1. Значэнне Гімна, Герба і Сцяга для дзяржаўнасці. Гістарычная сімволіка на беларускіх землях

Кожная краіна мае сімвалы, якія яе адзначаюць. Кожны чалавек мае прозвішча. Таксама і кожная краіна мае сваю назву, герб, сцяг і гімн. Гэтыя сімвалы праз стагоддзі звязваюць нас з нашымі продкамі. Гісторыя гэтых сімвалаў цесным чынам звязана з гісторыяй нашага народа, нашай краіны, кожнага з нас.

Сцяг – чатырохвугольнае радзей трох- ці шматвугольное палатно, звычайна шматкаляровае з простым, добра чытаемым малюнкам, які служыць знакам адрознення дзяржавы, арганізацыі, ваеннай часткі, карабля і інш. Звычайна сцяг вырабляюць (шыюць) з тканіны ў вялікай колькасці асобнікаў, але ў адпаведнасці з адным вызначаным узорам (эталонам).

Лічыцца, што сцяг у сучасным выглядзе з’явіўся ў старажытным Кітаі. Ужо ў    I ст. перад кітайскім імператарам насілі шаўковае палатно чатырохвугольнай формы, адным бокам прымацаванае да тронка. Падобныя сцягі з выявай мелі кітайскія ваенныя атрады. Лічыцца, што ў кітайцаў сцяг запазычылі арабы, але не выключана самастойнае вынаходніцтва. Паводле мусульманская міфалогі, прарок Мухамед у VI ст. стварыў свой першы сцяг, загадаўшы прымацаваць да тронка чорнае палатно, якое прыкрывала ўваход у шацёр. Пазней чорная тканіна была зменена зялёнай.

У час крыжовых паходаў XIXIII стст. заднееўрапейскія рыцары пазнаёміліся з усходняй традыцыяй выкарыстання сцягаў. У выніку аб’яднання з мясцовымі традыцыямі ўжывання падобных сімвалаў у Еўропе ўзніклі шматлікія разнавіднасці сцягаў. Ваенна-марская справа садзейнічала ўзнікненню дзяржаўнага сцяга. З 1599 г. памяранцава-бела-сіні трыкалор (колеры прынца Вільгельма Аранскага), які выкарыстоўваўся на караблях нідэрландскіх паўстанцаў супраць улад Іспаніі, афіцыйна быў абвешчаны дзяржаўным сцягам Аб’яднаных правінцый. Па галандскаму ўзору іншыя краіны пачалі выкарыстоўваць у якасці дзяржаўных розныя па паходжанні сцягі.

У Беларусі сцяг вядомы з часоў Сярэднявечча. У апісанні Грунвальдскай бітвы 1410 г. Я. Длугаш адзначаў, што ў войску ВКЛ 30 харугваў мелі выяву герба «Пагоня» на чырвоным полі, а 10 – выяву герба «Калюмны». На карціне «Аршанская бітва» (1514 г.), якая захоўваецца ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве, ёсць выявы белых флюгераў з намаляванымі чырвонымі крыжамі св. Георгія. У XVI ст. на вялікай харугве ВКЛ з шоўку была выява Багародзіцы. Харугвы ваяводстваў з выявай «Пагоні» мелі колеры: Берасцейскага і Новагародскага – чырвоны, Мсціслаўскага і Менскага – жоўты, Віцебскага – зялёны, Полацкага – белы. Існавалі павятовыя харугвы. Напрыклад, харугва Мазырскага павета была чырвонага колеру. Бела-чырвона-белы сцяг быў спраектаваны не раней Першай сусветнай вайны. Органы савецкай улады з 1917 г. выкарыстоўвалі сцяг чырвонага колеру. Дзяржаўны сцяг Беларускай ССР у сваёй аснове меў чырвонае палатно, на якім у розныя гады былі змешчаны надпісы «ССРБ», «БССР», серп і молат з пяціканцовай зоркай. Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь ў 1991 – 1995 гг. уяўляў бела-чырвона-белае палатно. У наш час дзяржаўны сцяг адпавядае ўзору, прынятаму на рэферэндуме 1995 г.

