і інш. буйныя гарады. У канцы 1930-х гг. формы нацыянальна-культурнай аўтаноміі яўрэяў у Беларусі былі скасаваны.

У гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэйскае насельніцтва панесла велізарныя страты ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па падліках Э.Р. Іофе, напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў БССР у сучаных межах Беларусі пражывала 995 тыс. яўрэяў. З іх у 1941–1945 гг. загінула 763 тыс. чалавек.

У пасляваенны перыяд развіццё працэсаў інтэрнацыяналізацыі, рэзкае зніжэнне рэлігійнасці яўрэяў прывяло іх да збліжэння з астатнім насельніцтвам, развіцця асіміляцыйных працэсаў, галоўным чынам за кошт міжэтнічных шлюбаў. Гэта, а таксама антысяінісцкая палітыка кіраўніцтва СССР, пачатак эміграцыі ў Ізраіль, унутрысаюзныя міграцыйныя працэсы прывялі да пастаяннага скарачэння яўрэйскага насельніцтва БССР. Так, калі ў 1959 г. у Беларусі пражывала 150 тыс. яўрэяў, што складала 1,9 % насельніцтва, то ў 1970 г. – 148 тыс. чал., 1,6 %, у 1979 г. – 135 тыс. чал., 1,4 %, у 1989 г. – 112 тыс. чал., 1,1 %.

Пасля атрымання Рэспублікай Беларусь незалежнасці, спрашчэння працэдуры выезду за мяжу актывізаваліся працэсы эміграцыі яўрэйскага насельніцтва. Так, толькі ў перыяд 1989–1999 гг. з Беларусі ў Ізраіль выехала 64 тыс. чал., у ЗША і інш. краіны – больш за 21 тыс. чалавек. Дадзеныя перапісаў зафіксавалі ў Беларусі ў 1999 г. 27 798 яўрэяў, 0,28% насельніцтва, у 2009 г. – 12 926 чал., 0,14%, у 2019 г. – 13 705 чал., 0,14 %. Акрамя інтэнсіўнага выезду за межы Беларусі, скарачэнне колькасці яўрэйскага насельніцтва адбывалася таксама за кошт адмоўнага натуральнага прыросту.

З другой паловы 1980-х гг. на хвалі дэмакратызацыі ў СССР назіраўся рост цікавасці яўрэйскага насельніцтва да ўласнай культуры, мінулага. У 1988 г. яўрэйскія таварыствы былі створаны ў Мінску і Бабруйску. У наш час дзейнічае створаны ў 1991 г. Саюз беларускіх грамадскіх яўрэйскіх аб’яднанняў і абшчын, куды ўваходзяць 40 яўрэйскіх арганізацый у 26 гарадах рэспублікі. Наладжана выданне яўрэйскіх газет і часопісаў (на рускай мове). Іўрыт вывучаецца ў СШ № 132 г. Мінска, больш чым 20 школах выхаднога дня для дзяцей і дарослых, у чатырох дзіцячых садках. Яўрэйскія калектывы мастацкай самадзейнасці займаюць высокія месцы на Усебеларускіх фестывалях нацыянальных культур. Наладжаны трывалыя сувязі яўрэяў Беларусі з Ізраілем.

Таксама перапісам 2019 г. былі ўлічаны шэраг нацыянальнасцей, колькасць прадстаўнікоў якіх склала больш за 1 тыс. чал.: армяне, татары, цыганы, азербайджанцы, літоўцы, туркмены, немцы, грузіны, малдаване, кітайцы, узбекі, латышы, казахі, арабы, таджыкі. Астатнія народы ў Беларусі на дату перапісу 2019 г. налічвалі менш за 1 тыс. чал. Нягледзячы на невялікі колькасны склад, некаторыя з азначаных нацыянальных меншасцей маюць багатую гісторыю пражывання на беларускіх землях.

Па дадзеных перапісу 2019 г., у Беларусі жыло 8445 татар, 0,09 % насельніцтва. Татары з’явіліся на беларускіх землях у пачатку ХІV ст. Вялікія князі ВКЛ Гедымін і Альгерд запрашалі татар з Залатой Арды на службу і выкарыстоўвалі іх у барацьбе з Тэўтонскім ордэнам. У ВКЛ таксама траплялі палонныя татары, занаходзілі прытулак збеглыя ханы і прэтэндэнты на ханскі трон. Асаблівую апеку татарам аказваў вялікі князь Вітаўт. У 1395 г. ён прыняў разбітага ханам Цімурам хана Залатой Арды Тахтамыша, пасяліўшы яго ў Лідзе. У выніку паспяховага пахода Вітаўта і Тахтамыша пад Азоў у 1397 г. у рукі пераможцаў трапіла багатая здабыча і шмат ваеннапалонных татар. Апошнія былі паселены каля Вільні, у Лідскім, Ашмянскім, Новагародскім, Брэсцкім паветах, атрымалі права грамадзянства. 1397 год традыцыйна лічыцца пачаткам пасялення татар у Беларусі. Татары прымалі ўдзел у Грунвальдскай бітве ў 1410 г. Разам з тым, нярэдкія набегі татарскіх ордаў з поўдня парушалі нармальны гаспадарчы рытм насельніцтва Беларусі, суправаджаліся рабункамі і забраннем у палон мірных жыхароў. У 1506 г. князь М. Глінскі прыпыніў чарговы набег крымскіх татар і разбіў іх каля Клецка. Пасля гэтага значная колькасць палонных была паселена ў наваколлі Клецка і ў Мінску, дзе яшчэ ў пачатку ХХ ст. існавала Татарская слабада (цяпер раён Гвардзейскай вуліцы).

