Беларусь у геапалітычнай прасторы
1. Геапалітычны фактар фарміравання беларускай дзяржаўнасці.
27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў складзе Савецкай Федэрацыі. 25–26 жніўня 1991 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», а таксама пастанову аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР. 19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон аб назве Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца «Рэспубліка Беларусь», а ў скарочаных назвах «Беларусь». 8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы кіраўнікі Расіі, Беларусі і Украіны (Б. Ельцын, С. Шушкевіч, Л. Краўчук), ігнаруючы волю сваіх народаў, якая была выказана на агульнасаюзным рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г., дэнансавалі дагавор 1922 г. аб утварэнні СССР і тым самым знішчылі вялікую і магутную дзяржаву. Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне.
Пасля распаду СССР Рэспубліка Беларусь зрабілася правамоцным суб’ектам сусветнай супольнасці і пачалося прызнанне краіны як суверэннай дзяржавы. Былі падпісаны з сумежнымі дзяржавамі дагаворы аб граніцы. Кіраўніцтва афіцыйна заявіла аб тым, што Рэспубліка Беларусь не мае тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў – Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. Пачаў фарміравацца ўласны міжнародны шлях і знешняя палітыка Беларусі. Краіна праводзіць самастойны палітычны курс, развівае супрацоўніцтва з саюзнікамі і партнерамі, удзельнічае ў інтэграцыйных структурах і праектах.
Вядучым органам, які ажыццяўляе знешнепалітычную дзейнасць дзяржавы, з’яўляецца Міністэрства замежных спраў (МЗС) Рэспублікі Беларусь.
Фарміраванне дыпламатычнай службы ў Беларусі пачалося ў 1919 г., калі быў створаны камісарыят замежных спраў ССРБ. Першым яго кіраўніком стаў камісар па замежных справах У.С. Фальский. Першая дыпламатычная місія была адкрыта ў г. Масква ў 1921 г., а ў Мінску адкрылася расійскае консульства. Тады ж было зацверджана Палажэнне аб Народным камісарыяце па замежных справах. Яго ўзначаліў А.Р. Чарвякоў. Народны камісарыят па замежным справам БССР у 1923 г. быў рэарганізаваны ва упраўленне Упаўнаважанага НКЗС СССР пры СНК БССР. У 1944 г. было прынята рашэнне адрадзіць наркаматы замежных спраў у дзвюх саюзных рэспубліках – Беларускай і Украінскай ССР. Як вынік - у 1944 г. быў створаны Народны камісарыят замежных спраў (НКЗС) БССР. У 1946 г. ён быў ператвораны ў Міністэрства замежных спраў. У снежні 1998 г. на аснове МЗС, Міністэрства знешнеэканамічных сувязей і апарата Міністэрства па справах СНД было створана адзінае Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, галоўнымі задачамі якога сталі каардынацыя знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці дзяржавы, а таксама развіццё гандлёва-эканамічных сувязей Беларусі з замежнымі дзяржавамі. Зараз у сістэму МЗС уваходзяць цэнтральны апарат, дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы за мяжой, а таксама Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн».
У 1992 г. для падрыхтоўкі беларускіх дыпламатычных кадраў створана кафедра міжнародных адносін пры БДУ. Затым у кастрычніку 1995 г. – факультэт міжнародных адносін.
У Рэспублікі Беларусь усталяваны дыпламатычныя адносіны са 183 краінамі свету. Па стане на 2022 г. сетка замежных устаноў налічвае 71 дыпмісію (57 пасольстваў, 2 прадстаўніцтвы, 11 генеральных консульств, 1 консульства). Асноўныя прынцыпы, мэты і задачы знешняй палітыкі замацаваны ў Законе «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь» (14 лістапада 2005 г.).
У адпаведнасці з Законам, знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь грунтуецца на наступных прынцыпах:
- захаванне агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права;
- суразмернасць знешнепалітычных мэтаў палітыка-дыпламатычнага, эканамічнага, абароннага, навукова-тэхнічнага, інтэлектуальнага патэнцыялу дзяржавы, забеспячэнне іх рэалізацыі для ўмацавання міжнародных пазіцый Рэспублікі Беларусь і яе міжнароднага аўтарытэту;
- павышэнне эфектыўнасці палітычных, прававых, знешнеэканамічных і іншых інструментаў абароны дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і яе нацыянальнай эканомікі ва ўмовах глабалізацыі;
- развіццё на аснове агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права ўсебаковага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі, узаемны ўлік і захаванне інтарэсаў усіх членаў міжнароднай супольнасці;
- добраахвотнасць уваходжання і ўдзелу ў міжнародных арганізацыях і міждзяржаўных утварэннях;
- прыхільнасць да палітыкі паслядоўнай дэмілітарызацыі міжнародных адносін;
- адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій да сумежным дзяржавам, непрызнанне тэрытарыяльных прэтэнзій да Рэспублікі Беларусь.
Стратэгічнымі мэтамі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца: абарона дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь; абарона правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў.
Асноўнымі задачамі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца:
- садзейнічанне пабудове стабільнага, справядлівага, дэмакратычнага светапарадку, які базіруецца на агульнапрызнаных прынцыпах міжнароднага права;
- раўнапраўная інтэграцыя Рэспублікі Беларусь у сусветную палітычную, эканамічную, навуковую, культурную і інфармацыйную прастору;
- стварэнне спрыяльных знешнепалітычных і знешнеэканамічных умоў для павышэння ўзроўню дабрабыту народа, развіцця палітычнага, эканамічнага, інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу дзяржавы;
- фарміраванне добрасуседскіх адносін з сумежнымі дзяржавамі;
- забеспячэнне абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь за межамі Рэспублікі Беларусь;
- садзейнічанне рэалізацыі нацыянальных, культурных і іншых правоў і законных інтарэсаў беларусаў замежжа;
- садзейнічанне ўмацаванню міжнароднай бяспекі, нераспаўсюджванню зброі масавага знішчэння і кантролю над узбраеннем;
- пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, аховы навакольнага асяроддзя, у інфармацыйнай і гуманітарнай сферах;
- прыцягненне знешніх інтэлектуальных і навуковых рэсурсаў у інтарэсах адукацыйнага, навуковага і культурнага развіцця Рэспублікі Беларусь;
- удзел у міжнародным супрацоўніцтве ў галіне заахвочвання і абароны правоў чалавека.
Прынцыпы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь былі замацаваны ў Канстытуцыі краіны. У артыкуле 18 гаворыцца: «Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права».