Герб (польск. herb ад нямецкага Erbe – спадчына) – эмблема, спадчынны знак адрознення; аб’яднанне постацей і прадметаў у адпаведнасці з рэгламентаванымі нормамі геральдыкі, якім надаецца сімвалічнае значэнне і якія выяўляюць гістарычныя традыцыі ўладальніка. Герб мае дзве асноўныя функцыірэпрэзентатыўную (выяўляе і малюе праз сімволіку гістарычныя абставіны свайго ўзнікнення, дзяржаву, зямлю, горад або чалавека) і распазнавальную (вылучае і падкрэслівае асаблівасць свайго ўладальніка).

У старажытных славян і іншых народаў папярэднікамі герба былі радавыя і сямейныя маёмасныя знакі (пазнакі, клеймы), якія ставілі на рэчы і прадметы. Феадальныя вярхі часоў Кіеўскай Русі выкарыстоўвалі двух- ці трызубцы. Трызубец з’яўляўся і радавым знакам полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча (канец X ст.). Першыя прыватныя гербы ўзніклі ў часы крыжовых паходаў, як апазнавальныя знакі рыцарства. У Беларусі гербы з’явіліся ў XIVXV стст., шырокае распаўсюджанне атрымалі пасля Гарадзельскай уніі 1413 г. Радавыя і асабістыя гербы сведчылі пра шляхецкае паходжанне пэўных родаў або людзей.

Адразу падкрэслім свае ўважлівыя адносіны да герба «Пагоня». Інакш немагчыма, па-першае, таму, што ён афіцыйна ўключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Па-другое, таму, што гэты герб, але пад сваёй назвай «Vytis», у якасці свайго дзяржаўнага герба выкарыстоўвае суседняя з намі Літоўская рэспубліка. Па-трэцяе, на працягу шэрагу гадоў, менавіта ў 1991–1995 гг. «Пагоня» з’яўлялася Дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь. Па-чацвертае, і зараз яна, у шматлікіх сваіх варыянтах, з’яўляецца афіцыйным сімвалам шэрагу беларускіх гарадоў, у прыватнасці Верхнядзвінска і Лепеля.

Аднак, гэта не можа перашкодзіць нам, задацца заканамерным пытаннем аб сапраўдным паходжанні «Пагоні».

В. Ластоўскі, як вядома, «узбагаціў» літоўскуя і беларускую геральдыку ўводзінамі ў навуковы зварот так званай «пячаткі Міндоўга», выдадзенай у яго «Кароткай гісторыі Беларусі» яшчэ ў 1910 г. З гэтай публікацыі атрымлівалася, што герб «Пагоня» – быццам бы аднагодак самога ВКЛ і з’явіўся ён на свет Божы не паздней 1263 г., калі Міндоўг, князь-заснавальнік гэтай дзяржавы, быў забіты. Высветлілася, аднак, што пячатка гэта датуецца на самой справе зусім не першай паловай XIII ст., а з’яўляецца фальсіфікатам пачатку XX ст. На жаль, нешта падобнае, відавочна, трэба адзначыць пра паходжанне т. зв. «пячаткі Гедыміна», выдадзенай М. Ермаловічам без якіх-небудзь каментарыяў.

На іх фоне выгадна вылучаюцца сваёй сапраўднасцю княжацкія пячаткі, якія сапраўды адносяцца да XIIIXIV стст., знойдзенныя падчас раскопак у Ноўгарадзе – булы Аляксандра Неўскага датуюцца 1236–1263 гг. Такім чынам, храналогія гэтых выяў коннікаў з мячом у руцэ, маючых як свецкі (з каронай на галаве), так і рэлігійны (з німбам) характар, сапраўды адпавядае часу княжання Міндоўга.

Да таго ж аказваецца, што ў родзе Аляксандра Неўскага змяшчаць на асабістых пячатках вызначаны аналаг герба «Пагоня» было трывалай перадаваемай з пакалення ў пакаленне традыцыяй. Упершыню на Русі такая пячатка пачала выкарыстоўвацца Мсціславам Мсціславічам Удалым, двойчы княжыўшым у Ноўгарадзе паміж 1210 і 1218 гг. Ён даводзіўся Аляксандру Неўскаму дзядзькам па маці. Сыны Аляксандра Неўскага, Дзмітрый, Андрэй, Данііл княжылі ў Ноўгарадзе, чаргуючыся и змяняючы адзін аднаго, з 1276 па 1304 г., а унук Юрый Данілавіч – у 1314–1322 гг. На іх пячатках мы бачым коннікаў не толькі з мячом, але і з дзідай, і нават з сокалам.