Татарскія пасяленцы ў Беларусі доўгі час захоўвалі сваю родаплемянную арганізацыю, традыцыйныя звычаі, абрады, вераванні і адрозніваліся ад мясцовага насельніцтва асаблівасцямі матэрыяльнай культуры. Па сацыяльна-прававым становішчы большую частку беларускіх татар складалі ваеннаслужылыя (зямяне), якія юрыдычна былі прыраўняны да шляхты і займалі прывілеяванае становішча. Яны атрымлівалі за службу зямлю, якая заставалася ў спадчынным карыстанні. Сярод ваеннаслужылых вылучаліся саслоўна-родавыя вярхі – князі (бекі і мурзы) і ўланы, што мелі сваю прыслугу, цяглых сялян нехрысціянскай веры, путных і панцырных слуг (баяр). Другую частку татар складалі беззямельныя нашчадкі ваеннапалонных і збеглых ясачных людзей. Яны жылі пераважна ў гарадах і мястэчках, займаліся апрацоўкай скур, рымарствам (выраб конскай збруі), шавецкай, кравецкай справай і інш. дробным гандлем, рамізніцтвам (возніцтвам), агародніцтвам, жывёлагадоўляй.

З другой паловы XVII ст. у татарскім асяроддзі зніклі племянныя адрозненні, татарскія пасяленцы ўсё часцей прымалі беларускія прозвішчы: Кандратовічы (нашчадкі племя кунгратаў), Бараноўскія (нашчадкі роду Барын), Александровічы, Гембіцкія, Карыцкія, Раецкія, Смольскія і інш. Знікла і адмысловая татарская адміністрацыя – харунжыя (ваенныя), маршалкі, кадзі (суддзі). У асяроддзі беларускага насельніцтва татары страцілі сваю родную мову (кыпчацкая група цюркскіх моў) і карысталіся беларускай (пазней таксама польскай, а з ХІХ ст. - і рускай). На беларускай мове арабскімі літарамі пісаліся кітабы (кнігі). Разам з тым яны захавалі рэлігію – мусульманства суніцкага толку. Важную ролю ў працэсе этнічнай кансалідацыі мелі культавыя пабудовы. Кожная буйная абшчына імкнулася пабудаваць мячэць. На іх архітэктуру ўплывалі мясцовыя традыцыі і тэхналогіі. Першапачаткова пераважалі драўляныя пабудовы. Мячэці з каменя з’явіліся толькі ў XVII ст. Нягледзячы на тое, што татары засталіся мусульманамі, яны прытрымліваліся манагаміі (вымушаная мера з-за недахопу нявест-татарак). Шлюбы па мусульманскім абрадзе заключаліся толькі з прадстаўнікамі сваёй канфесіі. Частка беларускіх татар прыняла хрысціянства і асімілявалася, але захавала самабытныя рысы ў гаспадарчым жыцці, хатнім побыце, народным адзенні. Такім чынам, у канцы XIVXVI стст. татары ВКЛ (жылі на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Валыні і Падолля) склалі самастойную этнаграфічную супольнасць – літоўскія татары, якіх разам з польскімі татарамі (жылі на Падляшшы) называлі польска-літоўскімі татарамі, з 1920-х гг. – таксама беларуска-літоўскім, беларускімі татарамі, у канцы ХХ ст.заходнімі татарамі.

Пасля ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі ўрад апошняй прыняў шэраг захадаў па прыцягненні на свой бок татарскага насельніцтва. Нягледзячы на пэўныя абмежаванні ў першай палове ХІХ ст., татарам дазвалялася служыць у арміі і дзяржаўным апараце. У 1840 г. за татарскай шляхтай паўночна-заходніх губерняў было прызнана права дваранства, што спрыяла прасоўванню па службовай лесвіцы і давала права мець прыгонных. У ХІХ ст. у Беларусі дзейнічала 15 мячэцей (Мінск, Навагрудак, Гродна, Слонім, Мір, Клецк, Іўе і інш.), дзе служылі татарскія мулы, якія падпарадкоўваліся Крымскай (Таўрычаскай) муфтыі. У другой палове ХІХ ст. адносна кампактныя групы татар жылі ў Слуцкім, Навагрудскім, Ігуменскім, Ашмянскім, Брэсцкім, Пружанскім, Вілейскім паветах. У канцы ХІХ ст. на тэрыторыі пяці заходніх губерняў налічвалася 13570 мусульман, з іх каля 9200 чал. роднай мовай назвалі татарскую. Аднак сярод апошніх 3 900 чал. складалі вайскоўцы, мабілізаваныя ў цэнтральных губернях Расіі, якія неслі службу ў гарнізонах беларускіх гарадоў.

Пасля Першай сусветнай вайны частка беларускіх татар засталася на тэрыторыі Расіі, куды яны былі вымушаны эвакуіравацца ў 1915 г. Яшчэ адна частка (каля 6 тыс. чал.) апынулася ў межах Польшчы, прыкладна 1,5 тыс. татар трапілі ў Літву і толькі 3,7 тыс. чал. жылі ў БССР. Існуюць ускосныя сведчанні пра спробы арганізацыі татарскіх школ у БССР. У 1928 г. у Татарскай слабадзе г. Мінска была адкрыта татарская хата-чытальня. Але ў канцы 1929 г. яна была пераўтворана ў раённую і пазбаўлена нацыянальнага статусу. Да сярэдзіны 1930-х гг. адзінай формай нацыянальнага будаўніцтва татар заставалася гаспадарчая – стварэнне нацыянальных кааператываў, пазней пераўтвораных у калгасы, у месцах кампактнага расялення татар.

