Сацыяльна-эканамічная мадэль сучаснай Беларусі
1. Перадумовы фарміравання беларуская мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця.
У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. усе былыя саюзныя рэспублікі знаходзіліся ў глыбокім эканамічным крызісе. Спробы выхаду з яго і пераходу да рыначных адносін, якія, на думку тагачасных рэфарматараў маглі выправіць эканамічную сітуацыю, пачаліся яшчэ падчас знаходжання Беларусі ў складзе СССР. Справа ў тым, што складовай часткай палітыкі перабудовы 1985-1991 гг. з’яўлялася эканамічная рэформа. Сутнасць, яе была ў пашырэнні самастойнасці прадпрыемстваў, перавод іх на поўны гаспадарчы разлік, самафінансаванне, пашырэнне кааперавання, развіццё арэндных адносін, гаспадарчага самакіравання і інш.
Але нават падчас палітыкі перабудовы ўлады імкнуліся зрабіць так, каб эканомікай поўнасцю працягвала кіраваць дзяржава – грамадству была прапанавана мадэль рэгулюемага рынку. Яна дапускала спалучэнне плана і рынку і была зафіксавана ў пастанове Вярхоўнага Савета СССР «Аб канцэпцыі пераходу да рэгулюемай рыначнай эканомікі ў СССР» у чэрвені 1990 г. Пераход да рэгулюемай рыначнай эканомікі планавалася пачаць з 1991 г.
13 кастрычніка 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову «Аб пераходзе БССР да рыначнай эканомікі», якой была зацверджана адпаведная праграма, распрацаваная Саветам Міністраў БССР.
Праграма пераходу да рыначных адносін прадугледжвала:
1) раздзяржаўленне, прыватызацыю, дэманапалізацыю і развіццё канкурэцыі;
2) стварэнне банкаўскай сістэмы, бюджэтнага і падатковага механізмаў, сістэмы цэнаўтварэння;
3) стварэнне рыначнай інфраструктуры – рынку тавараў, капіталу, паслуг, працоўнай сілы і г. д.;
4) сацыяльную абарону насельніцтва ва ўмовах пераходу да рынку;
5) пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Апошні пункт быў асабліва важны, паколькі пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС рабілася праблемай самой Беларусі: пасля распаду СССР грошы на ліквідацыю наступстаў аварыі з саюзнага бюджэту перасталі паступаць. На гэтыя мэты прадугледжвалася выдаткаваць каля 16 % бюджэту Рэспублікі Беларусь.
Асноўнымі прыцыпамі беларускай праграмы было гарантаванне свабоды прадпрамальніцтва, свабода эканамічнага выбару, свабоднае цэнаўтварэнне, максімальная адкрытасць рыначнай сістэмы Беларусі, суверэннае права распрацоўваць і ажыццяўляць свае законы і нарматыўна-прававыя акты. Але рэзкае павышэнне цэн у красавіку 1991 г., забастоўкі працоўных і значныя палітычныя падзеі, якія адбываліся на працягу 1991 г. не дазволілі рэалізаваць гэтую праграму.
Ускладняла рэфармаванне і адсутнасць заканадаўства па шмат якіх пытаннях эканамічнага жыцця. Але распрацоўвалася ўласная заканадаўчая база. У 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон аб уласнасці ў Беларусі, які прадугледжваў наяўнасць прыватнай, калектыўнай і дзяржаўнай уласнасці, у 1991 г. - Закон «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы», у 1993 г. – Закон «Аб праве ўласнасці на зямлю», які таксама прадугледжваў наяўнасць у краіне прыватнай, калектыўнай і дзяржаўнай форм уласнасці.
Аднак рэфарміраванне эканомікі адбывалася не так хутка, як планавалася, у выніку чаго ў 1991-1993 гг. у краіне рэзка абвастрыўся эканамічны крызіс. У пэўнай ступені ён быў абумоўлены пераходным працэсам да новай сістэмы гаспадарання, структурнай перабудовы эканомікі, усталяваннем новых эканамічных сявязей. У Савецкім Саюзе Беларусь выконвала ролю так званага «зборачнага цэху»: тут завяршаўся цыкл многіх галін прамысловай вытворчасці. З распадам СССР парушыўся адзіны эканамічны механізм, мэтанакіравана створаны саюзным урадам; спынілася вытворчасць на некаторых прадпрыемствах, у фінансавай сферы панавала гіперінфляцыя.