Такім чынам, да часу княжання ў ВКЛ Гедыміна ў 1316 г. на Русі больш за стагодзе існавала традыцыя выявы на княжацкая пячатцы вершніка. А між тым, паводле некаторых звестак, Гедымін абраў для сваей пячаткі іншы сімвал – Анёла, які не прыжыўся.

Дакладна невядома, якім сімвалам карыстаўся яго сын, вялікі князь літоўскі Альгерд. З пачатку XIX ст. услед за Т. Чацкім прынята лічыць, што менавіта на Альгердавай пячатцы 1336 г. існуе самая ранейшая выява «Пагоні». Аказалася, аднак, што гэта пячатка была знішчана да таго, як гэты даследчык мог з ёй пазнаёміцца. Э. Рымшай апублікаваны нават адпаведны малюнак XVIII ст., які паказвае, што ад гэтай пячаткі Альгерда ўжо тады заставалась толькі адна пустая абалонка. На месцы яе адбітка маецца красамоўны надпіс «vacuum pro vetustate», г. зн. «пуста з-за старасці». З Альгердам «Пагоню» можна звязаць толькі гіпатэтычна.

З другога боку, у родзе Аляксандра Неўскага вершнік з мячом у руцэ, наадварот, прыжыўся так грунтоўна, што «яздзец маскоўскі», г. зн. конны капійшчык, саступаў яму месца нават у XVI ст. Уражанне аб паходжанні «Пагоні» не з Літвы, а аднекуль з паўночна-усходняй ці паўднёва-заходняй Русі, г. зн. з рускіх або украінскіх, а не літоўскіх і беларускіх зямель, відавочна ўзмоцніцца, калі ўлічыць, якім менавіта гербам карыстаўся у 1301–1315 гг. Юрый Львовіч Галіцкі, які меў, як і яго дзед Данііл Раманавіч, каралеўскі тытул. На асабовым баку гэтай пячаткі меўся адпаведны лацінскі надпіс «sigillum domini georgi regis rusie» – літаральна «пячатка гасудара Георгія, караля Русі». Асноўнае адрозненне выявы вершніка з гэтай пячаткі ад «Пагоні» – эмблема на шчыце, дзе змяшчаўся галіцкі герб. Гэтай жа пячаткай карыстаўся таксама і ўнук Юрыя Львовіча, Юрый II Баляслаў Трайдзенавіч, які заняў галіцкі трон з 1325 г.

Больш цікава, аднак, што акрамя гэтых галіцкіх князёў коннай пячаткай са львом на шчыце карыстаўся, пачынаючы з 1382 г. таксама троцкі князь Скіргайла Альгердавіч, полацкі і кіеўскі князь.

Такім чынам, у пытанні паходжання герба «Пагоня» трэба улічваць і магчымы галіцкі ўплыў.

Нягледзячы на сваю папулярнасць, відавочна, не праўдзівая летапісная гербавая легенда з Віценем у галоўнай ролі. «У лета 6786 (1278) Віцен нача княжаці над Літвою, ізмыслі сабе герб і ўсяму княству Літоўскаму пячатку: рыцер збройны на кане з мячом, ежэ ныне нарічут «Пагоня», – сказана ў Густынскім летапісе. Аднак тут трэба прыняць да ўвагі той факт, што сам Свята-Троіцкі манастыр ва ўкраінскай Густыні недалёка ад Чарнігава, дзе потым быў напісаны гэты летапіс, быў заснаваны ў 1660 г. Невядомаму манаху-складальніку не дакладна быў вядомы час княжання Віценя, які прыходзіўся ў рычаіснасці на 1295–1316 гг. Таму выкажам здагадку, што і дэталі гэтага княжання ў яго пераказе будуць далёкія ад дакладнасці.

Ніхто і ніколі яшчэ не бачыў ніякай Віценевай пячаткі, у адрозненні ад пячатак Нарымунта і Лугвена. Пячаткі апошніх валодаюць відавочным падабенствам з т. зв. «коннымі пячаткамі» такіх жа служылых рускіх наўгародскіх князёў папэрэдняга перыяду.