Падчас Другой сусветнай вайны шмат беларускіх татар загінула, пасля вайны падверглася дэпартацыям, эмігравала за мяжу. Аднак у пасляваенныя гады ў БССР пераехала пэўная колькасць волга-ўральскіх, крымскіх, сібірскіх татар. Таму сучаснае татарскае насельніцтва Беларусі складаецца з чатырох супольнасцей: мясцовых беларуска-літоўскіх татар і трох груп усходніх татар.

Колькасны склад татарскага насельніцтва ў БССР доўгі час быў адносна стабільным: у 1959 г. – 8654 чал., 0,11 %, у 1970 г. – 10031 чал., 0,11 %, у 1979 г. – 10911 чал., 0,11 %, у 1989 г. – 12 552 чал, 0,12 %. За гады незалежнага Беларусі існавання колькасць татар у краіне некалькі зменшылася. Так, перапісам у 1999 г. было ўлічана 10089 татар, 0,1 %, у 2009 г. – 7316 чал., 0,08 %, а ў 2019 г. – 8445 чал., 0,09 %.

З часу атрымання Рэспублікай Беларусь дзяржаўнага суверэнітэту пачалося адраджэнне татарскай культуры ў краіне. У 1989–2004 гг. усю працу ў гэтым кірунку разам з Мусульманскім аб’яднаннем Рэспублікі Беларусь (заснавана ў 1994 г.) каардынавала Беларускае згуртаванне татар-мусульман «Аль-Кітаб» («Кніга»)2000 г. «Зікр уль-Кітаб»). За гэты час былі адбудаваны цэнтры этнаканфесіянальнай культуры татар – мячэці ў Слоніме (1994), Смілавічах (1996), Навагрудку (1997), Відзах (1999), Клецку (2000), Лаўчыцах (2002), Маладзечне (2002), створаны татарскі культурны цэнтр у Іўі (1995). Выдаюцца газеты і часопісы на беларускай і рускай мовах. У пачатку 2001 г. у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі пяць нацыянальна-культурных аб’яднанняў татар: Беларускае грамадскае згуртаванне татар «Зікр уль Кітаб» («Памяць і кніга», з 2000), Беларускае рэгіянальнае аб’яднанне татарскай моладзі (з 1997), Грамадскае аб’яднанне татар г. Гродна (з 1998), Міжнародны фонд развіцця татарска-башкірскай духоўнай спадчыны «Чышма» («Крыніца», з 1999), Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Татарска-башкірскі культурны цэнтр «Хэтэр» («Памяць», з 2000). Гэтыя арганізацыі ўзгадняюць і накіроўваюць работу 26 абшчын татар-мусульман Беларусі. У наш час праводзяцца навуковыя канферэнцыі, выдаюцца кнігі па гісторыі і культуры татар, адзначаюцца нацыянальныя святы.

Паводле перапісу 2019 г., у Беларусі пражывала 6848 цыганоў, 0,07 % насельніцтва.

На беларускіх землях цыганы з’явіліся ў сярэдзіне XV ст., перасяліўшыся з Польшчы і Германіі. У канцы XVI – пачатку XVII ст. частка з іх прыбыла з Венгрыі. У адрозненне ад іншых еўрапейскіх краін, тут яны знаходзіліся пад апекай дзяржавы: мелі права свабодна вандраваць па тэрыторыі ВКЛ, жыць па ўласных законах, займацца рамяством, каняводствам. У ВКЛ цыганы славіліся як добрыя кавалі, конюхі, ювеліры, музыкі, спевакі, танцоры, варажбіты. Яны жылі плямёнамі на чале з выбарнымі войтамі ці ваяводамі, захавалі бытавую спецыфіку і выконвалі абрады як беларускага народа, сярод якога жылі, так і свае традыцыйныя. Галоўным месцам збору вандроўных груп было маястэчка Зэльва.

Больш настойлівыя спробы ўключэння цыганоў у структуру грамадства сталі назірацца толькі з XVII ст., калі ўлады Рэчы Паспалітай спрабавалі прывучыць іх да аселага жыцця і далі ім адміністрацыйныя паўнамоцтвы: выбарныя вярхоўныя правіцелі называліся цыганскімі каралямі, надзяляліся неабмежаванай уладай над цыганамі. Паўнамоцтвы «каралёў» зацвярджалі магнаты ВКЛ ці каралеўская канцылярыя. Аселыя цыганы пражывалі ў мястэчку Мір. Займаліся рамёствамі, імі былі заснаваны сукнавальні, адкрыты кузні і інш.

У 1790-я гг. колькасць цыганоў на беларускіх землях скарацілася (са сваімі «каралямі» яны перасяліліся ў Бесарабію, Малдавію і Валахію). Вандраванне без ранейшых кіраўнікоў ва ўмовах абавязковай аселасці ставіла іх па-за законам. Расійскія ўлады рабілі шмат намаганняў, каб залічыць цыганоў у сялянскае саслоўе. Але яны больш цягнуліся да гарадоў і мястэчак, дзе звычайна сяліліся на ўскраінах. Нават прыпісаўшыся да абшчын пэўных паселішчаў, цыганы жылі асела толькі ў халодную пару года (звычайна па хатах і гумнах сялян, пазней сталі заводзіць сваё жыллё). Вясной, звычайна ў пачатку мая, табарам (тры-пяць сем’яў) пад кіраўніцтвам выбарнага важака адпраўляліся ў вандроўкі. Важак вызначаў час і накірунак вандровак, спосаб здабывання сродкаў да існавання, быў афіцыйным прадстаўніком табара перад мясцовымі ўладамі. Для вырашэння спрэчак і канфліктаў існаваў цыганскі суд, у які ўваходзілі найбольш паважаныя і старэйшыя па ўзросту члены табара. Жанчыны поўнасцю падпарадкоўваліся бацьку, потым мужу, займаліся варажбой, кленчаннем, знахарствам, клапаціліся пра забеспячэнне сям’і харчаваннем. Заняткі мужчын – канакрадства, гандаль коньмі, канавальства, рамёствы (кавальства, пляценне кашоў, разьба па дрэве) і інш. Месцам збору розных груп цыганоў былі кірмашы (найбольш збіралася ў Хальчы, Ветцы, Віцебску, Гомелі). Невялікія вандроўкі рабілі нават аселыя цыганы. Шматлікія захады ўлад па іх прымусовым асяленні, скарачэнні вандровак былі неэфектыўнымі.