Былі прадпрыняты спробы вырашаць гаспадарчыя пытанні і на міжнародным узроўні. Напрыклад, у кастрычніку 1991 г. паміж Расіяй, Беларуссю, Арменіяй, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Туркменістанам, Узбекістанам, Украінай, Малдовай і Азербайджанам быў падпісаны дагавор аб адзінай эканамічнай прасторы. Ён прадугледжваў правядзенне ўзгодненай палітыкі ў галінах транспарту, энергетыкі, інфармацыі, развіцця прадпрымальніцтва, фінансаў, падаткаў і цэнаў, грашовай і банкаўскай сістэм, мытных правіл і тарыфаў і інш.
Асаблівасцю гаспадарчага развіцця Беларусі ў пачатку 1990-х гг. было тое, што эканоміка краіны была дастаткова моцнай і крызісныя з’явы тут праявіліся пазней, чым у іншых рэспубліках СССР. У 1990 г. выдаткі дзяржавы на сацыяльна-культурныя мерапрыемсствы поўнасцю кампенсаваліся прыбыткамі, якія перавышалі выдаткі на 2,6 %. Практычна адсутнічалі беспрацоўе і інфляцыя. У 1991-1992 гг. паводле індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусь займала 40-е месца сярод 174 краін свету і адносілася да групы краін з яго высокім узроўнем.
Апошнім пяцігадовым планам развіцця народнай гаспадаркі БССР быў дванаццаты па ліку план на 1986-1990 гг. Праўда, ён не выконваўся, і на лічбы, зафіксаваныя ў ім ніхто не звяртаў увагі. Менавіта на гэты час прыпаў першы этап эканамічнай рэформы – перавод прадпрыемстваў на гападарчы разлік і самафінансаванне. Але пераход да рыначных адносін адбываўся ў Беларусі ў многім стыхійна, без адпаведнай прававой рэгламентацыі. Пачалося раздзяржаўленне (прыватызацыя) – перадача матэрыяльных аб’ектаў з дзяржаўнай уласнасці ў прыватную.
Паступова фармавалася ўласная заканадаўчая база эканамічнай сферы. Былі прыняты Законы «Аб прадпрымальніцтве», «Аб прадпрыемствах», «Аб эканамічнай неплацёжаздольнасці і банкруцтве» і інш. Але пры змене формы ўласнасці, пры прыватызацыі некаторых прадпрыемстваў адбывалася шмат парушэнняў, рабавалася дзяржаўная маёмасць на карысць невялікай кучкі блізкіх да ўлады людзей, працавалі карупцыйныя схемы.
У 1992 г. выразна праявіліся праблемы ў грашова-фінансавай сферы: працягваючы выкарыстоўваць расійскі рубель у якасці плацежнага сродку, Беларусь трапіла ў поўную залежнасць ад эканамічнай сітуацыі ў Расійскай Федэрацыі. Каб абараніць сваю эканоміку і спажывецкі рынак, у Беларусі ў студзені 1992 г. была ўведзена купонная сістэма разліку пры набыцці тавараў, а ў чэрвені 1992 г. у якасці асноўнага плацёжнага сродку нашай краіны ў абарачэнні з’явіліся разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. У 1994 г. яны былі аб’яўлены адзіным плацёжным сродкам на тэрыторыі краіны. Фарміраванне ўласнай фінансава-крэдытнай сістэмы Беларусі набыло незваротны характар.
Прамысловасць у гэты час працавала нездавальняюча. Многія беларускія прадпрыемствы былі вымушаны пераарыентавацца з выпуску прадукцыі, якую раней выраблялі для ВПК, на выторчасць тавараў народнага спажывання. Нягледзячы на тое, што практычна ўсе гіганты беларускай індустрыі працягвалі выпускаць прамысловую прадукцыю, яны не заўсёды мелі магчымасці для яе рэалізацыі і збыту. Прынцыповай праблемай, якая пагражала эканамічнай бяспецы Беларусі, стала пастаяннае нарастанне знешняй запазычанасці. Прычым гэтая запазычанасць Беларусі расла як у адносінах да заходніх крэдытораў, так і ў адносінах да Расійскай Федэрацыі.