Згодна з меркаваннем Г. Харашкевіч, апошнія маюць заходнееўрапейскія прататыпы. 13 красавіка 1204 г. крыжаносцы захапілі разрабавалі хрысціянскі Канстанцінопаль. На развалінах праваслаўнай Візантыі яны стварылі каталіцкую Лацінскую імперыю на чале з Бодуэнам, ці Балдуінам, графам Фландрыі. «Менавіта з Лацінскай імперыі і прыйшла на Русь, верагодна, іканаграфія конных пячатак, – сцвярджала Г. Харашкевіч, – Выкарыстанне яе Мсціславам Мсціславічам Удалым Галіцкім і Тарапецкім, які княжыў у Ноўгарадзе ў 1210–1215, 1216–1218 гг., а затым Усеваладам Юр’евічам, наўгародскім князем, у 1222 і 1224 гг. і нарэшце, Аляксандрам Неўскім аблягчалася кантактамі з краінамі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, якія даўно выкарыстоўвалі конныя пячаткі. Відаць, можна азначыць ланцужок: фландрскія графы, лацінскія імператары з Фландрыі і наўгародскія князі, – па якім распаўсюджвалася адрозная ад астатніх краін Еўропы выява вершніка з паднятым мячом».

Вядома, хацелася б працягнуць адзначаны ланцужок шляхам уключэння ў яго двух служылых наўгародскіх князёў-Гедымінавічаў, а пасля і іх бліжэйшых родзічаў у ВКЛ. Аднак паходжанне старажытнарускіх «конных пячатак» было хутчэй за ўсё, зусім не такім адназначным. Узыходзячы ў канчатковым рахунку да тых жа заходнееўрапейскіх прататыпаў пачатку XI ст., яны маглі патрапіць на Русь абмінаючы лацінскі Канстанцінопаль, напрыклад, праз Польшу. Даследчыкі паходжання герба «Пагоня» ужо даўно звярнулі ўвагу на манеты Баляслава II Смелага, ці Шчодрага, кіраваўшага ў 1076–1079 гг. На рэверсе яго «каралеўскага» дынарыя, адчаканенага у 1076 г., ён у выглядзе вершніка, які меў шчыт і дзіду з вымпелам на ёй. Пазней, у XIIIXIV стст. «pieczecie konny» з вымпеламі на дзідах мелі блізкія суседзі Літвы, князі мазавецкія. Усе яны паходзілі ад роднага брата Баляслава Смелага, наступнага караля Польшы Уладіслава I, а Тройдзен I Мазавецкі даводзіўся зяцем Юрыю Львовічу Галіцкаму. Пячатка зяця і цесця выяўляюць стылістычнае падабенства, таму апошнюю варта адносіць, відавочна, не да адзначанага Г. Харашкевіч фламандскага ланцужку, а да пястаўскага, ідучага ад самога Баляслава II.

Гэты кароль у свой час зацята, але беспаспяхова змагаўся з князямі Памор’я. У XIIIXIV стст. нашчадкі апошніх германізаваліся, што адбілася таксама і на выкарыстоўваемых імі пячатках. На іх мы бачым таксама рыцара-сцяганосца ў поўным узбраенні і з гербам на шчыце. Кідаецца ў вочы, што дадзены сюжэт як бы скапіраваны з германскага герба першапачаткова славянскага горада Шверына, герба, які адносіўся яшчэ да XII ст. Генрых Леў, герцаг Баварыі і Саксоніі (каля 1129–1195 гг.), у 1160 г. ператварыў гэта пасяленне ў нямецкі горад і як заснавальнік дараваў яму ў якасці герба выяву на асабістай пячатцы. Такім чынам, das Reiterwaappen – літаральна «герб вершніка» – быў у распараджэнні гэтага нямецкага герцага амаль на паўстагодзе раней, чым фландрскі граф, на якого спасылаецца Г. Харашкевіч, змог стаць ў Канстанцінопалі імператарам Балдуінам. Пасля Генрыха Льва ў XIIIXIV стст. «конная пячатка» выкарыстоўвалася у Балтыйскім рэгіёне і іншымі ўладальнымі князямі.

Балтыйскі рэгіён мог падаць Ноўгараду ніяк не менш прататыпаў конных пячатак, чым Лацінская імперыя дзесьці далёка на Басфоры. Адносіны Русі з гэтай дзяржавай, як вядома, не складваліся. Рускі гандаль, які імкнуўся да Канстанцінопаля, перамясціўся на заходнія рынкі. З другога боку, добра вядомы разнастайныя сувязі Ноўгарада з паўднёва-заходняй часткай Прыбалтыкі, з XIII ст. ганзейскай, а перад тым – славянскай.