Цыганы былі расселены надзвычай распылена. У другой палове ХІХ ст. існавала толькі некалькі паселішчаў з поўнасцю цыганскім насельніцтвам: в. Цыганы Гарадоцкага павета, мыза Завячэлле Лепельскага павета, у пачатку ХХ ст. – в. Лапатнікі і Мяшчэнцы Сенненскага павета. Адзначаліся факты метысізацыі цыганоў з беларусамі. Частка цыганоў была асімілявана. У гаворках цыганоў пад уздзеяннем лексікі беларускіх народных гаворак утварыўся шэраг характэрных запазычанняў. Паводле перапісу 1897 г., цыганоў у Беларусі было больш за 3 тыс. чал. У час Першай сусветнай вайны на Усход Беларусі перасяліліся групы польскіх цыганоў (саманазва «польска рома варшавякі»).

У працэсе рассялення склаліся шматлікія лакальныя групы цыганоў. Паводле перапісу 1926 г., у БССР пражывала 2366 цыганоў, 0,05 % насельніцтва, найбольшыя групы ў Рэчыцкай (374 чал.), Віцебскай (325), Аршанскай (269) і Магілёўскай (264) акругах. Да 100 чал. было ў Быхаўскім раёне. Пераважная большасць жыла ў сельскай мясцовасці.

У 1920?1930-я гг. ствараліся ўмовы для пераходу цыганоў да аселага і працоўнага ладу жыцця, паляпшэння іх культурнага і эканамічнага становішча. У 1926 г. у БССР пачаў сваю арганізацыйную дзейнасць Усерасійскі саюз цыганоў (1925?1928), вялася работа па арганізацыі Беларускага саюза цыганоў. Пастановы ЦВК і СНК СССР прапанавалі ўладам саюзных рэспублік надзяляць цыганоў зямлёю. У 1927 г. на сядзібе Міхалова Віцебскага раёна быў створаны першы ў СССР і БССР цыганскі калгас «Новае жыццё», была і пачатковая школа. У 1930-я гг. існавалі цыганскія калгасы ў Езярышчанскім, Лёзненскім, Жлобінскім (недалёка ад мястэчка Стрэшын) раёнах. Аднак цыганскія гаспадаркі не былі трывалымі.

Пашырэнню культурна-асветнай работы сярод цыганоў спрыяла ўвядзенне ў 1926 г. цыганскай пісьменнасці, з 1932 г. пачалі дзейнічаць цыганскія педагагічныя курсы ў Маскве. У 1930-я гг. у Віцебску працавала няпоўная сярэдняя цыганская школа, у якой у 1936 г. навучалася 77 вучняў. Нягледзячы на гэта, большасць цыганоў вяла вандроўны і паўвандроўны лад жыцця. Вандроўкі адбываліся ў асноўным па тэрыторыі Беларусі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны значная колькасць цыганоў была знішчана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1944?1948 гг. частка польскіх цыганоў перасялілася ў Польшчу. Да другой паловы 1950-х гг. узмацніліся кантакты прадстаўнікоў розных этнаграфічных груп цыганоў. Вандроўкі беларускіх цыганоў часта не абмяжоўваліся межамі рэспублікі, часам у табар уваходзілі і прадстаўнікі іншых этнаграфічных груп. У 1956 г. быў прыняты ўказ Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР «Пра далучэнне да працы цыганоў, якія займаюцца валацужніцтвам». Большасць цыганоў перайшла да аселасці і працоўнага ладу жыцця. У некаторых месцах яны аселі кампактна (Паўночны пасёлак у Мінску, пасёлак Цітаўка каля Бабруйска і інш.), у іншых – масавае пасяленне адбылося пазней (у в. Калодзішчы Мінскага раёна). Сяліліся традыцына на ўскраінах гарадоў і ў прыгарадах. Працавалі на часовых і выпадковых работах. У пачатку 1960-х гг. у Дзяржынску існаваў самадзейны цыганскі ансамбль песні і танца.

У Беларусі ў 1959 г. жыло 4662 цыганоў, 0, 06 % насельніцтва, у 1970 г. – 6843 чал., 0,08 %, у 1979 г. – 8408 чал., 0,09 %, у 1989 г. – 10762 чал., 0,11 %. У Беларусі вылучаліся групы т. зв. рускіх цыганоў (жылі на Усходзе Беларусі, саманазва «руска рома», па веравызнанні – праваслаўныя) і беларуска-літоўскіх цыганоў (жылі ў паўночна-заходніх раёнах Беларусі і прылеглых раёнах Літвы, аб’яднаных саманазвай «польска рома», па веравызнанні – католікі). Лінгвістычна і этнаграфічна беларуска-літоўскія цыганы бліжэй да рускіх цыганоў, чым да цыганоў, якія жывуць у Польшчы. Павелічэнне колькасці цыганскага насельніцтва было звязана і з перасяленнем у БССР прадстаўнікоў іншых этнаграфічных груп цыганоў.