Цяжкае становішча ў сферы матэрыяльнай вытворчасці негатыўна адбілася на сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі ўвогуле. У сувязі з гэтым 30 верасня 1994 г. Вярхоўны Савет Беларусі прыняў Праграму неадкладных мер па выхаду эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу, прапанаваную Прэзідэнтам А.Р. Лукашэнкам. З аднаго боку, гэтая Праграма была дастаткова радыкальная: яна прадугледжвала лібералізацыю цэнаўтварэння, аслабленне падаткаў, прыватызацыю, а з другога – жорсткі кантроль за прыватнай гаспадарчай дзейнасцю. Эканамічнай стратэгіяй краіны быў абвешчаны «рыначны сацыялізм», а спосабам рашэння задач – дысцыпліна на ўсіх узроўнях вытворчасці.
Праграма прадугледжвала таксама аздараўленне фінансавай і грашова-крэдытнай сістэм, нармалізацыю знешнеэканамічных адносін, стабілізацыю нацыянальнай валюты, сацыяльную падтрымку найменш абароненых пластоў насельніцтва, узмацненне дзяржаўнага рэгулявання ў эканоміцы, што павінна было прывесці да спынення спаду вытворчасці. Рэалізацыя праграмы дазволіла ў 1994-1995 гг. у пэўнай ступені зменшыць узровень інфляцыі, знізіць дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту, затармазіць падзенне ўзроўню жыцця народа, прыпыніць абвальны спад вытворчасці.
У другой палове 1990-х гг. было заяўлена, што Беларусь у гаспадарчым развіцці пераходзіць да мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, якая павінна будавацца на прынцыпах канстытуцыйных гарантый асабістых правоў і свабодаў грамадзян, свабоды прадпрымальніцтва, выбару прафесіі і месца працы, роўнасці ўсіх форм уласнасці, гарантыі яе недатыкальнасці і выкарыстання ў інтарэсах асобы і грамадства, забеспячэння ўзаемасувязі дабрабыту работніка і выніку яго працы, сацыяльнай абароны непрацаздольных і іншых сацыяльна няўстойлівых слаёў насельніцтва, сацыяльнага партнёрства (паміж дзяржавай, прафсаюзамі і саюзамі прадпрымальнікаў). Сацыяльная арыентацыя рыначнай эканомікі дазваляла, на думку стваральнікаў беларускай эканамічнай мадэлі, з аднаго боку, захаваць сацыяльныя гарантыі для людзей, а з другога, выкарыстоўваць рыначныя механізмы для павышэння эфектыўнасці эканамічнай сістэмы, яе ўспрымальнасці да навукова-тэхнічнага прагрэсу. Дэкларавалася, што, ствараючы ўмовы для рыначнай эканомікі, дзяржава ў сваёй эканамічнай палітыцы будзе імкнуцца да дасягнення такіх прынцыповых мэтаў, як рост дабрабыту народа, высокая ступень занятасці, спрыяльнае для жыцця навакольнае асяроддзе.
У 1996 г. была распрацавана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2010 г.
Мэтай гэтай праграмы стала пабудова сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі на аснове:
- шырокага ўдзелу дзяржавы ў кіраванні эканомікай;
- задавальнення сацыяльных запатрабаванняў у галіне аховы здароўя, культуры, адукацыі;
- прыпынення прыватызацыі;
- адмовы ад ліквідацыі калгасаў;
- адмовы ад фарсіраваных тэмпаў пераходу да фермерскага гаспадарання ў вёсцы і інш.
У якасці галоўных задач вылучаліся рост экспарту беларускіх тавараў, будаўніцтва жылля для жыхароў горада і вёскі і інш.