Супраць прапанаванай Г. Харашкевіч «канстанцінопальскай» версіі паходжання коннай пячаткі Аляксандра Неўскага працуюць яе асабістыя аргументы. Даследчыца падкрэслівала, што шырока распаўсюдзіўшыся ў Еўропе, пачынаючы з XI ст. выява вершніка была асаблівасцю пячаткі не імператара ці караля, а васальна залежных ад іх князёў, герцагаў, пфальцграфаў, графаў і інш. Такія ўладары ўзнікаўшых падчас феадальнага драблення палітычных утварэнняў XI?XIII стст. мелі патрэбу ў адпаведных сімвалах. Адным з іх стала выява вершніка, увасабляўшага і вайсковую доблесць і дасканалую службу свайму сюзерэну, і некаторую волю ўладальніка пячаткі.

Ужыванне коннай пячаткі Аляксандрам Неўскім падкрэслівала яго «рангавую» роўнасць з манархамі Заходняй, Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы, уводзіла ў шматлікаю сям’ю незалежных кіраўнікоў невялікіх дзяржаўных утварэнняў.

Зразумела, што аналагічнай магчымасцю наўрад ці грэбавалі таксама шматлікія нашчадкі Гедыміна. Як і на Аляксандравай пячатцы, вершнік з паднятым мячом, але без шчыта быў выкананы таксама і на знакамітай пячатцы Вітаўта, прыкладзенай да акта Крэўскай уніі. У свой час гэта пячатка была датавана менавіта 1385 г. Такая ж вузкая даціроўка часам прыпісваецца ёй і ў наш час. На думку А. Цітова, пасля Крэўскай уніі па загаду Вітаўта была зроблена пячатка з агульнадзяржаўным гербам.

Аднак у самім акце Крэўскай уніі «Божай міласцю вялікі князь літоўскі, Русі гаспадар і спадчыннік народжаны» – гэта тытул Ягайлы, а не Вітаўта. Вітаўт згадваецца тут побач з некаторымі літоўскімі князямі – Скіргайлам, Карыбутам, Лугвенем, чыімі пячаткамі замацаваны дадзены акт. Меркаваны А. Цітовым высокі статус адной з гэтых удзельна-княжацкіх пячатак аспрэчваецца нават яе ўласнай легендай. Яна абвяшчае: SIGILVM WITAWT DVCIS TRACKEN, г. зн. «пячатка Вітаўта, князя троцкага». Для гэтай пячаткі Вітаўтам быў выкарыстаны тытул аднаго з удзельных князёў, а не вялікага князя літоўскага, і ўжо ў сілу гэтага на нейкі агульнадзяржаўны статус прэтэндаваць яна не можа.

Сапраўдная дата Вітаўтавай пячаткі была выяўлена польскім даследчыкам       М. Гумоўскім. Пячатка была выраблена не па выпадку падпісання Крэўскага акта, а ў сувязі з іншымі драматычнымі падзеямі. Як вядома, у 1382 г., пасля забойства яго бацькі Кейстута, Вітаўт здолеў збегчы з палону Ягайлы і знайсці выратаванне ў крыжакоў у Прусіі. 30 студзеня 1384 г. у Кёнігсбегу ім быў падпісаны дакумент, якім ён аддаваў сябе пад апеку Ордэна. Да гэтай дамовы і была прымацавана пячатка, якая нас цікавіць. Наступная пячатка Вітаўта з’явілася ў 1389 г., а страта ім Троцкага княства адбылася ў 1389 г., і пасля гэтай даты існаванне дадзенай пячаткі было пазбаўлена падстаў.

Як вядома, адначасова з гэтай удзельнай троцкай пячаткай выкарыстоўвалася і «каралеўская» літоўская конная пячатка, якая належала Ягайле. У адпаведнасці з яго тагачасным вялікакняжацкім тытулам, згаданым у акце Крэўскай уніі, легенда на гэтай пячатцы абвяшчае: JAGAL DEY GRACIA REX LETTOW («Ягайла, Божай міласцю кароль Літвы»). Паводле М. Гумоўскага, ужывалася гэта пячатка да 1386 г.