На сучасным этапе дадзенымі перапісаў зафіксавана скарачэнне колькасці цыганскага насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Так, калі ў 1999 г. тут пражывала 9927 чал., 0,1 % насельніцтва, у 2009 г. – 7079 чал., 0,07 %, то ў 2019 г. – 6848 чал., 0,07 %. Большая частка пражывае ў гарадах. Нягледзячы на істотныя змены ў іх этнакультурнай спецыфіцы, ажыўленыя кантакты з карэнным насельніцтвам ва ўмовах дысперснага пражывання, цыганы трывала захоўваюць асаблівасці побыту і культуры. Сярод іх пашыраны эндагамныя сем’і, як правіла, мнагадзетныя. Да нядаўняга часу асноўнай гаспадарчай адзінкай была вялікая сем’я (побач з малой). Цыганы па-ранейшаму заняты ў асноўным у недзяржаўным сектары эканомікі.

У апошні час прадстаўнікі абедзвюх асноўных груп цыганоў Беларусі пры захаванні традыцыйных найменняў усё больш ужываюць адзіную саманазву «беларуска рома». З сярэдзіны 1990-х гг. у Беларусі з’явіліся прадстаўнікі этнаграфічнай групы сярэднеазіяцкіх цыганоў мусульманскага веравызнання – джугі (так іх называюць ва Узбекістане) ці люля (па-таджыкску). У 2002 г. у Беларусі былі зарэгістраваны тры цыганскія грамадскія нацыянальна-культурныя аб’яднанні: Грамадскае аб’яднанне «Беларуская цыганская дыяспара» (з 1998), Беларуская асацыяцыя цыганоў «Рома» (з 2000), Міжнародная грамадская арганізацыя цыганоў «Адраджэнне» (з 2000), а таксама Цыганскі дабрачынны фонд «БелРома» (з 2001). Гэтыя аб’яднанні развіваюць цыганскую культуру, падтрымліваюць міжнародныя сувязі і ўваходзяць у склад міжнародных саюзаў цыганскіх аб’яднанняў. Цыганскія мастацкія калектывы актыўна ўдзельнічаюць ва ўсебеларускіх фестывалях нацыянальных культур.

Паводле дадзеных перапісу 2019 г., у Беларусі пражывала 5287 літоўцаў, 0,05 % насельніцтва. Беларуска-літоўскія этнічныя сувязі маюць даўнія традыцыі. На працягу стагоддзяў (ХІІІ–XVIII стст.) беларускія і літоўскія землі ўваходзілі ў склад ВКЛ. Беларускае і літоўскае насельніцтва аб’ядноўваў палітонім «літвіны». Пра даўнія беларуска-літоўскія этнакультурныя сувязі сведчаць падабенства пэўных элементаў матэрыяльнай культуры, наяўнасць у літоўскай мове значнага пласта слоў беларускага паходжання і шэраг літуанізмаў у беларускай мове. Адной з праяў паглыбленых этнічных кантактаў беларусаў і літоўцаў была беларусізацыя груп літоўскага насельніцтва (часам працягвалася да 1920?1930-х гг.). У сярэдзіне ХІХ ст. жыхары некаторых вёсак Ашмянскага, Гродзенскага, Лідскага і Слонімскага паветаў карысталіся яшчэ літоўскай мовай.

Міграцыя літоўцаў на этнічна беларускія землі адбывалася ў Сярэдневякоўі. Яны перасяляліся ў асноўным на заходнія і цэнтральныя землі сучаснай Беларусі. Гэты працэс не быў масавым і адначасовым. Дакладна вядомае перасяленне літоўцаў на ўсходнія і паўночна-ўсходнія землі Беларусі адбылося ў канцы 1870-х – пачатку 1890-х гг. Пераважная большасць літоўцаў асела ў Аршанскім, Чэрыкаўскім, Чавускім паветах, частка ў Віцебскай губерні, нязначная колькасць у Барысаўскім павеце. У 1897 г. значныя кампактныя групы літоўцаў жылі ў Лідскім (17285 чал.), Ашмянскім (8754 чал.), Гродзенскім (2814 чал.), Аршанскім (звыш 1400 чал.), Сенненскім (каля 800 чал.), Чавускім (каля 500 чал.), Барысаўскім (звыш 400 чал.) паветах. Літоўцы, якія жылі ў сельскай мясцовасці Беларусі, займаліся земляробствам, было развіта ткацтва.

Перад Першай сусветнай вайной толькі на Усходзе Беларусі жыло каля 10 тыс. літоўцаў. У час вайны ў выніку міграцыі з этнічнай Літвы вырасла колькасць літоўцаў-гараджан. У 1919?1920 гг. існавала Літоўска-Беларуская ССР. Паводле перапісу 1926 г., літоўцаў у БССР было 6863 чал., 0,14 % насельніцтва, у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск). Літоўцы пражывалі ва ўсіх 12 акругах БССР. Да 65 % літоўскага насельніцтва жыло ў Мсціслаўскім, Дубровенскім, Лёзненскім, Чавускім, Крупскім, Барысаўскім, Сенненскім, Ушацкім, Полацкім раёнах (каля 100 чал. у кожным). Да калектывізацыі літоўцы насялялі больш за 50 асобных населеных пунктаў. У месцах кампактнага рассялення літоўцаў у 1920-1930-я гг. існавалі нацыянальныя калагасы (шэсць у 1934 г.). З 1928 г. да вясны 1939 г. існаваў Малькаўскі літоўскі нацыянальны сельсавет. Дзейнічалі нацыянальныя школа, сярод іх адзіная літоўская сярэдня школа ў БССР і СССР у в. Дыманова Віцебскага раёна (з 1934 г.) і няпоўная сярэдняя школа ў Малькаўскім сельсавеце. У 1928 г. у Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Мінску было адкрыта літоўскае аддзяленне. Для падрыхтоўкі настаўнікаў літоўскай мовы ствараліся спецыяльныя кароткатэрміновыя і пастаянныя курсы.