Штуршком для пэўнай стабілізацыі эканомікі паслужыла падпісанне вясной 1996 г. Б.М. Ельцыным і А.Р. Лукашэнкам пагаднення «Аб задавальненні ўзаемных прэтэнзій Беларусі і Расіі». Згодна з дакументам, беларускія пазыкі за энерганосьбіты ў памеры 1,4 млрд долараў ЗША былі спісаныя, і краіны перайшлі да так званага «нулявога варыянта». Аднак пры выкананні праграмных палажэнняў былі заўважаны некаторыя негатыўныя фактары. У першую чаргу, гэта аднабаковая прывязка эканомікі Беларусі да расійскай эканомікі. Пасля жнівеньскага 1998 г. дэфолту (фінансавага абвалу) у Расіі, зменшыліся тэмпы эканамічнага развіцця і ў Беларусі.
Разам з тым, у канцы 1990-х гг. эканамічная сітуацыя ў краіне параўнальна з папярэднім перыядам, стабілізавалася, а ў 2005 г. упершыню ўзнік прафіцыт бюджэту.
Выкладзеннымі раней абставінамі прадвызначаюцца асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі. Яе найважнымі адметнымі рысамі з’яўляюцца:
- моцная і эфектыўная дзяржаўная ўлада. Толькі такая ўлада, аказвае рэгулюючае ўздзеянне на эканоміку, здольна забяспечыць яе дынамічнае развіццё, а значыць і паслядоўнае павышэнне ўзроўню жыцця, дасягненне высокага стандарту дабрабыту грамадзян, зацвярджэнне сацыяльнай справядлівасці, грамадскага парадку і палітычнай стабільнасці;
- забеспячэнне раўнапраўя і эфектыўнага функцыянавання прыватнага і дзяржаўнага сектараў эканомікі. Гэта азначае, што кожны з іх павінен займаць адпаведнае месца ў структуры нацыянальнальнай эканомікі і служыць интарэсам грамадства. Ва ўмовах рыначных адносін прыватны сектар можа і павінен развівацца, уносячы свой уклад у нацыянальны дабрабыт. Дзяржаўны сектар неабходны там, дзе прыватнаму сектару не магчыма рашэнне эканамічных задач. На кожным этапе развіцця краіны суадносіны паміж прыватным і дзяржаўным сектарам эканомікі могуць быць рознымі і могуць змяняцца;
- падыход да раздзяржаўлення эканомікі (прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці) не як самамэты, а як сродку павышэння эфектыўнасці гаспадарання, канкурэнтаздольнасці і прыбытковасці эканомікі. Прыватызацыя павінна адбывацца ў адпаведнасці з інтарэсамі грамадства, галіны, прадпрыемства, чалавека працы;
- шматвектарнасць знешнеэканамічнай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Гэта – найважнейшы прынцып спрыяльнага існавання і функцыянавання краіна ва ўмовах глабалізацыі мірагаспадарчых сувязей. Цяпер эканоміка любой краіны не можа паспяхова развівацца без яе уключэння у міжнародныя эканаічныя працэсы. Таму Беларусь, развівае інтэграцыйныя сувязі з Расіяй і іншымі краінамі СНД, адначасова павінна забяспечваць сваю прысутнасць у тых краінах і рэгіёнах свету, у такіх міжнародных экамічных арганізацыях, дзе гэта эканамічна выгадна, адпавядае яе нацыянальным інтарэсам;
- моцная сацыяльная палітыка. Неабходнасць павышанай увагі сацыяльным аспектам жыццядзейнасці грамадства прама выцякае з канстытуцыйнага артыкула аб тым, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сацыяльнай дзяржавай. Гэта прадвызначае абавязак інстытутаў дзяржавы клапаціцца аб забеспячэнні годнага існавання усіх грамадзян, не падрываючы пры гэтым стымулаў для поўнага праяўлення імі сваіх здольнасцей. Аднак неабходнасць ажыццяўлення моцнай сацыяльнай палітыкі дыктуецца і патрабаваннямі развіцця самой эканомікі, умовай якога з’яўляецца наяўнасць фізічна здаровых, высокаадукаваных, прафесійна падрыхтаваных і творча думаючых работнікаў. Таму распрацоўка і ажыццяўленне дзяржавай праграм у галіне адукацыі, аховы здароўя, фізкультуры і спорту, аховы мацярынства і дзяцінства, аховы сталага насельніцтва і малазабяспечаных катэгорый членаў грамадства цяпер з’яўляецца адной з адметных асаблівасцей беларускай эканамічнай мадэлі.