У 1381 г. Ягайла аддаў Полацк свайму брату і паплечніку Скіргайле Альгердавічу, але палачане з ганьбай выправадзілі яго з горада, пасадзіўшы на старую клячу, узяўшы клятву ніколі да іх не вяртацца. Скіргайла выкарыстоўваў герб «Пагоня» са львом на шчыце, які меў замежнае паходжанне. Гэта падкрэсліваецца ўзбраеннем на пячатцы. Як пісаў Ю. Бохан, на вершніку характэрныя для другай паловы XIV ст. даспехі. На другой пячатцы Скіргайлы, датаванай 1394 г., выява вершніка ў аднолькавых рыцарскіх даспехах, але на шчыце ў яго не леў, а шасціканцовы, ці падвойны крыж.

Асобныя аўтары меркавалі, што паходжанне гэтай эмблемы не замежнае, а спрадвечна беларускае. Знакаміты напрастольны крыж, вядомы як крыж святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай, быў зроблены майстрам Лазарам Богшай у 1161 г. Праз яшчэ два стагоддзі падобны па абрысах крыж апынуўся на пячатцы літоўскага князя, якой Скіргайла карыстаўся у час свайго другога, больш працяглага княжання ў Полацку (1387–1397 гг.). Не выпадкова давялося абвясціць «еўфрасіньеўскім» крыж не Скіргайлы, а такі ж крыж Ягайлы, хоць апошні асабліва з Полацкам ніколі не быў звязаны. Паводле У. Антановіча, Скіргайла сімпатызаваў рускаму насельніцтву і клапаціўся пра праваслаўныя святыні.

М. Белямук паспрабаваў абгрунтаваць сваю версію паходжання падвойнага крыжа на шчыце «Пагоні» наступным чынам: Ягайла, ўзяўшы за эмблему «еўфрасіньеўскі» крыж, падкрэсліваў высакароднасць свайго рода праз сваяцтва з полацкай княжацкай дынастыяй і старажытнасць свайго рода, якія не маглі аспрэчыць палякі.

Аднак у канцы XIV ст., да часоў Крэўскай уніі, які-небудзь міжнародны аўтарытэт полацкай галіны Рурыкавічаў і памяць пра яе згасла нават на Русі, не кажучы ўжо пра суседнюю Польшчу. Яшчэ ў пачатку XIII ст. гэта дынастыя страціла нават свой стольны горад, калі ў 1222 г. там увакняжыўся Святаслаў Мсціславіч Смаленскі. У межах першай паловы XIII ст. радавод полацкіх князёў абарваўся. Такім чынам, Ягайле, заняўшаму польскі пасад пад імем Уладзіслава II, не было ніякага сэнсу звязваць сябе з адной са згаслых дынастый папярэдняй эпохі. Крыж гэты радавой эмблемай полацкіх князёў XXIII вв. ніколі не быў. Нашчадкі Уладзіміра і Рагнеды карысталіся рознымі варыянтамі т. зв. знака Рурыкавічаў. Такі трызубец звязваецца, напрыклад, з Брачыславам Ізяславічам Полацкім, бацькам знакамітага Усяслава Чарадзея.

Нягледзячы на гэтыя агульнавядомыя факты, аб «еўфрасіньеўскім» паходжанні шасціканцовага крыжа на «Пагоні» Ягайлы згадваецца не толькі ў эмігранцкай, але таксама і ў нашай айчыннай літаратуры. Падобнага памылковага меркавання прытрымліваўся, у прыватнасці, вядомы археолаг М. Ткачоў.

Па меркаваннях вядомага літоўскага геральдыста Э. Рымшы, няма якіх-небудзь падстаў звязваць крыж Ягайлы з шасціканцовым «рускім». Але пры гэтым падвойны крыж ім разглядаецца ў якасці эмблемы не толькі самога Ягайлы і яго нашчадкаў Ягелонаў, але таксама некаторых яго братоў – Альгердавічаў. На думку Э. Рымшы, гэты падвойны крыж у «Пагоні» ўпершыню з’явіўся на каралеўскай пячатцы Ягайлы ў 1386 г. Адначасова Вітаўт пачаў выкарыстоўваць «слупы Гедыміна», ці «Калюмны», якія ператварыліся ў такую ж дынастычную эмблему Кейстутавічаў.