Пры ЦК КП(б)Б у 1926 г. было утворана Літоўскае бюро. З 1928 г. існавала літоўская секцыя Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменікаў (з 1932 г. Саюза пісьменнікаў БССР). У 1932  г. быў утвораны літоўскі сектар пры Беларускім дзяржаўным выдавецтве. У 1927?1937 гг. выдавалася газета «Raudonasis Artojas» («Чырвоны араты») – орган ЦК КП(б)Б. У 1928?1937 гг. Мінская радыёстанцыя трансліравала перадачы на літоўскай мове. У Мінску і Віцебску існавалі літоўскія рабочыя клубы.

З 1927 г. у Інбелкульце (з 1929 г - АН БССР) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 г. літоўскі сектар АН, з 1933 г. – Інстытут нацыянальных літоўскай і латышскай культур, з 1935 г. – літоўская секцыя Інстытута нацменшасцей АН БССР. У 1937?1939 гг. літоўскія нацыянальныя арганізацыі былі скасаваны. Былі ліквідаваны нацыянальныя калгасы і сельсавет, згорнута навукова-даследчая праца, закрыты нацыянальныя школы. Многія літоўцы, у першую чаргу інтэлігенцыя, былі рэпрэсаваны. Колькасць літоўскага насельніцтва ў БССР паменшылася да 5422 чалавек у 1937 г., што было на 20 % менш, чым у 1926 г.

У пасляваенны час з месцаў ранейшага кампактнага пражывання літоўскага насельніцтва ў Беларусі адбывалася міграцыя ў Літоўскую ССР (больш актыўна ў 1940?1950-я гг.), перасяленне ў буйныя паселішчы БССР (пераважна гарадскога тыпу). Разам з тым ішло перасяленне пэўнай колькасці літоўцаў з Літоўскай ССР у БССР (у асноўным у гарады). Астраўкі літоўскага насельніцтва засталіся ў Астравецкім, Воранаўскім і Браслаўскім раёнах, адзінкавыя ўкрапіны ў Мсціслаўскім і інш. раёнах БССР. У асобных мясцінах (в. Малькаўка і інш.) літоўская мова захоўвала свае камунікатыўныя функцыі, у некаторых месцах выкладалася ў школах (у 1957 г. у Астравецкім і Воранаўскім раёнах было створана 8 школ з выкладаннем літоўскай мовы).

Па дадзеных перапісаў у 1959 г. у БССР было літоўцаў 8363 чал., 0,1 %, 1970 г. – 8092 чал., 0,09 %, у 1979 г. – 6993 чал., 0,07 %, у 1989 г. – 7606 чал., 0,07 %.

У перыяд незалежнага існавання Рэспублікі Беларусь колькасць літоўскага насельніцтва краіны некалькі скарацілася, як за кошт дэпапуляцыі, так і за кошт асіміляцыі на карысць беларусаў ці палякаў. Так, калі ў 1999 г. у Беларусі пражывала 6387 літоўцаў, 0,06 %, то ў 2009 г. – 5087 чал., 0,05 %, а ў 2019 г. - 5287 чал., 0,05 %. Літоўскае насельніцтва па-ранейшаму кампактна пражывае пераважна ў Астравецкім і Воранаўскім раёнах Гродзенскай вобласці, а таксама ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. У 1995 г. было створана Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская абшчына літоўцаў». У в. Пяляса Воранаўскага раёна дзейнічае школ, дзе выкладанне вядзецца на літоўскай мове. Таксама ў Беларусі працуюць 8 нядзельных школ з паглыбленым вывучэннем літоўскай мовы і культуры. У в. Рымдзюны Астравецкага раёна з 2001 г. працуе Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі. У Беларусі ствараюцца літоўскія калектывы мастацкай самадзейнасці. Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакультурнага збліжэння, літоўскае насельнітва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.

Перапіс 2019 г. зафіксаваў пражыванне ў Беларусі 1534 латышоў, 0,02 % насельніцтва.

Этнакультурныя сувязі беларускага і латышскага народаў маюць даўнія трыдыцыі, асабліва ў пагранічных раёнах. На тэрыторыі, дзе жылі латгалы, знаходзіўся старажытны горад Герцыке (належаў Полацкаму княству), там існавалі групы ўсходнеславянскага насельніцтва. У ХІІІ ст. жыхары Полацкай зямлі разам з латгаламі і інш. плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, што ўварваліся ў Прыбалтыку. Перасяленне латышоў на ўсходнія і паўночна-ўсходнія беларускія землі пачалося ў XVIII ст. Найбольш інтэнсіўна працэс ішоў у 1860?1880-я гг.: у 1870 г. у Беларусі было 800?900 латышскіх перасяленцаў, у 1877–1883 гг. у Віцебскай губерні латышы складалі 51,5 % усіх перасяленцаў. Латышы асядалі і ўтваралі вёскі (Магілёўшчына), хутары і невялікія пасёлкі (Віцебшчына). У 1897 г. шматлікія групы латышоў жылі ў Віцебскім (каля 4 тыс. чал.), Полацкім (каля 1,7 тыс.), Аршанскім (да 3,7 тыс.) і Быхаўскім (каля 1 тыс. чал.) паветах. Пераважная большасць веруючых латышоў у Беларусі былі лютэранамі, частка – католікамі і праваслаўнымі.