Сапраўды, пасля каранацыі Ягайлы яго любы брат і верны саюзнік Скіргайла замяніў на сваёй пячатцы папярэдняга льва на падвойны крыж. Далей, калі на Вітаўтавых пячатках з цяжкасцю заўважаны малюсенькі роўнаканцовы «грэчаскі» крыжык, то на каралеўская пячатцы Ягайлы хрысціянскіх атрыбутаў некалькі. Так, над гербам ВКЛ прасцёр свае крылы анёл, а пад конскімі капытамі, адпаведна, апынуўся зрынуты змей. Гэты герб сімвалізуе подзвіг Ягайлы у імя веры, здзейснены ім у Літве, якая была ахрышчана ў 1387 г.

Ё. Ілгунас спасылаўся нават, што свой шасціканцовы, г. зн. патрыяршы, крыж Ягайла атрымаў ад папы рымскага, як знак апосталькага вікарыя Жамойці і Літвы. Але гэты ж аўтар сцвярджаў, што Ягайла карыстаўся гэтым крыжам, каб спадабацца жонцы, каралеве Ядзвізе.

Каралева Ядзвіга даводзілася ўнучатай пляменніцай польскаму каралю Казіміру Вялікаму, была дачкой і спадчынніцай караля Польшчы і Венгрыі Людовіка (Лаяша) I Анжуйскага, таксама празванага Вялікім. Адным з яго ўчынкаў было аднаўленне ў венгерскім дзяржаўным гербе эмблемы патрыяршага, ці венгерскага, крыжа, які прысутнічае на ім і ў наступны час. З’яўленне гэтага крыжа ў Венгрыі звязана з імем караля Іштвана I, які кіраваў у пачатку XI ст., зрабіўшага ў сваёй краіне хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй. За гэта пасля смерці ён быў кананізаваны пад імем Святога Стэфана, і яшчэ пры жыцці атрымаў ад папы рымскага тытул апостала, як потым Ягайла.

Акрамя венгерскай галіны Анжуйскай дынастыі такі крыж ў Сярэдневеччы шырока выкарыстоўваўся таксама яе латарынгскай галіной. У герцагстве Латарынгія на ўсходзе Францыі ён з пачатку X ст. умацаваўся пад назвай «Croix de Anjou і Croix de Lorraine» – анжуйскі крыж і латарынгскі крыж. Асабліва шырока ён выкарыстоўваўся там напрыканцы XIVXV стст., г. зн. як раз у часы Ягайлы. Зрэшты, эмблема гэта трывала захоўваецца ў геральдыцы Латарынгіі і Францыі да нашага часу, адным з прыкладаў чаго з’яўляецца, у прыватнасці, герб горада Сен-Дьё де Вагез. Нарэшце, падвойны крыж прысутнічаў і прысутнічае па-ранейшаму ў сімволіцы знакамітага ордэна тампліераў.

Такім чынам, варта, прызнаць відавочнае. Па сваіх гістарычных крыніцах эмблема на шчыце «Пагоні» беларускаму народу аказалася не менш чужой, чым цалкам гэты герб, апасродкаваны літоўскай княжацкай сімволікай, якая ўзыходзіць да заходееўрапейскіх рыцарскіх Reiterwappens. Не дзіўна таму, што па паходжанні не беларускай аказалася нават сама назва гэтага герба. Бо «Рogos» тэрмін польскі, ужыты да герба ВКЛ толькі ў 1551 г. польскім храністам Марцінам Бельскім.

Адзін з «бацькоў» сучаснай гістарычнай навукі Л. Ранке абвясціў яе крэда: задача гісторыка ў тым, каб высветліць «як гэта было на самой справе (wie es eigentlich gewesen sein)». У нашы дні адзін з беларускіх гісторыкаў Г. Сагановіч дэкларуе, што яго задача складаецца ў адваротным – у стварэнні міфаў. «Распрацоўка нацыянальнага бачання мінулага звязана са стварэннем націянальных міфаў – маркераў, якія аддзяляюць карэнную нацыю ад іншых». У Беларусі адным з «нацыянальных», дакладней нацыяналістычных, міфаў, да якога таксама прыклаў руку Г. Сагановіч, з’яўляецца быццам бы старажытнасць бела-чырвона-белага сцяга.