У час Першай сусветнай вайны колькасць латышоў у Беларусі павялічылася (больш за 20 тыс. чал.), пасля Грамадзянскай вайны паменшылася. Паводле перапісу 1926 г., латышоў у БССР налічвалася 14 тыс. чал., 0,3 % насельніцтва. Асноўнымі заняткамі латышоў, якія жылі ў сельскай мясцовасці Беларусі, былі земляробства, жывёлагалоўля, было пашырана садаводства, развіты розныя віды промыслаў (піваварэнне), рамёстваў (пераважна ткацтва).

З улікам этнічнай спецыфікі праводзілася работа сярод латышскага насельніцтва ў БССР. У 1920-я гг. пры ЦК КП(б)Б існавала Латышскае бюро. Працавалі латышскія школы, рабочыя клубы (Віцебск), секцыі пры клубах, хаты-чытальні. Культурна-асветніцкай работай кіравала Латышская секцыя Народнага камісарыята асветы БССР. На латышскай мове выходзіла літаратура, Мінская радыёстанцыя штотыднёва трансліравала перадачы. У раёнах кампактнага пражывання латышскага насельніцтва ў 1920?1930-я гг. існавалі пяць нацыянальных латышскіх сельсаветаў (Быхаўскі, Лёзненскі, Глускі, Клімавіцкі, Ушацкі раёны). На іх тэрыторыях працавалі латышскія школы: 14 - у 1924 г., 21 - у 1929 г., 24 – у 1931–1932 гг., 22 - у 1934–1935 гг., 12 - у 1936 г.

У 1936–1938 гг. латышы сталі ахвярамі рэпрэсій супраць некарэнных народаў, чыя этнічная тэрыторыя межавала з СССР. Нацыянальна-культурная работа была згорнута. У 1930?1940-я гг. колькасць латышоў у Беларусі значна паменшылася. Пасля Вялікай Айчыннай вайны адбывалася міграцыя часткі латышоў з БССР у Латвійскую ССР, на тэрыторыі БССР ішло пастаяннае перасяленне пэўнай колькасці латышоў з Латвійскай ССР. З канца 1950-х гг. колькасць латышоў у БССР стабілізавалася: 2631 чал., 0,03 % ? у 1959 г., 2660 чал., 0,03 % ? у 1970 г., 2617 чал., 0,03 % ? у 1979 г., 2658 чал., 0,03 % ? 1989 г.

У перыяд незалежнага існавання Рэспублікі Беларусь дадзеныя перапісаў зафіксавалі паступовае скарачэнне колькасці латышоў у краіне. Так, калі ў 1999 г. у Беларусі пражывала 2239 латышоў, 0,02 %, то ў 2009 г. – 1549 чал., 0,02 %, а ў 2019 г. – 1534 чал., 0,02 %. З 1995 г. дзейнічае «Саюз латышоў Віцебскай вобласці «Даўгава», створаны шэраг нацыянальна-культурных таварыстваў, што займаюцца захаваннем латышскай мовы і культуры. Прадстаўнікі латышскай дыяспары ў Беларусі захоўваюць некаторыя этнічныя асаблівасці (мову, абрады, рэлігію і інш.).

Па звестках перапісу 2019 г. у Рэспубліцы Беларусь пражывала 3058 немцаў, 0,03 % насельніцтва краіны.

Першыя звесткі пра немцаў на беларускіх землях адносяцца яшчэ да раннефеадальнага перыяду і звязаны з дзейнасцю нямецкіх місіянераў, купцоў, а таксама з дынастычнымі шлюбамі прадстаўнікоў мясцовых княжацкіх родаў з нямецкімі арыстакраткамі. Пасля пачатку супрацьстаяння Полацкага княства з Лівонскім ордэнам на беларускіх землях з’явіліся і палонныя немцы. Аднак і ў той перыяд канструктыўны характар адносін меў месца, аб чым сведчыць заснаванне ў ХІІІ ст. нямецкай факторыі ў Полацку, якая праіснавала да першай паловы XVI ст. У ёй мелася нямецкая каталіцкая царква і нямецкі дамы, якія выкарыстоўваліся як для пражывання, так і для захоўвання тавараў. Нямецкая факторыя служыла пераважна нямецкім купцам з Рыгі, якія гандлявалі ў Полацку і з мясцовымі жыхарамі, і з гандлярамі з іншых краін.

Прыток немцаў на тэрыторыю Беларусі ўзмацніўся ў XIV ст. Адбывалася гэта пры непасрэдным садзейнічанні вялікага князя літоўскага Гедыміна (1316?1341), які заклікаў сяліцца на землях ВКЛ немцаў-рамеснікаў з ганзейскіх гарадоў Брэмен і Любек. Вядома, што невялікая група немцаў працавала ў дзяржаўных установах ВКЛ. Дакументы на ніжненямецкай мове змяшчаліся ў Метрыцы ВКЛ. У XVI ст. адбывалася перасяленне немцаў у Віцебск і Полацк. У ХVІ–ХVІІ стст. амаль у кожным горадзе ці мястэчку жылі невялікія групы немцаў (дактары, аптэкары). Аднак першыя немцы-мігранты даволі хутка асіміляваліся ў масе гарадскога насельніцтва. Чарговы этап у гісторыі немцаў у Беларусі пачаўся ў XVIII ст., калі каля 1790 г. на тэрыторыі Брэсцкага павета выхадцамі з Вюртэмберга былі заснаваны калоніі Нейброў і Нейдорф.

У ХІХ ст. колькасць немцаў у Беларусі павялічылася. Большая іх частка займалася сельскай гаспадаркай. Сярод немцаў-гараджан значная частка была занята на вайсковай і дзяржаўнай службе. Таксама немцы традыцыйна займаліся рамесніцтвам, сустракаліся сярод іх і фабрыканты, аптэкары, служачыя чыгункі, аканомы маёнткаў. Паводле перапісу 1897 г., больш за 10 тыс. немцаў жыло ў Гродзенскай губерні, пераважна ў раёне Беластока, больш за 7 тыс. – у Віцебскай губерні. Каля 4 тыс. і 1,8 тыс. адпаведна пражывала ў Мінскай і Магілёўскай губернях. У Мінску ў канцы ХІХ ст. немцы складалі каля 1 % насельніцтва. У 1908?1910 гг. адбывалася новая хваля перасялення немцаў з Валыні на Беларускае Палессе.

Большасць немцаў вызнавалі лютэранства. У Віцебску, Магілёве, Мінску, Полацку і Гродне былі пабудаваны лютэранскія кірхі. Пры іх існавалі прыходскія нямецкія школы.

У пачатку Першай сусветнай вайны многія немцы з Беларусі былі прымусова выселены ў глыб Расіі. Аднак пасля вайны большасць з іх вярнулася. У 1926 г. у БССР было 7075 немцаў, 0,14 % насельніцтва, з іх 3,5 тыс. чал. - у Мазырскай акрузе. З 1926 г. існавалі два нямецкія сельсаветы ў Нараўлянскім і Каралінскім раёнах, дзейнічалі нямецкія нацыянальныя школы. Аднак у канцы 1930-х гг. нацыянальна-культурная работа сярод немцаў была згорнута, у 1937 г. былі ліквідаваны нацыянальныя сельсаветы.

У 1940-я гг. у выніку міграцыі нямецкае насельніцтва ў Беларусі значна скарацілася. Аднак у пасляваенны час яно паступова аднаўлялася за кошт перасяленцаў з іншых рэгіёнаў СССР. Дадзеныя перапісаў засведчылі наступную дынаміку нямецкіх жыхароў у БССР: у 1959 г. – 1220 чал., 0,02 %, у 1970 г. – 1994 чал., 0,02 %, у 1979 г. – 2451 чал., 0,03 %, у 1989 г. – 3517 чал., 0,03 %.

На этапе суверэннага існавання Беларусі колькасць немцаў спачатку павялічылася да 4805 чал., 0,05 % у 1999 г., але затым зменшылася да 2474 чал., 0,03 % у 2009 г. Апошні працэс тлумачыўся ростам эміграцыі немцаў у Германію. У 2019 г. у Рэспубліцы Беларусь пражывала 3058 немцаў, 0,03 %, што сведчыць пра паступовае павелічэнне іх колькаці. Працяглы перыяд (1990–2005) пытаннямі этнакультурнага адраджэння немцаў Беларусі і наладжаваннем сувязей з гістарычнай радзімай займалася Таварыства немцаў Беларусі «Wiedergeburt» («Адраджэнне»). У наш час Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістраваны тры цэнтры нямецкай культуры ў Гомелі, Бабаруйску і Мінску, дзе працуе заснаваная ў 1997 г. «Беларуская суполка немцаў «Нямецкі дом». Таксама дзейнічае аб’яднанне нямецкай культуры «Масты», створанае ў 1994 г. Мэтамі гэтых арганізацый з’яўляюцца адраджэнне мовы і культуры немцаў у Беларусі, развіццё культурных сувязей паміж народамі.

Такім чынам, беларускія землі спрадвеку з’яўляліся поліэтнічным рэгіёнам, што тлумачыцца асаблівасцямі гістарычнага развіцця беларускіх тэрыторый. У наш час Рэспубліка Беларусь з’яўляецца пераважна монаэтнічнай дзяржавай, г.зн. дзяржавай, у структуры насельніцтва якой пераважае адна нацыя – беларусы. На тэрыторыі Беларусі таксама пражываюць прадстаўнікі каля 140 нацыянальнасцей. Дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь праводзяць паслядоўную палітыку забеспячэння аптымальных умоў для захавання і развіцця моў, культур, рэлігійных асаблівасцей нацыянальных меншасцей. У многім гэтаму садзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» ад 11 лістапада 1992 г. Ён накіраваны на стварэнне ўмоў для свабоднага развіцця культуры і захаванне традыцый нацыянальных меншасцей, а таксама на абарону іх правоў і законных інтарэсаў. Згодна з арт. 10 Закона «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» прадстаўнікам любой нацыянальнасці і этнічнай групы, што жывуць на тэрыторыі краіны, гарантавана права на развіццё сваёй культуры і мовы, на стварэнне нацыянальных школ, прадпрыемстваў, устаноў культуры (тэатраў, музеяў, выдавецтваў і інш.), аб’яднанняў, асацыяцый, культурна-асветніцкіх таварыстваў, культурных цэнтраў. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі прадстаўляе нацыянальным супольнасцям права і магчымасці для вывучэння роднай мовы, развіцця нацыянальнай культуры і традыцый. У цэлым, Канстытуцыя і заканадаўства Рэспублікі Беларусь прызнаюць існаванне нацыянальных меншасцей як складовай часткі народа Беларусі. Як бачым, беларускі народ выпрацаваў сваю асобую культуру ўзаемаадносін з жывучымі ў яго асяроддзі нацыянальнымі меншасцямі, заснаваную на прынцыпах добразычлівасці, згоды і ўзаеманай павагі.
Вы выканалі занятак на 0%
0%