У «Хроніцы» Я. Длугаша, у якой утрымліваецца дакладнае і падрабязнае апісанне вялікай бітвы пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 г., існуе спецыяльная частка «Пералік атрадаў, сцягаў і гербаў каралеўства і мужоў, якія удзельнічалі ў Прускай вайне», у якой падрабязна апісаны баявыя харугвы 51 атрада пад камандаваннем Уладзіслава ІІ Ягайлы і 40 пад кіраваннемм Вітаўта. Ні з адной з іх бела-чырвона-белы сцяг супастаўляцца ніяк не можа. Верагодна, таксама таму яго дэбют спрабавалі прымеркаваць да бітвы на рацэ Крапіўне каля Оршы, якая адбылася 8 верасня 1514 г.

«Праз некалькі год, – пішуць У. Арлоў і Г. Сагановіч, – невядомым мастаком было створана батальнае палатно, на якім намаляваны адзін з эпізодаў сечы. На карціне, якая захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве можна ўбачыць бела-чырвона-белыя сцяжкі беларускіх ваяроў». Цікава, як шмат розных фактычных памылак магчыма змясціць ў адным абзацы. Па-першае, карціна гэта напісана алеем на дошцы, а не палатне. Па-другое, на ёй захаваны не адзін, а некалькі эпізодаў. Напрыклад, польска-літоўскі галоўнакамандуючы князь Канстанцін Астрожскі намаляваны тут двойчы, г. зн. у розныя моманты бітвы. Па-трэцяе, тут сапраўды можна бачыць таксама і сцяг «беларускіх ваяроў», але не бела-чырвона-белы. Побач з К. Астрожскім раздзімаецца яго блакітная гетманская харугва. Па словах польскага храніста М. Стрыйкоўскага, у войску К. Астрожскага тады было 25 тыс. ваяроў, з ВКЛ толькі 16 тыс., астатнія ? палякі пад камандай Януша Свярчэўскага і Войцеха Сампалінскага. Паглыблены паэпізодны аналіз карціны выявіў наяўнасць выяў трохвугольных белых значкоў з чырвонымі крыжамі, галоўным чынам у наёмных венгерскіх гусар. Аднак з такімі ж значкамі з чырвонымі крыжамі Святога Георгія намаляваны таксама атакуючыя цяжкаўзброенныя польскія рыцары В. Сампалінскага. Легкая польская конніца, таксама маючая гэтыя значкі з чырвонымі крыжамі, ідзе ў атаку пад чырвонай харугвай з белым арлом.

Ю. Бохан у сваёй рабоце, якая таксама падрабязна спыняецца на рыштунку і ўзбраенні, у тым ліку гусарскім, выкананым на той жа самай карціне, не згадвае аб іх. На аснове «Бітвы пад Оршай» з Варшаўскага музея ім была зроблена рэканструкція ўзброеннага венгерскага гусара, ці «раца», пачатку XVI ст. Узбраенне, гэта ўключала, згодна з Ю. Боханам, «лёгкую дзіду з вымпелам, на якой змешчаны крыж Святого Георгія». Зрэшты, па яго заўвазе, дзіды з падобнымі вымпеламі ўжываліся і раней, у сярэдневечную рыцарскую эпоху. Такая дзіда паказана, напрыклад, на одной з пячатак князя Скіргайлы.

«Хроніка Еўрапейскай Сармаціі», напісаная Аляксандрам Гваньіні, які шмат гадоў правёў на польска-літоўскай ваеннай службе, сведчыць, што вялікая харугва ВКЛ была з чырвонай «кітайкі» шоўку і мела з абодвух бакоў белыя выявы, на адным – Дзева Марыя з немаўлём Ісусам у сонцы (німбе), на другім – герба «Пагоні». Харугвы чырвонага колеру, згодна А. Гваньіні, былі ў Новагародскага і Полацкага ваяводстваў, «памяранцавага» – у Мсціслаўскага, зялёнага – у Віцебскага, блакітнага – Берасцейскага. Свае колеры гэтыя харугвы захавалі аж да канца XVIII ст., г. зн. пакуль працягваля існаваць само ВКЛ. Такая сітуацыя захоўвалася відаць таксама на працягу наступнага XIX ст. М. Ткачоў, які спрабаваў неяк абгрунтаваць выкарыстанне ў 1863 г. бела-чырвона-белага сцяга ўдзельнікамі паўстання В.К. Каліноўскага, вымушаны быў заўважыць, што дакументы аб гэтым пакуль маўчаць.

Вы выканалі занятак на 0%
0%